У пошуках прымальнага варыянта

Выкарыстана ілюстрацыя

Неаднойчы ў рэдакцыю «ЛВ» з пытаннем, дзе адрамантаваць халадзільнік,  пральную машыну, газонакасілку, звярталіся жыхары нашага раёна.  Сапраўды, такія запатрабаваныя паслугі не аказваюць  ні ў камунгасе (у складзе якога знаходзіцца бытоўка), ні прадпрымальнікі. Якое выйсце?  Везці ў іншы горад (але не ў кожнага для гэтага ёсць магчымасці) ці выкінуць тое, што яшчэ нядаўна  служыла верай і праўдай?

І вось прыемная навіна.  У хуткім часе можна будзе   здаць у рамонт бытавую і садовую электратэхніку ў Ляхавічах. Адкрыць сваю справу цяпер ужо індывідуальнаму прадпрымальніку  дапамагла субсідыя ў памеры  2173 рублі, выдаткаваная  са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.  Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Пабягайла, такія субсідыі атрымліваюць беспрацоўныя, якія жадаюць заняцца прадпрымальніцкай  дзейнасцю ці рамесніцтвам, аказваць паслугі ў сферы аграэкатурызму.  Дарэчы, падобнай магчымасцю сёлета  ў нашым раёне могуць скарыстацца яшчэ двое жадаючых заняцца прыватнай справай.  Служба занятасці таксама накіроўвае будучых бізнесменаў на курсы па асновах прадпрымальніцтва, прычым, веды   яны атрымліваюць за кошт бюджэту.

– Занятасць насельніцтва – важнае пытанне, якое пастаянна стаіць на кантролі ўлады. А стварэнне новых працоўных месцаў – адна з прыярытэтных задач, – зазначае начальнік  упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса.

За 9 месяцаў года на Ляхавіччыне створана 206 новых працоўных месцаў, 50 з іх – у арганізацыях і на прадпрыемствах раёна. Асабліва вызначыліся аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама,  ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы», ТАА «Трансэлектракамплект», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». На 110 новых працоўных  месцаў прыраслі  малыя прадпрыемствы (39 – бытавое абслугоўванне, 7 – гандаль, 6 – будаўніцтва), зарэгістраваныя ў Ляхавіцкім   раёне. З пачатку года адкрылі сваю справу 46 індывідуальных  прадпрымальнікаў.  Яшчэ 12 вакансій з’явілася на прыватных прадпрыемствах, створаных  летась і сёлета: 8 чалавек працаўладкаваны ў  ТАА  «Мясакамбінат Ляхавічы», 2 – ТАА «Ляхавіцкая вербачка», па  адным  – «Белбіязім» і «МедЛітЭкспарт».

Цікавы факт, пра які паведамілі ў службе занятасці.  Павялічваецца колькасць вакансій у параўнанні  з колькасцю афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных: 107 прапаноў працоўнага месца (77 –  у горадзе, 31 – па раёне, 58 з іх – па рабочых спецыяльнасцях) супраць  57 жадаючых працаўладкавацца.

Што прапаноўваецца саіскальнікам? Хоць сёння гатовы прыняць на работу вадзіцеляў у райпо, ДП «Нача», ААТ «Жарабковічы», райпалівазбыт; урачоў,  медыцынскіх сясцёр, псіхолага, эканаміста, прыбіральшчыка тэрыторыі – у аблпсіхбальніцу «Крывошын»; майстроў на розныя ўчасткі, станочніка, вальшчыка лесу – у ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас»; урача, памочніка ўрача, фельчара-валеолага, фельчара-лабаранта – у раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі; электрагазазваршчыка і электраманцёра – на рэйтанаўскі ўчастак ААТ «Баранавічхлебапрадукт»; галоўных бухгалтараў – у «Шлях новы» і райаграсэрвіс; прадаўцоў –  у райпо; кіраўнікоў гуртка ці студыі – у клубныя ўстановы і інш.

Па стане на 1 кастрычніка ўзровень беспрацоўя ў нашым раёне склаў 0,6 працэнта (сярэднеабласны паказчык – 0,8 працэнта) да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Пры садзейнічанні службы занятасці працаўладкаваны 240 чалавек, 159 з якіх мелі  афіцыйны статус беспрацоўнага. Таксама   жыхарам раёна прапаноўваецца паўдзельнічаць у аплачваемых грамадскіх работах. Зараз накіраванні можна атрымаць на ўдзел у добраўпарадкаванні населеных пунктаў.

Пачынаючы з красавіка 2017 года, у райвыканкаме (па вызначаных днях – у сельвыканкамах) праходзяць пасяджэнні камісіі па працаўладкаванні.  З кожным, хто звяртаецца сюды, праводзіцца індывідуальная работа  па пошуку вакансій. Як адзначае Леанід Калбаса, даволі частая сітуацыя, калі  беспрацоўнаму прапаноўваецца адна работа, другая, трэцяя, а чалавек адмаўляецца, спасылаючыся то на нязручную  «геаграфію» вакансіі, то на невысокую зарплату і г. д.  Ці, напрыклад, жыве беспрацоўны ў вёсцы і чакае   работу толькі  па спецыяльнасці – архітэктарам – і толькі па месцы жыхарства. Такое рэалізаваць практычна немагчыма. Сустракаюцца і тыя, хто прыходзіць, вывучае прапановы, а працаваць не збіраецца.

Відавочна, хто сапраўды хоча працаваць, у рэшце рэшт абавязкова знойдзе прымальны варыянт. А служба занятасці гэтаму ў дапамогу.

Галіна КАНЬКО.

One thought on “У пошуках прымальнага варыянта

  • 24/10/2017 в 23:59
    Permalink

    Совсем неизвестные названия предприятий: ТАА «Ляхавіцкая вербачка», па адным – «Белбіязім» і «МедЛітЭкспарт». Интересно, чем они занимаются, што производят. Пускай бы прорекломировали себя, чтобы земляки знали.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *