Узрост не апраўданне

Выкарыстана ілюстрацыя

Юнак, хістаючыся, крочыў у бок вёскі Рагачы.  Невядома куды б завяла яго п’яная сцяжынка, калі б «праменад» не спыніў міліцыянер. Як высветлілася, 17-гадовы вясковец перад «прагулкай» выпіў бутэльку гарэлкі…

За мінулы год за рас-піццё спіртных напіткаў былі затрыманы 13 непаўналетніх жыхароў раёна, а сёлета – ужо 14. Дарэчы, з 17 падлеткаў, якія знахо-дзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС, 9 пастаўлены менавіта за распіццё алкагольных напіткаў.
Самае распаўсюджанае злачынства ў асяроддзі непаўналетніх – крадзяжы.  Напачатку кастрычніка 14-гадовая дзяўчына спрабавала  ўкрасці джынсы ў адной з прыватных гандлёвых кропак. Спроба  крадзяжу была спынена прадаўцом. Дзяўчына прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці. На працягу года  супрацоўнікі міліцыі будуць праводзіць з ёй індывідуальную прафілактычную работу.
Адміністрацыйная адказнасць непаўналетніх наступае пасля дасягнення імі 16-гадовага ўзросту. Аднак, пры дасягненні 14-гадовага ўзросту падлеткі прыцягваюцца да яе за наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджанне, дробныя крадзеж і хуліганства, пашкоджанне маёмасці, парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах ці на  тарфяніках, жорсткае абыходжанне з жывёлай, распальванне кастроў у забароненых месцах і іншае. Ёсць пэўны пералік злачынстваў (забойства, згвалтаванне, разбой,наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных   пашкоджанняў, хуліганства і інш.), пры ўчыненні якіх з 14 гадоў наступае крымінальная адказнасць.
Падлеткі ва ўзросце ад 11 гадоў у выпадку ўчынення злачынства па рашэнні суда могуць накіроўвацца ў спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы закрытага тыпу.
Будучыня дзяцей у многім залежыць ад дарослых – бацькоў, школы, маладзёжных арганізацый, супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Але і  юнакі, і дзяўчаты павінны адказваць за свае  ўчынкі.  Правапарушэнне – не прыкмета даросласці. Неабходна памятаць, што любое правапарушэнне  ці злачынства цягне за сабой непазбежнае пакаранне. Таму самастойнасць лепш праяўляць у станоўчых  учынках, а не  сумніўных подзвігах.
З 30 кастрычніка па 7 лістапада на Брэстчыне, у тым ліку ў нашым раёне, праходзіць прафілактычная акцыя «Карысныя канікулы», Падчас яе асаблівая ўвага надаецца папярэджанню злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх.
Аляксандр ЧУРЫЛАЎ,
участковы інспектар ІСН РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *