Люблю тэатр. Магчымасць датыкнуцца да гэтага віду мастацтва з’явілася ў ляхавічан. Але пра ўсё па парадку…

На што здольны чалавек? У чым яго сіла, у чым слабасць? І што хаваецца ў падмурках яго душы? Такія пытанні не прэтэндуюць на хуткі і дакладны  адказ і, здаецца, не для гэтага ўзнімаюцца. Яны ўзрушваюць, прымушаюць выйсці на шчыры дыялог з самім сабой (пагадзіцеся, быць адкрытым з людзьмі адно, з сабой – справа іншая і цяжэйшая). Убачыць не толькі знешні бок людскіх грахоў, а паглыбіцца, разабрацца, у чым жа парадокс і сутнасць складанай чалавечай натуры. І чаму, калі лёс чарговы раз вымушае прайсці  выпрабаванні, чалавек знаходзіць менавіта такое выйсце, выбірае такі шлях вырашэння праблемы … На гэтыя і многія іншыя пытанні шукалі адказы героі пастаноўкі «Антось Лата»,  якую прапанаваў ляхавіцкай публіцы тэатральны калектыў гарадскога Дома культуры.

Дарэчы, аднайменная п’еса беларускага класіка Якуба Коласа, па матывах якой пастаўлены спектакль, не растыражаваная, у тым ліку і ў плане пастаноўкі, у рукі рэжысёраў мясцовага тэатра трапіла ў выглядзе адсканіраваных старонак таксама з рэдкага зборніка пісьменніка. Гэта да слова. А галоўнае, як адзначаюць самадзейныя акцёры, каб гэты неверагодны твор закрануў, зацікавіў, прыцягнуў увагу многіх людзей, знайшоў водгукі ў іх сэрцах і, магчыма, стаў для многіх нагодай змяніць штосьці ў сваім жыцці.
Выбар п’есы невыпадковы. Прайшло стагоддзе з таго часу, калі твор убачыў свет. Да таго ж, сёлета 3 лістапада споўніцца 135 гадоў з дня нараджэння аўтара –  любімага многімі пакаленнямі беларусаў класіка Якуба Коласа.
…Звычайны непрыбраны шынок – абавязковы атрыбут таго часу, што вельмі дакладна, натуральна апісвае даўнюю сялянскую паўсядзённасць мяжы стагоддзяў.  У ім гаспадарыць Лэя, ролю якой выконвала Алена Ушко.
Гледачоў сустракаюць маладыя сяляне Габрусь і Рыгор (іх каларытна сыгралі Аляксандр Кляўцэвіч і Юрый Мішчук). І ўсё гарманічна ў гэтым трыа. Чаму трыа? Пакрыўджаныя лёсам хлопцы, дома ж нелады, жонка хварэе, нядоімкі сплаціць трэба, на душы цяжка. А яна, радзімая, што ў бутэльцы, адна выслухае, ні ў чым не абвінаваціць і не здрадзіць…
Здаецца, усё так арганічна ў гэтай карціне: вось і на душы лягчэй становіцца, і песню ўжо хочацца зацягнуць, і не так пагана, як было пару чарак назад. Але, па законе жанру, ёсць той, каму да гармоніі справы няма. Адпаведна, вы чакаеце таго «цвярозага» выратавальніка, які зменіць сітуацыю. І ён прысутнічае, але ад цвярозасці, на жаль, засталіся адныя ўспаміны.
Галоўны герой Антось Лата – той, хто дзень за днём перажывае алкагольнае пекла. Пекла па большай частцы нават і не ад ужывання – ён разумее, што праклятая ўсё больш аддаляе яго ад жыцця, а зрабіць нічога не можа. І не дрэнны ж чалавек, цікавы, з творчай натурай, схільны да самааналізу, але ўсё цьмянее, знікае ў імгненне. Чалавек становіцца зусім іншым, калі атручвае сябе алкаголем. Гэту біпалярнасць, дуалізм чалавечай натуры ўдалося ўвасобіць акцёру і па сумяшчальніцтве рэжысёру Міхасю Стрыжову. Як жа таленавіта ён змог паказаць усіх «чарцей» (дарэчы, яны таксама былі ўвасоблены), што прыжыліся ў душы небаракі, асобасны канфлікт… Канфлікт зламанага жыццёвымі абставінамі чалавека, які знайшоў выйсце са складанай сітуацыі ў чарцы. Пачыналася яго жыццё шматабяцальна, а стала нікчэмным, пустым.
У нейкі момант перастаеш разумець, што адбываецца: ці гэта рэальнасць, ці гэта сон, куды кліча Антось, што ён хоча сказаць, да чаго падводзіць. Але ў гэтым і сэнс: вар’яцтва, крыкі, неразбярыха,  што пануюць на сцэне, і ёсць тая балячка, што гадамі ныла і толькі зараз вырвалася наверх. Хворая душа героя…
У рэжысёраў Міхася Стрыжова і Арцёма Бадака атрымалася, на мой погляд, данесці гледачам коласаўскую ідэю. З’яўленне на сцэне ачалавечаных п’янства і цвярозасці, якіх сыгралі Кацярына Ярашэвіч і Аліна Гатоўчыц, рэалістычна паказаныя людская згуба, каварства, спакуса, падман, што крок за крокам знішчаюць людское ў асобе, выклікалі ў гледачоў каскад эмоцый. Ад развіцця дзеянняў, часам абсурднасці, што адбывалася на сцэне, хацелася ведаць: а далей…далей што? Хіба не здолее чалавек перасіліць сябе? Але на тое яна і трагікамедыя: жыццё любіць, каб яго бераглі.
Нібы крык душы, што доўга цярпела і толькі цяпер здолела прызнацца ў слабасці, гучалі з вуснаў галоўнага героя вельмі моцныя словы:
– Ты адбірала ў мяне маё сэрца, наліваючы вантробы мае гэтаю атрутаю… Будзь ты праклята! На вечныя векі праклінаю цябе, чортава служка!..
Словы-перасцярога, словы-папярэджанне. Дзеянне п’есы можна перанесці ў любы час – яе актуальнасць застанецца. У гэтым і заключаецца вялікая сіла мастацтва, якое не павінна адказваць на пытанні, але ўзнімаць іх, даваць нагоду задумацца.
– Публіка не толькі глядзіць п’есу, але і прымае непасрэдны ўдзел у ёй. Пастаноўка павінна захапіць, не пакінуць абыякавым ніводнага гледача, прымусіць думаць. Спадзяемся, што людзі выходзяць са спектакля з  думкамі, у добрым сэнсе азадачаныя і не з пустым сэрцам, – разважаюць рэжысёры.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара
P.S. Хацелася б, каб гэты калектыў хутчэй заявіў пра сябе не толькі спектаклямі, але і назвай.

Некалькі слоў    пра самадзейны калектыў

Ідэяй стварыць тэатральны калектыў на Ляхавіччыне загарэўся рэжысёр Міхась Стрыжоў. Ён доўгі час быў кіраўніком баранавіцкага тэатра «Эксперимент». Прызнаецца, што наш раён багаты на таленты, таму лёгка знайшоў аднадумцаў. Разам з Арцёмам Бадаком паставілі некалькі спектакляў на базе гімназіі, там таксама дзейнічае свой школьны тэатр. Атрымалася, людзі зацікавіліся. Цяпер выйшлі на іншы ўзровень. Працуюць з думкай, што раёну тэатральны калектыў проста неабходны.   У яго ўваходзяць навучэнцы каледжа і гімназіі. Але трапіць сюды можа кожны, незалежна ад узросту, галоўнае –  талент.

Ёсць сцэнарый, акцёрскі састаў, цікавая рэжысёрская задумка – гэта толькі адна частка спектакля. Важна таксама стварыць адпаведную атмасферу, перадаць настрой. А гэта дзякуючы гукавому і светлавому афармленням, што знаходзяцца ў прафесійных руках Сяргея Вечара і Уладзіміра Коктыша. Між іншым, музычны матэрыял пераважна напісаны баранавіцкім  кампазітарам Фёдарам Жыляком.

Прэм’ера спектакля «Антось Лата» адбылася ў лютым гэтага года, калі  тэатральная каманда ГДК прапанавала яго для ўдзелу ў  фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральнае Палессе», што адбудзецца ў Івацэвічах. На яго, ужо ў якасці канкурсантаў, паедуць нашы землякі напрыканцы лістапада. І хоць яшчэ гэту пастаноўку чакае многа паказаў, поўным ходам ідзе распрацоўка новага спектакля. Рабочая назва –  «Аз есмь тварь». Як абяцаюць рэжысёры, гледачы акунуцца ў свет фантазіі і містыкі.

Думкі ўслых

Паказ спектакля «Антось Лата», на якім прысутнічала і я,  незвычайны не толькі ў плане пастаноўкі, але ў той раз і публікі. Гэта былі людзі, якія не па словах ведаюць пра пераўвасабленне на сцэне, больш патрабавальныя да тэхнікі, у доб-рым сэнсе прыдзірлівыя да дэталяў, кампетэнтныя – адным словам, работнікі культуры. Цікава: а што яны думаюць наконт спектакля.

Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ,

начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

– Я вельмі задаволены, што ў нашым раёне ёсць такі калектыў. Хацелася б, каб гэты від мастацтва прапісаўся ў нас, палюбіўся ляхавічанамі і стаў для многіх добрай альтэрнатывай у правядзенні вольнага часу. Дзякуючы таленавітым людзям, якія любяць і разбіраюцца ў тым, што робяць – Міхасю Стрыжову і Арцёму Бадаку, у нас ёсць магчымасць атрымліваць асалоду ад удалай  тэатральнай пастаноўкі. Калектыў нацэлены на прафесійны рост, а значыць наперадзе творчасць, шмат працы над новымі спектаклямі, якія, між іншым, ужо чакаюць гледачы.

Тамара МОРСКАЯ, дырэктар Конькаўскага СДК:

– Як чалавек з тэатральнай адукацыяй адзначу цікавы рэжысёрскі ход: кожны эпізод дасканала прадуманы, і потым нібы пазлы збіраюцца ў адзіную карціну. Гледачы суадносяць, праводзяць паралелі і з пэўнымі думкамі, высновамі прыходзяць да фіналу. Гэта важна. Таксама хацелася б пахваліць акцёраў. Уразілі і добра пастаўленыя галасы ўдзельнікаў калектыву – а гэта велізарная карпатлівая праца.


One thought on “Люблю тэатр. Магчымасць датыкнуцца да гэтага віду мастацтва з’явілася ў ляхавічан. Але пра ўсё па парадку…

  • 21/10/2017 в 01:35
    Permalink

    Шкада, што не давялося паглядзець пастаноўку. Але ўсё яшчэ наперадзе. А стварэнне тэатральнага калектыву — гэта вельмі цудоўная задумка і малайчына той, хто рызыкнуў. Упэўнена, што ў гэтых таленавітых людзей атрымаецца паказаць, на што яны здольныя. І поспехаў ім на «Тэатральным Палессі»!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *