Даходнае месца

Прыёмныя пункты райпо па вул. Вакзальнай (здымак уверсе) і жылкамунгаса па вул. Чкалава (здымак унізе).

Выкананне задання па нарыхтоўцы  другасных матэрыяльных рэсурсаў аналізавалася на пазачарговым пасяджэнні  раённага выканаўчага камітэта ў мінулы панядзелак. Што маем?

За тры кварталы гэтага года  ў раёне сабрана 669 тон другасных матэрыяльных рэсурсаў – 41 працэнт ад задання. У разрэзе асобных відаў карціна наступная: нарыхтавана 30 працэнтаў макулатуры, 57– шкла, 25 – палімераў, 62 працэнты – шын, 19 – бытавой тэхнікі, 66 – адпрацаванага масла. Падчас месячніка, які праходзіў  з 5 верасня па 5 кастрычніка, сабрана 14 тон паперы і кардону, каля 3 тон шкла, 3,88 – палімераў.
Намеснік  старшыні райвыканкама Сяргей Юшкевіч паведаміў, што з 59 арганізацый  выканалі заданне па  нарыхтоўцы другаснай сыравіны ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, кансервавы, малочны заводы, райаграсэрвіс, завод «Металапластмас», КСУП «Ліпнянка», РАНС, Ганчароўскі, Начаўскі, Востраўскі, Навасёлкаўскі сельвыканкамы, КУП «Кінавідэапракат».
Каля 20 арганізацый справіліся з заданнем менш чым на 60 працэнтаў. А, напрыклад,  райпо дагэтуль так і не пачало збор адходаў бытавой тэхнікі.
Рашэннем райвыканкама  работа КСУП «Востраў-Агра», «Тальмінавічы», ЗТАА «БелДан»,  ЗАТ «Белпрампрыбор»,  ільнонасенстанцыі,  камунгаса, ПМК-13 і ПМК-17, ДТСААФ, абласной бальніцы «Крывошын», райветстанцыі па   выкананні даведзеных заданняў па зборы другаснай сыравіны  прызнана недастатковай. Іх кіраўнікі абавязаны прыцягнуць да дысцыплінарнай  адказнасці адказных службовых асоб. Аддзел эканомікі райвыканкама будзе хадайнічаць перад вышэйстаячай арганізацыяй аб прыцягненні старшыні райпо Васілія Некрашэвіча да дысцыплінарнай адказнасці за невыкананне даведзеных заданняў па зборы другаснай сыравіны. Да 15 снежня літаральна ўсе аб’екты гаспадарання абавязаны  выканаць заданні па зборы і здачы другаснай сыравіны.
Не зразумелая пазіцыя тых кіраўнікоў, якія не могуць забяспечыць выкананне задання ў калектывах, аргументуючы адказам: а дзе ўзяць? Чамусьці вучань-пачатковец ведае дзе і  з гонарам нясе ў суправаджэнні бацькоў кіпу старых газет і сшыткаў, каб не падвесці клас у школьным  спаборніцтве па здачы макулатуры…
Сабраць другасныя рэсурсы – адзін бок праблемы. Але ёсць і другі, не менш важны – яе захоўванне і перапрацоўка. Тут таксама нямала пытанняў. У раёне асноўныя аператары па зборы другасных рэсурсаў – камунгас і райпо. Уся сістэма збору прадстаўлена  трыма стацыянарнымі нарыхтоўчымі пунктамі, адным перасоўным і 75-цю гандлёвымі аб’ектамі ў сельскіх населеных пунктах. У нарыхтоўчым пункце райпо па вуліцы Вакзальнай у райцэнтры сабралася вялікая колькасць другаснай сыравіны. Усё параскідана, старая бытавая тэхніка захоўваецца разам з металаломам. Гэты вэрхал намеснік  старшыні праўлення райпо  Уладзімір Шырэй патлумачыў: не працуе прэс. Але, напэўна, у такім развале вінавата элементарная бесгаспадарчасць.
Не менш «маляўнічая» карціна і ў жылкамунгасаўскім пункце па вуліцы Чкалава.
На балансе ЖКГ адзін палігон цвёрдых бытавых адходаў і 9 міні-палігонаў.  Прадэманстраваныя на пасяджэнні райвыканкама здымкі сведчаць: на большасці аб’ектаў беспарадак. Куды глядзіць  райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя?  Яе супрацоўнікі за прайшоўшы перыяд абмежаваліся складаннем 13 адміністрацыйных пратаколаў. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч так ахарактарызаваў  работу жылкамунгаса і прыродаахоўнай службы: адны робяць выгляд, што працуюць,  другія – што інспектуюць…
Прагучаў і такі факт: на палігонах у Свяціцы, Бенькаўцах, Тальмінавічах другасная сыравіна і ўвогуле  не адсартоўваецца.  А ў якасці станоўчага прыкладу названы міні-палігоны ў Пашкоўцах, Зарытаве, Лабузах.
Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *