Першая чвэрць завяршылася імянінамі. Гімназія г. Ляхавічы адзначыла чарговы дзень нараджэння

Дзень нараджэння – свята шчырых эмоцый, напоўненае ўражаннямі і прыемнымі нечаканасцямі. Гімназія адзначыла яго 27-ы раз.

Канешне, у параўнанні з узростам іншых школ раёна, лічба не вялікая. Але за гэты час вучні і педагогі гэтай установы адукацыі дасягнулі многага. Імёны гімназістаў заўсёды ў ліку пераможцаў шматлікіх алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў. Актыўнічаюць яны і ў культурным жыцці раёна.
Як і ў кожнай адукацыйнай установы, у нас ужо ёсць свая гісторыя, традыцыі, якія мы шануем і прымнажаем. Святкаванне дня нараджэння любімай гімназіі звычайна адбываецца напярэдадні восеньскіх канікулаў, у апошні дзень першай чвэрці. Сёлета – 27 кастрычніка.
Гэты дзень гімназія пачала з традыцыйнай лінейкі. Шчырыя віншаванні ў адрас вучняў, настаўнікаў, усіх работнікаў гучалі ад дырэктара гімназіі Таісіі Шыбун. Асабліва важны, адметны гэты дзень для  пяцікласнікаў, якія цяпер «афіцыйна» папоўнілі рады гімназістаў.
Пасля ўрачыстасцяў вучні 5-6 класаў паўдзельнічалі ў спартландыі. Старшакласнікі спаборнічалі ў конкурсе на лепшую прэзентацыю «Гімназія для мяне». Кожная з іх была асаблівай, арыгінальнай, часам са шчымлівымі момантамі, ад якіх на вачах у многіх выступалі слёзы радасці. Хочацца спадзявацца, што  гэты конкурс стане яшчэ адной   добрай традыцыяй. У любімай гульні гімназістаў «Што? Дзе? Калі?» за кубак Яраслава Мудрага змагаліся вучні 8-11 класаў.
А колькі ў нас талентаў: і спяваюць, і танцуюць, і на музычных інструментах іграюць, здзіўляюць акцёрскай гульнёй. Канцэртная праграма «Алё, мы шукаем таленты» – яскравае таму пацвярджэнне.
Завяршальным акордам свята сталі дэбаты: старшакласнікі і настаўнікі выказвалі свае думкі наконт ролі  інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. Размова атрымалася змястоўнай, цікавай і пазнавальнай. Галоўнае, удзельнікі прыйшлі да агульнай высновы: інфармацыйныя тэхналогіі  дапамагаюць вучобе толькі тады,  калі карыстацца імі ў меру.
– Дзень гімназіі атрымаўся насычаным, сонечным, незалежна ад надвор’я, дамашнім і ўтульным, – падзялілася сваімі ўражаннямі Таісія   Шыбун. – Важна, што ён  звязвае ўсе пакаленні гімназістаў і настаўнікаў.
27 гадоў – малады ўзрост. Наперадзе шмат цікавага, карыснага, адметнага. Хочацца пажадаць роднай гімназіі ніколі не спыняцца ў развіцці, каб яе выхаванцам  скараліся новыя вяршыні.
Кацярына  КОЗЕЛ,
вучаніца 11 класа гімназіі.
Фота з архіва гімназіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *