Пра вопыт гістарычны і памяць сэрца. У Ляхавічах адзначылі 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі

Старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч уручае Грамату райвыканкама члену РК КПБ Андрэю Куркачу.

«Ляхавіцкі веснік» стаў медалістам.

Прадстаўнікі раённай улады, дэпутаты, грамадскія актывісты і  члены Камуністычнай партыі Беларусі, ветэраны працы і моладзь – землякі розных пакаленняў сабраліся ў мінулую пятніцу ў літаратурнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі на пасяджэнне круглага стала, прысвечанага векавому юбілею Вялікага Кастрычніка.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч павіншаваў прысутных  са стагоддзем Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён адзначыў, што падзеі лістапада 1917 года сталі пераломнымі для ўсяго свету. Перад сённяшнім пакаленнем стаіць задача беражліва захоўваць гісторыю, вучыцца на вопыце  сваіх  бацькоў, дзядоў і прадзедаў.
Урачысты і ўзнёслы момант.  Пад апладысменты самым актыўным і неабыякавым  жыхарам раёна, членам  раённай арганізацыі КПБ уручаны памятны медаль «100 гадоў  Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі». Прыемна, што сярод медалістаў – і  раённая газета «Ляхавіцкі веснік», якая ў свой час выходзіла пад назвай «Совецкі патрыёт», пасля – «Будаўнік камунізму».
Пра ролю Беларусі  ў свеце, дасягненні ў  эканоміцы і сацыяльнай сферы, адукацыі і ахове здароўя, культуры і спорце гаварыла ў сваім дакладзе «Спадчына Кастрычніка» першы сакратар райкама КПБ Наталля Кулак.
Пра працоўныя дасягненні, камсамольскія будоўлі і непераможную Чырвоную Армію,  выхаванне падрастаючага пакалення, пра вялікую краіну СССР разважалі сакратар РК КПБ Андрэй Куркач, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер двух ордэнаў Леніна, кандыдат сельскагаспадарчых навук Генрых Траццяк, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, былы начальнік РАУС Генадзій Каняеў,  падпалкоўнік запасу Уладзімір Самохін, былы ваенкам Васілій Падзіна.
Перапісваць гісторыю – справа няўдзячная і непатрэбная. Паважаць мінулае сваёй краіны, рабіць высновы, аналізаваць памылкі, каб не  паўтараць іх – абавязак нашчадкаў. Менавіта пра гэта ішла размова на сустрэчы пакаленняў.
У зале шмат моладзі. Па зацікаўленых тварах відавочна: такія  мерапрыемствы патрэбныя, яны – важная частка патрыятычнага выхавання. Расказ прадстаўнікоў старэйшага пакалення пра сваё жыццё,  добрасумленныя адносіны да працы, беражліва-шчымлівыя  –  да Радзімы лепш за ўсякія лозунгі і бясцэнны  вопыт для сённяшніх юнакоў і дзяўчат.
А колькі ўвагі да выставы «Назад у СССР»!  Экспазіцыю падрыхтавалі супрацоўнікі купалаўкі. Прычым даспадобы яна прыйшлася і  школьнікам, якія параўноўвалі цацкі мінулага веку са сваімі,  і старэйшым землякам, якія нібы вярнуліся ў сваё мінулае.
Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты КУХТА.

На выставе «Назад у СССР».


One thought on “Пра вопыт гістарычны і памяць сэрца. У Ляхавічах адзначылі 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі

  • 08/11/2017 в 19:07
    Permalink

    Поздравляю медалиста — районку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *