«Не вучыце жыць…» Менавіта такія словы часта гучаць падчас размоў з «героямі» пасяджэнняў камісіі па барацьбе з п’янствам

Няўжо шчаслівае, у меру спакойнае, а самае галоўнае, здаровае жыццё, калі дома чакае сям’я, гучаць звонкія галасы дзяцей, на працы таксама ўсё добра і спяшаешся на яе з задавальненнем,  бывае горшым за тое, што можа прапанаваць гарэлка? Здаецца, такога пытання ў цывілізаваным грамадстве і быць не павінна. Але, на жаль, сёння ёсць патрэба яго ўзнімаць… І на гэты раз вострая тэма абмяркоўвалася на чарговым пасяджэнні камісіі па барацьбе з п’янствам, што створана ў ААТ «Шлях новы», па выкананні Дырэктывы № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».

Галоўныя «героі» сустрэчы – работнікі, якія лічаць, што алкаголь не перашкаджае працоўнаму працэсу, і ў выніку  маюць з пачатку гэтага года неадпрацаваныя прагулы, дакладныя запіскі, што фіксуюць з’яўленне на працы ў стане алкагольнага ап’янення, запазычанасць перад дзяржавай за ўтрыманне іх дзяцей. І як вынік – не самую лепшую рэпутацыю.
Кожны выпадак парушэння працоўнай дысцыпліны разглядаўся асобна. Важна не толькі пакараць чалавека, але дапамагчы яму разабрацца ў сітуацыі, зразумець, што прымусіла шукаць сяброўства з алкаголем,  і, па магчымасці, вырашыць сітуацыю. Але такі парадак дзеянняў спрацоўвае не заўсёды: меры дысцыплінарнай адказнасці не дапамагаюць, пазбаўленне матэрыяльных выплат таксама, прафілактычная гутарка ператвараецца ў  маналог таго, хто імкнецца дапамагчы… Соты раз абяцанне выправіцца – і ў канчатковым выніку гэта схема паўтараецца зноў. А як паказвае практыка, яшчэ ніводнай праблемы гарэлка не вырашыла, наадварот – узмацніла.
Напрыканцы жніўня на жывёлавода гаспадаркі была складзена дакладная запіска за знаходжанне на працы нецвярозым. Сам ён прызнаўся, што гэта «рэшткі» ўчарашняга застолля. Выпадак у працоўнай біяграфіі хлопца адзінкавы. Абяцае, што падобнага не паўторыцца, тым больш, што з-за такой памылкі пазбавіўся матэрыяльных даплат, бясплатнага зерня. Ці ж варта было?
Як адзначыла  старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц, многія не здольны ўсвядоміць, што такія паводзіны шкодзяць не толькі здароўю, але і асабістаму аўтарытэту, іміджу арганізацыі, дзе працуюць парушальнікі дысцыпліны. А іх вельмі складана аднавіць.
Акрамя названых фактараў, ёсць яшчэ не менш важны – небяспека, у якую трапляюць тыя, хто працуе побач. Што і казаць пра вытворчы працэс, які збаўляе тэмпы  з-за чыёйсьці абыякавасці.
Наступны парушальнік сваё з’яўленне ў нецвярозым стане падчас працоўнага дня патлумачыў «змястоўна»: так  атрымалася. Але  сцвярджае, што раскайваецца і ўсвядоміў: такімі паводзінамі падводзіць калектыў, кіраўніцтва, якое прымала на працу. Хочацца верыць.
Выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Шлях новы» Віталій Кульбіцкі ўпэўнены: важна не толькі, каб чалавек не злоўжываў алкагольнымі напіткамі на працы, але і пасля яго не цягнула да чаркі. Дома чакае сям’я,  навошта атручваць і яе жыццё? Страшна, калі нецвярозая сітуацыя здараецца ў сем’ях, дзе ёсць дзеці. І калі папярэджанні не спрацоўваюць, згодна з Дэкрэтам № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях», хлопчыкі і дзяўчынкі забіраюцца з сем’яў і змяшчаюцца  на дзяржаўнае забеспячэнне.
Яны не разумеюць, чаму іх забіраюць ад  мамы і таты, якіх – любых – шчыра любяць. А на справе ўсё проста: хтосьці родны не шануе і не цэніць дзіцячую любоў, шчасце быць бацькамі, па-іншаму расстаўляе свае жыццёвыя  прыярытэты. Добра, калі меры прымушаюць задумацца і чалавек імкнецца выправіць, наладзіць жыццё, а не шукае вінаватых. Многія гора-бацькі забылі пра такую важную, але простую рэч: перш чым крычаць пра свае правы, успомніце пра абавязкі.
Не рэдкасць, калі абавязаныя асобы дазваляюць сабе пазапланавы «выхадны» і нават не адзін, а пасля доўга марнуюць з яго адпрацоўкай. Ізноў жа пытанне: навошта рабіць непрыемнасці сабе і свайму непасрэднаму начальніку, які будзе ламаць галаву, як і калі падначалены адпрацуе тыя прагулы.
Напрыклад, на палявода гаспадаркі за апошні квартал было складзена дзве дакладныя запіскі па прычыне нецвярозасці. Да таго ж запазычанасць перад дзяржавай за ўтрыманне дзяцей не малая – 9351 рубель. Старэйшыя  дзеці з маці не жывуць, а малодшае выхоўваецца ў прыёмнай сям’і. Сама прызнаецца, што дзіця просіцца дадому. А ці патрэбна гэта ёй?  У адказ – маўчанне.
Такая ж абыякавасць і ў вачах яшчэ адной работніцы гаспадаркі:
3 прагулы і красамоўная лічба запазычанасці – 16055 рублёў. Пытанне, як будзе выплачваць, праігнаравала. А для прадпрыемства галаўны боль: як прымусіць падпарадкавацца агульнай дысцыпліне, якімі шляхамі ісці да паразумення з такімі работнікамі.
І нягледзячы на тое, што ў пэўны момант маці заплюшчвае вочы на дзяцей, яны ўсё ж прыязджаюць, наведваюць, дапамагаюць – адным словам, любяць, не зважаючы на ўсё. Не аспрэчым словы Гётэ, працытаваныя старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірынай Чура: «Ёсць дзве рэчы, якія бацькі павінны даць сваім дзецям: карані і крылы». Зразумела, крылы, каб маглі ўзляцець, карані, каб было куды вярнуцца. На пытанне, куды вернуцца вашы
дзеці, – ізноў нямая сцэна.
…Пакуль кожны, на каго складзены дакладныя запіскі, прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Паўторнае парушэнне можа скончыцца звальненнем, зазначыла намеснік дырэктара ААТ па ідэалагічнай рабоце Тамара Марцінкевіч. А па сумленні хочацца, каб зразумелі: бацькоўскія любоў і клопат патрэбны заўсёды і ўсім без выключэння.
Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *