Рэальна спрыяльна і прадпрымальна

Малы бізнес упэўнена заявіў пра сябе ў розных сферах жыцця, усё больш рашуча бярэ на сябе сацыяльную адказнасць, актыўна ўдзельнічае ў сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў. І дзяржава  ідзе насустрач, падтрымлівае бізнес-супольнасць, стварае для прадпрымальніцтва спрыяльныя ўмовы. Галоўнае патрабаванне да ўсіх суб’ектаў гас-падарання рознай формы ўласнасці – працаваць добрасумленна. Апошнім часам прыняты шэраг заканадаўчых актаў, якія ўключылі перад бізнесам зялёнае святло.  Удасканальваецца парадак ліцэнзавання, скарачаецца колькасць праверак прадпрымальнікаў. На разгляд Прэзідэнта краіны вынесены  праект Дэкрэта «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Што чакаюць ад усіх гэтых змяненняў нашы землякі?
Таццяна КАЦУБА, намеснік старшыні   райвыканкама:
– Напачатку жніўня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка  даручыў ураду дапрацаваць пакет дакументаў, накіраваных на стымуляванне дзелавой актыўнасці. За гэты час прыняты шматлікія заканадаўчыя акты, кожны з іх ужо мае шырокі рэзананс і, бясспрэчна, паспрыяе развіццю прадпрымальніцтва.
Летась Ляхавіцкі раён быў прызнаны лепшым раёнам (з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек) для бізнесу на Брэстчыне. Такі статус не толькі ганаровы, але і абавязвае не спыняцца на дасягнутым. Малы бізнес запатрабаваны і актыўна развіваецца. На Ляхавіччыне зарэгістравана 415 індывідуальных прадпрымальнікаў і 135 юрыдычных асоб мікра- і малога бізнесу. У гэтай сферы працуе каля 20 працэнтаў ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы раёна. Сярод найбольш паспяховых – заводы «Металапластмас» і «Інтэрлак», «Трансэлектракамплект», «Ібіра», гандлёвы дом «Уладзімір» і фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс», «Ляхавічыдрэў». Сёлета зарэгістраваны 4 новыя прыватныя прадпрыемствы: ТАА «НПЦ «Белбіязім» (вытворчасць разнастайных біялагічных дабавак для корму свойскай жывёле), ТАА «Медлітэкспарт» (аказанне паслуг па суправаджэнні экспарту і імпарту тавараў у Кітай і з Кітая), ТАА «Ляхавіцкая вербачка» (вырошчванне і перапрацоўка вярбы на паліва, якое дае мала адходаў, мае добрую цеплааддачу, па кошце таннейшае за звычайныя дровы) з польскім капіталам; ТАА «Лавацерагандаль» (міжнародныя перавозкі і рознічны гандаль).
Кіраўніцтва раёна надае важнае значэнне развіццю малога бізнесу, праводзіць традыцыйныя дзелавыя сустрэчы з прадпрымальнікамі: сёлета такая запланавана на лістапад.
Работа раённай улады па  стварэнні спрыяльнага  клімату для развіцця прадпры-мальніцтва накіравана і на прыцягненне ў раён замежных і мясцовых інвестараў. Хацелася б большай актыўнасці ад саміх бізнесменаў.
10 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ «Аб Савеце па развіцці  прадпрымальніцтва». У ім, у тым ліку, прадугледжваецца павышэнне ролі такога органа і за кошт надзялення яго шэрагам дадатковых паўнамоцтваў. Савет зможа напрамую ўносіць прапановы па ўдасканаленні заканадаўства, якія будуць абавязковымі для разгляду, у  Міністэрства эканомікі ці ўрад. Адпаведна свае прапановы ў рэспубліканскі орган будуць уносіць саветы, што дзейнічаюць на месцах. У Ляхавіцкім раёне савет па прадпрымальніцтве створаны 5 гадоў назад.
Канешне, развіццю сваёй справы і самазанятасці паспрыяе і ўступленне ў сілу ўказа, што пашырае пералік відаў эканамічнай дзейнасці, якімі грамадзяне могуць займацца без рэгістрацыі ІП пры абавязковай аплаце адзінага падатку. Нагадаю, што да іх цяпер адносяцца продаж на рынках хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў уласнай вытворчасці; прадастаўленне дамоў, кватэр, дач для кароткачасовага пражывання; рамонт абутку, гадзіннікаў, мяккай мэблі, настройка музычных інструментаў; распілоўка і колка дроў; пашыў адзення, абутку; рамонтныя работы ўнутры памяшканняў і іншае. Для заняткаў гэтымі відамі дзейнасці дастаткова будзе падаць уведамленне ў райвыканкам праз службу «Адно акно».
Анатолій ЖАБІК,
начальнік упраўлення па рабоце  з плацельшчыкамі па Ляхавіцкім раёне   ІМПЗ па Баранавіцкім раёне:
– Чвэрць штомесячных паступленняў у райбюджэт ідзе ад прадпрыемстваў малога бізнесу і ІП.
Хачу спыніцца на падатковых прэферэнцыях, накіраваных на развіццё прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці (пералік населеных пунктаў зацвярджае абласны Савет дэпутатаў), прадугледжаных Указам № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання», які ўступіць у сілу з 1 студзеня будучага года. Прадпрымальнікі, якія займаюцца рознічным гандлем і грамадскім харчаваннем, вызваляюцца ад падатку на дабаўлены кошт. Сродкі ад рэалізацыі тавараў, работ ці паслуг абкладаюцца 6-працэнтным падаткам на прыбытак.
Стаўка адзінага падатку для ІП складае базавую велічыню ў месяц. Акрамя таго, у перыяд з 1 студзеня 2018 года па 31 снежня 2022 года ад падатку на нерухомасць вызваляюцца будынкі ў сельскай мясцовасці, якія з’яўляюцца аб’ектамі грамадскага харчавання ці бытавога абслугоўвання, а зямельныя ўчасткі пад гэтымі будынкамі – ад зямельнага падатку.
Шырокія магчымасці атрымалі грамадзяне, якія пажадалі займацца сваёй справай без рэгістрацыі ІП. Афармляецца гэта па заяўным прынцыпе. Заплаціўшы адзіны падатак, можна спакойна працаваць.
Прадказальная і стабільная сітуацыя ў падатковай сферы – важная частка праграмы развіцця прадпрымальніцтва.
Аляксандр ПАНФІЛА,  прадпрымальнік:
– Я ўжо не першы дзясятак гадоў у прыватнай справе. Раней было шмат  праверак –   падатковых, супрацьпажарных, санітарных  і г. д., што перашкаджала, адцягвала ўвагу ад галоўных клопатаў. Многае змянілася і працягвае  мяняцца ў лепшы бок.
Канешне, сачу за новаўвядзеннямі ў заканадаўстве ў дачыненні малога бізнесу. Змяненні, што плануюцца ў бліжэйшай перспектыве, бясспрэчна, заслугоўваюць увагі. Адкрыць сваю справу сёння значна прасцей, чым калісьці.
Для тых, хто займаецца бізнесам, важны і такі момант: зацвярджэнне адзіных патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных, у галіне аховы навакольнага асяроддзя – усе яны будуць  сістэматызаваны і скарочаны.
Гэта пра агульнае. Ёсць і тое, што хвалюе асабіста як гаспадара аграсядзібы «Медуніца». Яшчэ зусім нядаўна ў нашай дзейнасці існаваў шэраг адміністрацыйных бар’ераў – своеасаблівы тормаз у развіцці аграбізнесу. Сёння нам дадзена права аказваць шэраг дадатковых паслуг, што толькі на карысць і патэнцыяльным кліентам, і ўладальнікам аграсядзіб. Тым больш, агратурызм –
гэта не толькі магчымасць прэзентаваць нашу краіну, у тым ліку перад замежнымі гасцямі, развіццё турызму, а і магчымасць ствараць новыя працоўныя месцы.
Прадпрымальніцтва – гэта вялікая і сур’ёзная работа. Вельмі важна адчуваць падтрымку, тады і справа ладзіцца, і не знікае настрой на развіццё.
Запісала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *