За грыбамі і ўражаннямі. Кропка на карце: вёска Хацяж Ляхавіцкага раёна

Навакольныя лясы заўсёды славіліся багатым ураджаем грыбоў і ягад і прыцягвалі аматараў ціхага палявання. А сёлета апенькі растуць нават каля вясковых дамоў.  Гараджане прыязджаюць у маляўнічае месца па-над Шчарай і на  адпачынак – свежы водар лепш любых лекаў. А рыбакі адзін перад адным хваляцца  ўловам:  маўляў, шчупакі,  плоткі, карасі самі просяцца на кручок.
Чырвоныя пацеркі каліны адбіваюцца ў воднай гладзі, грацыёзна схіляюцца над невялікім масточкам, вакол якога «прыпаркаваны»  лодкі, гатовыя ў любы момант пакатаць аматараў  рачных падарожжаў.  Гэта карціна, створаная рукамі вяскоўцаў, – будні Хацяжу, дзе сёння пастаянна пражывае толькі   4 чалавекі.

Паштальён Марыя Скубята.

Леаніда Ракашэвіч.

Стараста Павел Шастак, Канстанцін Равяка, Яўгеній Жагунь.

У адной руцэ драўляны кій (без яго  хадзіць цяжка), другой рукой цягне невялікую скрыню, у якой тое-сёе для хатніх патрэб – гэта спяшаецца дамоў 82-гадовая Леаніда Ракашэвіч.
– Няўжо і фатаграфаваць мяне ў газету будзеце? Ці заслужыла я? Нічога ж  такога не зрабіла. Працавала, як усе, у калгасе:  жалі, лён садзілі ўручную. Гэта потым калгас разбагацеў – купілі трактары, камбайны. Тут нарадзілася, замуж пайшла праз дзве хаты, –   уключылася ў размову  Леаніда Васільеўна.
Школы ў Хацяжы не было, таму вучыцца дзеці бегалі праз рэчку і балота ў Цыгань. А вось танцы ў хацяжскай моладзі былі свае –  прама пасярод вуліцы. Успамінае, як Косця  іграў на гармоніку, Уладзімір  на баяне.  Крышачку з сумам    узгадвае пра тое  жыццё – шматлюднае, дружнае, калі будаваліся дамы (у вёсцы іх было больш за паўсотні), нараджалі дзяцей – у кожнай сям’і двое-трое, а то і больш.
– Цяпер, канешне, у нас цішэй. Але летам, калі прыязджаюць дзеці ў водпуск, унукі-праўнукі – на канікулы, становіцца весела. Мой сын жыве ў Ляхавічах, дачка – у Баранавічах. Завуць да сябе. Але ехаць не хачу, мне тут доб-ра. Як прывязуць на канікулы да дачкі праўнучку, можа і з’езджу ў Баранавічы, – разважае Леаніда Васільеўна.
Стараста адразу трох вёсак (Хацяж, Стараселле, Гашчын) Павел Шастак ведае пра Хацяж не менш, чым пра роднае Стараселле. Расказвае, што некалі тут быў птушнік –вырошчвалі качак, за месяц адпраўлялі на Пінскі мясакамбінат да 200 тон мяса. Сёння Павел Іванавіч бывае  ў Хацяжы  па стараставых клопатах па некалькі разоў на тыдзень.
– У нас усё добра: аўталаўка прыязджае двойчы на тыдзень,   аўтобус – тройчы. Па графіку і паштальён. У Куршынавічах ёсць ФАП, так што медыцынская дапамога побач. Адзіная праблема – дарогі.  Колькі  тэлефа-наваў, у тым ліку  і асабіста дырэктару ДРБУ-200 з просьбай  прагрэйдзіраваць – усё ў іх нешта  не атрымліваецца, – расказвае пра паўсядзённае Павел Шастак.
Шапаціць пад нагамі жоўта-чырвонае лісце, парушаючы навакольную цішыню. Прыгожа на вясковых вуліцах,  чыста. Хоць і не жыве тут пастаянна шмат людзей, пераважная большасць сядзіб дагледжаная: пафарбаваныя дамы, добраўпарадкаваныя двары.  Не забываюць  бацькаўшчыну нашчадкі, зацікаўлены ў яе захаванні. Папулярныя гэтыя мясціны і сярод дачнікаў – з задавальненнем купляюць пустуючыя дамы.  Нельга не захапіцца размаляваным у розныя колеры домікам на вуліцы Зялёнай.  Кухня на свежым паветры, калодзеж са смачнай вадой, альтанка – кожнае лета  на радзіму продкаў прыязджае сям’я з Пінска.
Не вельмі ўпісваецца ў гэты  добраўпарадкаваны пейзаж паўразвалены аўтобусны прыпынак. А на колішнім магазіне шыльда з надпісам «Прадаецца».
–  Іванавіч, нешта  ліхтар на вуліцы стаў дрэнна свяціць. Мабыць, сапсаваўся, трэба электрыкаў выклікаць, – звяртаецца да старасты 75-гадовая Станіслава Ясько, якая прысела адпачыць на лавачцы каля свайго дома №14 па вуліцы Зялёнай.
– У Хацяжы адносна нядаўна, усяго 16 гадоў, сама з Будаў.  Жывём, як здароўе дазваляе, паціху ўпраўляемся  па гаспадарцы. Нядаўна ў лес за грыбамі хадзіла, крыху назбірала. Цяпер сумаваць няма калі – работы хапае, дроў вось сама на зіму накалола. За лета прынеслі шмат газет, у тым ліку і «Ляхавіцкі веснік» – буду чытаць, зімой часу хапае, ды шкарпэткі вязаць. Гэта ды яшчэ  тэлевізар – нашы вясковыя забавы, – гаворыць  Станіслава Аляксееўна.
На самым пачатку вёскі гучным сігналам абвяшчае прыезд  райпоўскі магазін на колах.
– Што сёння  будзеце купляць, Аляксееўна? – звяртаецца да Станіславы Ясько  прадавец Наталля Пляшэвіч. Другі год яна ездзіць  па гэтым маршруце, добра вывучыла звычкі  пакупнікоў.
Вяскоўцы задаволены і асартыментам аўталаўкі, і якасцю  тавараў, і ветлівым абслугоўваннем. Скарга ў асноўным адна: хлеб бывае  чэрствы. Ды і апошнія навіны прывозіць магазін на колах, а яшчэ па серадах і суботах з імі спяшаецца паштальён  Марыя Скубята.
–  Пісьмы цяпер мала пішуць. Так што загрузіла газеты, узяла пенсіі, пакупкі па заказах, на веласіпед і наперад, па адрасах. Так ужо 10 гадоў. Я і зімой езджу на гэтым транспарце. У Хацяжы хоць і мала  людзей жыве, але выпісваюць перыёдыку і тыя, хто прыязджае толькі летам.  Самая папулярная газета – раёнка – падзялілася інфармацыяй Марыя Скубята і паспяшалася па справах.
Абжываецца ў Хацяжы (нядаўна пераехаў з Баранавічаў) Ігар Уцянкоў – самы малады на сённяшні дзень вясковец – яму за 50 гадоў.
Хацяж, як і многія іншыя вёскі, у гады Вялікай Айчыннай вайны партызаніў. У радах народных мсціўцаў у атрадзе імя Сяргея Лазо з фашысцкімі акупантамі змагаліся  і тутэйшыя жыхары.
У дзясятках метраў ад вёскі шапаціць лісцем адзінокая бяроза – адна з нямногіх сведкаў той вайны.  Менавіта тут былі пахаваны, а потым перапахаваны ў брацкай магіле расстраляныя фашыстамі партызанскі камандзір  і яго ад’ютант. У 1943 годзе варожыя самалёты спалілі вёску, засталіся толькі дзве хаты, што стаялі наводшыбе. І ўсё ж  пагарэльцы не пакінулі родныя мясціны, пачалі новабудоўлі на сваіх папялішчах.
Няхай жыве як мага даўжэй гэта вёсачка – вельмі ж любяць яе нашчадкі, для іх Хацяж – не проста маленькая радзіма,  а блізкі і дарагі сэрцу куточак.  І як падарунак для тых, чый лёс звязаны з гэтымі мясцінамі, створаная Канстанцінам Равякам  у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»  суполка «Хацяж. Любімая вёска». Якія там цудоўныя фотаздымкі краявідаў і проста  людзей – хто тут жыў, жыве, прыязджае ў госці ці на адпачынак. Кожны фотаздымак суправаджаецца подпісам –   прызнаннем у любві вёсцы і землякам.
«Прывітанне! Ёсць цікавая прапанова да тых, хто нарадзіўся, жыў ці нешта ведае або чуў пра вёску Хацяж. Давайце  збяромся  разам, навядзём парадак і будзем падтрымліваць чысціню ў любімай вёсцы, адпачываць і атрымліваць асалоду ад прыемнай атмасферы», – гэта са звароту на старонцы ў «ВКонтакте».  І адгукнуліся  на яго неабыякавыя землякі. І не толькі навялі парадак, але і часта сустракаюцца, разам ладзяць  святы (адно з апошніх – Купалле), сумесны адпачынак.
У Канстанціна Равякі ў Хацяжы жылі бабуля і дзядуля, нарадзілася яго мама. Ён лічыць: лепшага адпачынку, чым тут –  няма.  Прывёў у парадак бабуліну хату, цяпер  сіні пафарбаваны домік відаць здалёк.
«14 ліпеня плануецца грандыёзная туса, быццам павінны сабрацца ўсе хацяжцы. Пакаленне маёй мамы, старэйшыя, малодшыя, увогуле, усе-ўсе-ўсе. Мы едзем!». Гэта паведамленне ў  сацыяльных сетках ад Насці Кеда датавана 1 ліпеня 2012 года. На кліч  сабраліся – прыехалі з розных раёнаў Беларусі і нават з замежжа больш за 150 чалавек. Гэта праз некалькі гадоў на прык-ладзе хацяжцаў гэтак жа мнагалюдна сабраліся на святочны сельскі сход – дзень нараджэння сваёй вёскі – выхадцы з Меляхоў. У Хацяжы ініцыятарамі  сустрэчы пакаленняў сталі Васілій Равяка,  Леанід Ракашэвіч, Канстанцін Ракашэвіч, Ніна Шпак, Зоя Вялько.  Ляхавічанін Васілій Ракашэвіч і сёння з натхненнем успамінае:
– Як жа чакалі той дзень. Хацяж нібы памаладзеў – прыехалі аднавяскоўцы з дзецьмі, унукамі. Вакол гоман, гутаркі, смех, абдымкі і слёзы радасці.  Многіх не бачылі дзесяцігоддзямі.  З пачастункамі ўсе выходзілі на вуліцу, хутка зладзілі  імправізаваную сталоўку на свежым паветры. Гучала музыка, разносіліся па наваколлі песні. А колькі ўспамінаў было! Каб вы ведалі, як не хацелася  развітвацца…
Хутка зіма заснежыць дарогі. Але зноў у вызначаныя дні  сюды на веласіпедзе прыедзе  паштальён, на колах – магазін, на выхадныя завітаюць родныя і сваякі. У Хацяжы іх з нецярпеннем чакаюць.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Станіслава Ясько.

Сустрэча ля аўталаўкі.


One thought on “За грыбамі і ўражаннямі. Кропка на карце: вёска Хацяж Ляхавіцкага раёна

  • 02/11/2017 в 14:49
    Permalink

    Адметная вёсачка. З задавальненнем пазнаёміўся, пачытаў. Каларытныя і прыемныя жыхары, любяць свой край.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *