З танкісцкай загартоўкай. Ветэрана вайны віншавалі з 90-годдзем

Дзевяць дзесяцігоддзяў – многа гэта ці мала? Малады чалавек адкажа – цэлае жыццё, а той, каму споўнілася без дзесяці стагоддзе, уздыхне: і не жыў быццам, дні праляцелі птушкай. Так лічыць і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Штундзер з Жарабковічаў, якога 1 лістапада  шчыра і цёпла віншавалі з прыгожай  датай  прадстаўнікі раённага савета ветэранаў і ТЦСАН. Павітаць Уладзіміра Георгіевіча вельмі хацелі і землякі-вяскоўцы, але сустрэча адклалася з-за знаходжання ветэрана ў райбальніцы. Убачыўшы гасцей, расчуліўся, заўсміхаўся – пра яго памятаюць.
Яму  пашчасціла пабачыць розныя гістарычныя эпохі, пра што  з радасцю падзяліўся ўспамінамі, а яшчэ сакрэтамі даўгалецця.
– Не злоўжываць здароўем сваім, добра харчавацца, не сумаваць. Пры любых абставінах трымацца бадзёра. А яшчэ заўсёды  заставацца чалавекам, справядлівым, сумленным, разумець іншых, – пералічвае юбіляр.
Гэтыя якасці дапамагалі яму і  на вайне, калі  забяспечваў запас  патронаў  кулямётчыка. Васемнаццацігадовы юнак пайшоў на фронт у  лютым 1945-га. Ці страшна было? Страшна, але выгляду стараўся не паказваць. Крочыў за старэйшымі наперад. А  паставілі задачу пашырыць і ўмацаваць плацдарм  для фарсіравання  Одэра, каб маглі прайсці другія часці, –  не заўважалі ні стомленасці, ні  холаду, ні небяспекі.  Акопы, гразь, вада льецца за каўнер, вакол свісцяць кулі, гінуць людзі – гэта вайна…
На ваенных дарогах Штундзера былі нямецкія гарады  Шверын, Расток, дзе і пачулі ад камандзіра радасную вестку пра Перамогу. Абдымаліся, віншавалі адзін аднаго.
Доўга лячыўся ў шпіталі,  а затым працягваў службу  ў ваеннай часці ў нямецкім Пархене. Даслужыўся да старшыны танкавых войскаў. Яго партрэт быў на палкавой Дошцы гонару.
У пачатку 50-х салдат вярнуўся ў родную вёску. Адвучыўся ў ДТСААФе на вадзіцеля, і паехала жыццё на колах. Кіраваў ГАЗ-52 і 53, аўтобусам, легкавушкай.  Тэхніку адчуваў і ведаў  выдатна – сам рамантаваў. Толькі на нейкі час  змяніў дзейнасць – папрацаваў брыгадзірам паляводчай брыгады. І на пенсіі працягваў шчыраваць – адказнага і ўмелага работніка паважалі.
Час ад часу ветэран вайны  пераглядае свае медалі,  за кожным – гісторыя і боль.
–  Часта ўспамінаю дзяцінства – хоць і галодны, але такі шчаслівы час. Трава праб’ецца, і мы, хлапчукі, цэлы дзень на пашы – кароў пасвілі.  Свеціць сонейка, птушкі спяваюць – спакойна і радасна на душы. Няхай заўсёды будзе мір!  – гаворыць Уладзімір Штундзер і дадае:
–  І будуць шчаслівымі людзі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

З танкісцкай загартоўкай. Ветэрана вайны віншавалі з 90-годдзем: 1 комментарий

  • 09/11/2017 в 23:05
    Permalink

    Ветеранов Великой Отечественной войны осталось — по пальцам пересчитать. Школьники, записывайте их воспоминания. Потом и рады будем спросить, а не будет у кого. Владимир Георгиевич, наверное, самый молодой среди ветеранов.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *