Гэта наша з табой біяграфія

Для адных 7 лістапада – звычайны  восеньскі дзень, прыемны выхадны сярод працоўнага тыдня, для кагосьці  – асацыяцыя з гістарычнай падзеяй, якая  змяніла свет. Ёсць і такія, хто  і сёння лічыць гэты дзень адным з самых значных святаў. Сёлета 7 лістапада – не проста чырвоны дзень календара, а векавы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі.
100 гадоў назад над Петраградам прагучаў  залп цяпер ужо легендарнага крэйсера «Аўрора», які стаў сігналам да штурма Зімняга палаца, дзе засядаў Часовы ўрад.  Улада перайшла ў рукі Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.  Усю атмасферу тых векапомных дзён, аб’яднаных «непараўнальным пачуццём свабоды», амерыканскі журналіст Джон Рыд – сведка рэвалюцыйных падзей у  Расіі – перадаў у сваёй знакамітай кнізе «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі  свет», перакладзенай на многія мовы  мільённымі тыражамі.
Сацыялістычная рэвалюцыя мела высакародныя мэты: пабудову справядлівага грамадства,  недапушчэнне эксплуатацыі чалавека чалавекам,  роўнасць людзей у правах і абавязках. А галоўны прынцып сацыялізму «ад кожнага па здольнасцях, кожнаму – па патрэбах» – цэлую эпоху быў  актуальным. Як, дарэчы, і рэвалюцыйныя лозунгі: «улада – Саветам», «мір – народам», «зямля – сялянам», «фабрыкі – рабочым».
Пачаўся адлік новай гісторыі, новай дзяржавы, бескласавага  грамадства з новымі сацыяльнымі і эканамічнымі адносінамі і пераўтварэннямі. Мільёны простых людзей атрымалі магчымасць вучыцца – дзесяцігоддзі спатрэбіліся для ліквідацыі  непісьменнасці. Сталі  будаваць заводы і фабрыкі, электрастанцыі, школы і бальніцы, ствараць і ўмацоўваць калектыўную сельскую гаспадарку. Аб’яднанне рэспублік і стварэнне ў 1922 годзе СССР – гэапалітычная падзея сусветнага маштабу. І як бы ні імкнуліся некаторыя  перапісаць гісторыю на свой лад, менавіта дзякуючы Савецкаму Саюзу, яго непераможнай арміі і гераічнаму народу, быў спынены фашызм.
7 лістапада 1941 года  адразу пасля ваеннага парада на Чырвонай  плошчы ў Маскве адправіліся на абарону сталіцы  салдаты і афіцэры Чырвонай арміі. Яны праявілі бязмежную мужнасць і вытрымку і выстаялі ў барацьбе з фашызмам. Бітва пад Масквой стала адным з пераломных момантаў Вялікай Айчыннай вайны.
Нельга пераацаніць ролю Савецкага Саюза ў свеце. З гэтай вялікай дзяржавай лічыліся, яе аўтарытэт на міжнароднай арэне быў важкі і непахісны. І, трэба прызнаць,  далёка не апошнюю ролю ў тым, што гістарычныя падзеі разгортваліся менавіта падобным чынам, адыграла Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая актыўна прысутнічала ў нашым жыцці  доўгія дзесяцігоддзі.
Дзеці з гонарам уступалі ў акцябраты, потым у піянеры, камсамол. У аснове ўсяго – Камуністычная партыя, стаць членам якой было надзвычай пачэсна.
Шлях да перамогі і пасля Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленне народнай гаспадаркі праходзілі пад лозунгамі Кастрычніцкай рэвалюцыі.  А яе гадавіны з размахам адзначаліся ў СССР, ім прысвячаліся працоўныя дасягненні, ударныя вахты, вытворчыя рэкорды.  Пэўны час у гонар свята былі ўстаноўлены  2 дні выхадных – 7 і 8 лістапада.  Паўсюдна праходзілі  святочныя дэманстрацыі, а потым людзі вярталіся дамоў, накрывалі сталы, віншавалі адзін аднаго са святам.Транспаранты, паветраныя шары,  калоны з працоўных калектываў, спартсменаў, школьнікаў, моцнае «ура» –  гэта было неад’емнай часткай жыцця і Ляхавіччыны.  Лепшых працаўнікоў узнагароджвалі ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі. Самае ганаровае званне – Герой Сацыялістычнай Працы. Сёння сярод нашых землякоў Зорка Героя – у былога старшыні калгаса імя Ламаносава Генрыха Траццяка
Галіна КАНЬКО.

Што адбывалася на    Ляхавіччыне ў лістападаўскія дні 1917 года, сведчыць кніга  «Памяць. Ляхавіцкі раён»: «Вялікі Кастрычнік ляхавіцкая зямля сустрэла перарэзаная лініяй фронту. Многае засталося ад тых дзён і цяпер: жалезабетонныя доты на беразе ракі Шчара, парослыя лесам акопы, помнікі-крыжы, пастаўленыя на магілах загінуўшых падчас Першай сусветнай вайны салдат рускай арміі».
Прайшлася Першая сусветная вайна і па лёсах многіх землякоў. Тысячы сталі бежанцамі, многія служылі ў арміі і флоце.
Менавіта ў 1917 годзе на  «Аўроры» нёс службу наш зямляк М. В. Шклянік, у штурме Зімняга палаца ўдзельнічаў ураджэнец вёскі Галавачы Ф. Сакун.
«Далоў Часовы ўрад!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве сацыялістычная рэвалюцыя!», — пачало гучаць у вагонах. Так мы перайшлі на бок рэвалюцыі і разам з вайскоўцамі занялі баявыя пазіцыі, каб не даць часцям, верным Керанскаму, падысці да Петраграда», –  успамінаў удзельнік кастрычніцкіх падзей 1917 года Іван Кухарчык з
вёскі Зарытава…
Дарэчы, Беларусь застаецца адзінай  краінай на постсавецкай прасторы, дзе сёмы дзень лістапада  пазначаны ў календары чырвоным колерам.
Што значыць гэта дата  для тых, хто актыўна будаваў сацыялізм, прыгадваюць нашы землякі.
Рыгор КАСАБУЦКІ, былы механізатар
эксперыментальнай базы    «Малагарадзішчанская»:
– 15 сезонаў з года ў год  шчыраваў з ранку да позняга вечара  на жніўным полі.  І амаль 4 дзесяцігоддзі вырошчваў другі хлеб. Як прыйшоў пасля службы ў арміі ў эксперыментальную базу «Малагарадзішчанская», так і працаваў тут да выхаду  на пенсію ў 2002 годзе. Наша гаспадарка славілася доб-рым ураджаем бульбы. Асабліва радавалі сарты «тэмп» і «дзецкасельскі». Навукоўцы прыязджалі паглядзець, як вырошчваецца другі хлеб, гаварылі, што такога парадку на палях яшчэ нідзе не бачылі.  Мы вельмі стараліся: падбіралі аптымальныя тэрміны для сяўбы, своечасова праводзілі праполку. Капаць выходзіла ўся база. Раней працаваць было цяжэй: тэхнікі менш, работы больш. Але стараліся і дарослыя, і дзеці. Зімой вывозілі тарфакрошку: выязджалі ў 3 гадзіны раніцы на торфабрыкетны завод у Тухавічы, каб да вечара зрабіць некалькі рэйсаў.
Канешне, працавалі не дзеля граматаў і прэмій. Але ўсё ж прыемна атрымліваць узнагароды –   у мяне іх шмат. Самыя дарагія – ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, Леніна, Працоўнай славы.  
Андрэй КУРКАЧ, член райкама КПБ:
– Уступіў у КПСС у 1972 годзе, а з 1994 па 2016 гады ўзначальваў  райкам КПБ. Мы будавалі суверэнную краіну не на пустым месцы. Калектыўная гаспадарка,  дзяржаўныя прадпрыемствы – той базіс, на якім развівалася эканоміка маладой Беларусі.  Што датычыць савецкай сістэмы адукацыі, то менавіта на яе прынцыпах  развіваецца сённяшняя школа.
Дарэчы, юбілейны XXXV з’езд Саюза камуністычных партый з удзелам дэлегатаў з усіх рэспублік былога СССР праходзіў у Беларусі тры гады назад.  У Мінску прайшоў некалі і І з’езд РСДРП.
Калі напрыканцы мінулага стагоддзя мы   стваралі раённую камуністычную арганізацыю, у нашых радах было  чалавек 30. Цяпер ляхавіцкіх камуністаў 70. Мы не сядзім без справы: праводзім партыйныя сходы, удзельнічаем ў акцыях, мерапрыемствах, патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі.
Уладзімір Плескацэвіч, Міхаіл  Ілюкевіч, Аляксандра Матчэня, Уладзімір Пятроўскі, Надзея Баўтко,  Міхаіл Шэйда, Мікалай Варажун,  Ніна Праневіч, Уладзімір Лойка, Іван Федаровіч – людзі, у якіх словы ніколі не разыходзяцца са справай, яны – сапраўдныя камуністы. Ганаруся, што давялося быць удзельнікам сустрэчы,прымеркаванай да Дня пажылых людзей і 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, што адбылася ў Брэсце ў Зале алімпійскай  славы.
Уладзімір МАЛЯР, былы  брыгадзір   мантажнікаў райсельгастэхнікі:
– Мая працоўная біяграфія пачалася ў 1967 годзе, калі ў 18 гадоў стаў працаваць шафёрам-зваршчыкам, а потым і брыгадзірам па мантажы жывёлагадоўчых фермаў Ляхавіцкай райсельгастэхнікі. Пасля службы ў арміі, як і многія іншыя юнакі і дзяўчаты з усяго СССР, па камсамольскай пуцёўцы адправіўся на цаліну. Калі вярнуўся дамоў, працаваў у мясцовай сельгастэхніцы, займаўся механізацыяй працаёмкіх працэсаў. Потым амаль чвэрць стагоддзя шчыраваў у калгасе імя Ламаносава, куды  запрасіў старшыня гаспадаркі Герой Сацыялістычнай працы Генрых Траццяк. Усяго ў мяне больш за  30 грамат і падзяк. Але на асаблівым месцы – ордэн Леніна. Яго атрымаў за тое, што мая брыгада ў рэкордныя 20 дзён зманціравала і запусціла ў эксплуатацыю зерняток у Жарабковічах.
Наталля КУЛАК, дырэктар СШ № 1,  першы сакратар райкама КПБ:
Вопыт мінулага – найвялікшая каштоўнасць. Упэўнена, нягледзячы  на разнастайныя спробы перакрэсліць, перапісаць гісторыю, Кастрычніцкая рэвалюцыя, падзеі, што адбываліся пасля яе, яшчэ доўга  будуць  бударажыць думкі не толькі гісторыкаў, сацыёлагаў, палітолагаў, эканамістаў, але ўсіх сучаснікаў. Таму што падзеі лістапада 1917 года прадвызначылі далейшы ход гісторыі.
Беларусь  на дзяржаўным узроўні захавала  павагу да свайго мінулага, зберагла і прымножыла эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, нацыянальную культуру. Зрэшты, бясплатныя адукацыя і медыцына – таксама падарунак рэвалюцыі.
Сёлета ў верасні давялося ўдзельнічаць у рабоце ІІІ пленума Цэнтральнага Савета саюза камуністычных партый, дзе сабраліся прадстаўнікі з 16 краін свету. Сімвалічна, што Пленум праходзіў у Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта, камуністы і камсамольцы ўзначалілі барацьбу савецкага народа супраць фашысцкіх акупантаў. І разам – рускі і беларус, украінец і грузін, малдаванін і казах – кавалі Перамогу. Хачу адзначыць: з кожным годам рады партыі прырастаюць  маладымі і ініцыятыўнымі.
Ідуць гады, нараджаюцца новыя пакаленні. Памяць пра найбольш значныя падзеі гісторыі сваёй краіны і грамадства павінна беражліва захоўвацца, бо нельга развівацца і рухацца наперад, забываючы пра мінулае. Гісторыю трэба ведаць і шанаваць.
3 лістапада ў раённай купалаўцы прайшло пасяджэнне круглага стала «Вялікі Кастрычнік і сучаснасць», а таксама ўрачысты сход, прысвечаны 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Гэта наша з табой біяграфія: 1 комментарий

  • 03/11/2017 в 17:45
    Permalink

    Лепшых працаўнікоў узнагароджвалі ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі. Самае ганаровае званне – Герой Сацыялістычнай Працы. Сёння сярод нашых землякоў Зорка Героя – у былога старшыні калгаса імя Ламаносава Генрыха Траццяка. Гэта была «трэцяя» і апошняя у раёне зорка героя працы. Перад гэтым яе атрымалі льнавод Мацюшка і механізатар Малышка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *