Самы прадпрымальны прадпрымальнік

Штогод — вытворчыя навіны: тэхнічнае пераўзбраенне, павелічэнне выпуску прадукцыі, новыя кантакты і кантракты. Іменна з такім паскарэннем працуе ТАА «Трансэлектракамплект».  А надае гэтае паскарэнне так званы суб’ектыўны фактар у асобе дырэктара таварыства з абмежаванай адказнасцю Генадзія Сакуця (на здымку).

8 гадоў таму ў Ляхавічах з’явілася прадпрыемства, якое стала выпускаць зусім  нечаканую, для многіх невядомую, але, як аказалася, надзвычай запатрабаваную ў краіне прадукцыю электратэхнічнага прызначэння. Паступова яно выйшла і на міжнародны рынак.

Генадзій Станіслававіч — лідар па натуры, інжынер па адукацыі, дасканала ведае, як арганізаваць, зацікавіць, накіраваць людзей на вырашэнне канкрэтных задач. У сваю каманду ён прымае аднадумцаў, што азначае — творчых, адукаваных, адказных работнікаў, на якіх можна спадзявацца. Таму і поспех, таму і прызнанне: граматы, дыпломы самага высокага кшталту атрымлівае прадпрыемства ў цэлым і асабіста яго дырэктар. Вось і сёлета Генадзій Сакуць атрымаў чарговае прызнанне сваіх заслуг — стаў у Брэсцкай вобласці «Чалавекам года 2010» ў галіне прадпрымальніцтва, як значыцца ў дыпломе,  «… за дасягнутыя высокія вынікі і вялікі асабісты ўклад у развіццё галіны». Важкая ўзнагарода, якая да многага абавязвае. І сёння прадпрыемства асвойвае новыя пазіцыі і бярэ новыя вышыні. Дырэктар ганарыцца сваім калектывам. А напярэдадні прафесійнага свята — Дня энергетыка — віншуе ўсіх і пры-знаецца: «Я шчаслівы, што працую іменна з вамі, мае сябры ікалегі…»

Прафесіяналізм – аснова поспеху

На прадпрыемстве чарговае абнаўленне: закуплены  камп’ютарны станок для металаапрацоўкі вырабаў. У вытворчасць будуць ўкараняцца новыя тэхналогіі. На ТАА “Трансэлектракамплект” новае ў вытворчасці заўсёды сустракаецца на “ўра”: абнаўляецца абсталяванне, у самых бліжэйшых планах – будаўніцтва памяшкання для асноўнай вытворчасці, якое будзе поўнасцю адпавядаць еўрапейскім стандартам. Зразумела, для работы на сучасным абсталяванні патрэбны адукаваныя спецыялісты, якія “на ты” з сучаснай тэхнікай і вытворчасцю.

Такіх людзей тут цэняць, ім давяраюць адказныя ўчасткі работы. Напрыклад, як расказаў намеснік дырэктара ТАА “Трансэлектракамплект” Яўгеній Сяргей, нядаўна прыйшоў на работу выпускнік Гродзенскага каледжа механізацыі – студэнт Брэсцкага тэхналагічнага ўніверсітэта Павел Валасюк. З першых дзён работы паказаў сябе прафесіяналам у сваёй справе, і яму даверылі транспартны ўчастак прадпрыемства.  Як вядома, гэтае вытворчае падраздзяленне на асобым рахунку: 8 адзінак тэхнікі павінны быць заўсёды     “ў поўнай баявой”, бо шлях транспарціроўкі прадукцыі пралягае не толькі па рэспубліцы, але і па замежных краінах.

Іменна на такіх спецыялістаў сёння робіць стаўку прадпрыемства. Важнейшы ўчастак вы-творчасці – поліэтыленавы, дзе арганізавана ліццё пластмасавых вырабаў, даручана Гена-дзію Казакевічу. Генадзій ведае магчымасці свайго калектыву і гарантуе якасную работу.

Участак зборкі і камплектацыі кабельных муфтаў таксама працуе ў сваім рэжыме, без усялякіх нараканняў. А кантралюе яго работу Іна Яроміна.

Усяго 9 прафесійных майстроў-токараў на ўчастку металаапрацоўкі, які ўзначальвае Віталій Татарыновіч. Але гэта рэальная сіла вытворчасці, ад якой залежыць поспех усяго прадпрыемства. Наогул, тут кожны чалавек на сваім месцы, і ён нібы незаменная часцінка аднаго добра адрэгуляванага механізма. Напрыклад, немагчыма ўявіць вы-творчасць без участка электрамантажных работ, які працуе пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера Аляксандра Гаспадуры. На ўліку гэтага падраздзялення маштабныя аб’ёмы выкананых работ, а значыць, заробленыя грошы.

У нашым раёне сёлета яны электрыфікавалі новае памяшканне РАУС, выканалі шматлікія работы па добраўпарадкаванні райцэнтра і многіх вёсак, працавалі ў Салігорску, Баранавічах, Ганцавічах і іншых населеных пунктах рэспублікі. Да таго ж, электрамантажнікі ТАА “Трансэлектракамплект” маюць сваю акрэдытаваную лабараторыю, якая дае магчымасць выконваць заказы шматлікіх прадпрыемстваў і арганізацый па электрафізічных вымярэннях інструментаў. Без яе не абысціся і на вытворчасці, бо кожная выпушчаная дэталь праходзіць праверку, што дае магчымасць трымаць пад строгім кантролем якасць прадукцыі.

На прадпрыемстве пастаяннае нарошчванне тэмпаў вытворчасці і павелічэнне выпуску прадукцыі. Праўда, для гэтага патрэбен і яшчэ адзін складальнік – попыт. Дык вось, на рынку электратэхнічнай прадукцыі вырабы ТАА “Трансэлектракамплект”, якія маюць сертыфікацыю ІСО, карыстаюцца ўсё большай папулярнасцю. Сёлета значна павялічыліся пастаўкі прадукцыі ва Узбекістан (заключаны доўгатэрміновыя кантракты на  закуп кабельных муфтаў), ва Украіну ў значна большых аб’ёмах, як раней, адпраўляюцца кабельныя муфты і камплектуючыя дэталі да іх, у Расію павялічылі пастаўкі камплектуючых да кабельных муфтаў. Дарэчы, павялічыць аб’ёмы  выпуску прадукцыі прадпрыемства здолела іменна за кошт укаранення новых тэхналогій на вытворчасці.

Сёлетні кастрычнік для ТАА “Трансэлектракамплект” стаў паказальным: ішла падрыхтоўка да ўдзелу ў традыцыйнай выставе “Энергаэкспа” ў Мінску. Прадставілі больш як 100 відаў вельмі запатрабаванай у сферы энергетыкі прадукцыі. Поспех быў небывалы. Вырабы ляхавіцкіх энергетыкаў, аказваецца, патрэбны спажыўцам у вельмі многіх краінах бліжняга і далёкага замежжа. Як зазначыў Яўгеній Сяргей, калі будзе попыт, то будзе і прапанова, за прадпрыемствам не стане.

Дарэчы, ёсць на ТАА “Транс-электракамплект” і яшчэ падраздзяленні – не вытворчыя, але важнейшыя. Гэта бухгалтарская служба, якую ўзначальвае Ганна Бецька. Выдатны прафесіянал, вельмі адказная, дакладная і карэктная Ганна Іванаўна аб’яднала пад сваім крылом усіх, хто працуе над вытворчымі паказчыкамі, выконвае шматлікія арганізацыйныя мерапрыемствы.

Па інфармацыі галоўнага бухгалтара, прадпрыемства за 11 месяцаў выпусціла прадукцыі на 12 мільярдаў рублёў.

Ёсць на прадпрыемстве і свой гандаль. Прычым, арганізоўваўся продаж прадуктаў харчавання, якім сёння кіруе Людміла Чвыр, для зручнасці сваіх работнікаў. А ў выніку, магазін стаў папулярным у гараджан, за што яны застаюцца ўдзячнымі прад-прыемству. Свой імідж заслужыў і магазін-склад уласнай і імпартнай электрамантажнай прадукцыі, загадвае якім Віктар Прыхач. Заўсёды багаты асартымент збірае тут пакупнікоў не толькі з Ляхавіччыны, – пастаяннымі кліентамі сталі ўжо жыхары Клецкага і Нясвіжскага раёнаў.

Заўтра, дарэчы, калектыў ТАА “Трансэлектракамплект” будзе адзначаць сваё прафесійнае свята – Дзень энергетыка. З гэтай нагоды адміністрацыя прадпрыемства адрасуе сваім работнікам шчырыя віншаванні і пажаданні здароўя, дабрабыту, новых працоўных здабыткаў.

Далучаемся і жадаем святла і радасці ў сэрцах.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *