Цэнтр вясковай сувязі. 8 гадзін раніцы. Пачынаецца адлік чарговага працоўнага дня і ў Альхоўскім аддзяленні паштовай сувязі

Сённяшнія паштальёны Юлія Дрозд і Анатолій Дудко і іх былая калега Тамара Лойка з унучкай.

8 гадзін раніцы. Пачынаецца адлік чарговага працоўнага дня і ў Альхоўскім аддзяленні паштовай сувязі. У пакоі цёпла, тутэйшая начальніца Валянціна Собаль паспела  прапаліць печку.  Без малога 35 гадоў жанчына працуе тут, не здраджвае ні пасадзе, ні прафесіі.

– Гэта цяпер  мы абслугоўваем толькі каля 200 домаўладанняў у Альхоўцах,  Гукове, Вадзяціне і Пад’язаўле, а раней – больш за 700.  Тады перыёдыкі выпісвалі ў разы больш, а колькі пісьмаў, паштовак  адпраўлялі і атрымлівалі. Пасылак і бандэролей таксама нямала было. Сёння іх можна па пальцах пералічыць. Што датычыцца газет,  то вяскоўцы чытаюць менш – гэта відаць па падпісцы.  Адзінае выданне, якое не страчвае папулярнасці, – «Ляхавіцкі веснік»: раёнку выпісваюць па 131 адрасе. Сярод рэспубліканскіх найбольш запатрабаваныя «СБ-Беларусь сегодня», «Народная газета»,
«7 дней», – дае расклад начальнік аддзялення паштовай сувязі Валянціна Собаль.
Яна ўспамінае ранейшых паштальёнаў, якія з сумкамі, нагружанымі карэспандэнцыяй, спяшаліся  штодня па сваіх маршрутах: ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра  Янушкевіча і яго жонку Валянціну, а таксама Вячаслава Сліву, Марыю Юруць.
Асабліва хвалявалася Валянціна Сяргееўна, калі трэба было разносіць пенсіі. Прыгадвае, як раскладвала для кожнага атрымальніка ў асобны канверт, некалькі разоў пералічвала, а вечарам  тэлефанавала, ці атрымалі пенсіянеры грошы.
Валянціна Собаль  дакладна вывучыла звычкі сваіх аднавяскоўцаў, ведае, хто якія газеты ці часопісы чытае.
За 4,5 гадзіны (столькі штодня працуе  вясковае паштовае аддзяленне, акрамя нядзелі і панядзелка) сюды ў сярэднім прыходзіць не менш за 20 наведвальнікаў. Тут ветліва і гасцінна сустрэнуць, кваліфікавана  абслужаць, параяць і дапамогуць, пры неабходнасці аформяць заяўку на спадарожныя тавары, каб потым прывезці заказанае адрасату.
– Добры дзень, Сяргееўна. Мне, калі ласка, пральны парашок,  вафлі і сродак для мыцця посуду, – заказала  пакупкі маладая жанчына.
Не паспелі за ёй зачыніцца дзверы, як на парозе чарговы наведвальнік. Малады чалавек забег за цукеркамі і напіткам.
– Разлічвалася за камунальныя паслугі. Заадно чай, каву, цукар купляю, – тлумачыць жыхарка Альхоўцаў  Дар’я Туцін.
– Што закажаш, заўсёды прывязуць. Абслугоўваюць нас вельмі ветліва, – далучаецца  яе аднавяскоўка Валянціна Шода.
Нібы дадому прыходзіць у аддзяленне сувязі Надзея Ісакава. Да выхаду на заслужаны адпачынак яна таксама працавала паштальёнам:
– І сёння з  цеплынёй успамінаю сваю работу. Разносіла пошту, пенсіі ў Альхоўцах, Пад’язаўле, Вадзяціне. Хоць і цяжкавата, але ніколі не шкадавала, што займалася такой неабходнай справай.  Ведаеце, для  пажылых людзей, асабліва адзінокіх, важна, каб ім не толькі прынеслі газету ці пенсію, але і проста пагаварылі з імі. І самой на душы цяплей, калі бачыш, што іншаму чалавеку добра.
Валянціна Собаль усміхнулася чарговаму наведвальніку: сёння сабраўся імправізаваны паштовы сход – зайшла з унучкай яшчэ адна былая супрацоўніца аддзялення Тамара Лойка.
А тым часам  паштальёны (у Альхоўскім аддзяленні іх двое), распакаваўшы па сумках карэс-пандэнцыю, адпраўляюцца  па вясковых вуліцах. Анатолій Дудко ў паштовай справе невыпадковы чалавек.  Яшчэ ў дзяцінстве неаднойчы прымяраў на сябе  сумку праз плячо: дапамагаў маме Марыі Максімаўне разносіць газеты, часопісы, пісьмы землякам. У сярэдзіне 90-х гадоў  мінулага стагоддзя змяніў маці на гэтым адказным пасту. Праўда, спрабаваў сябе на іншай рабоце, але ўсё ж паштовая прафесія зноў паклікала Анатолія.
– Цяпер, як і некалі,  самая чаканая газета на маім участку –  раёнка, яе выпісваюць, чытаюць. У нашай сям’і «Ляхавіцкі веснік»  таксама ў пашане, – расказвае Анатолій Пахомавіч.
Калі ў Альхоўцах пошту разносіць Анатолій Дудко, то ў  Гукове, Вадзяціне, Пад’язаўле – яго жонка Юлія.
– Працую толькі год. Калі пешшу, калі на веласіпедзе, дабіраюся да адрасатаў. Падабаецца радаваць людзей. У асноўным мае падапечныя сталага ўзросту. З імі абавязкова пагаворым пра жыццё. Яны дзеляцца сваімі праблемамі, цікавяцца апошнімі вясковымі навінамі, –  гаворыць  Юлія.
Ёсць у сямейным падрадзе вызначальнае – бездакорнае выкананне сваіх абавязкаў і ўважлівасць да  кліентаў.
– Малайцы, добра працуюць, людзі іх хваляць,– Валянціна Собаль задаволена стаўленнем сваіх падначаленых да справы.
Да невялікага, але  акуратнага, пафарбаванага ў бела-сінія – белпоштаўскія – колеры будынка  на веласіпедзе пад’язджае чарговы кліент. Аддзяленне сувязі ў вёсцы – установа надзвычай патрэбная.І няхай усё гучней пра сябе заяўляе электронная, чалавека з сумкай праз плячо  чакаюць з нецярпеннем: ён веснік добрых навін.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Начальнік аддзялення паштовай сувязі Валянціна Собаль.

Надзея Ісакава працавала тут раней.

One thought on “Цэнтр вясковай сувязі. 8 гадзін раніцы. Пачынаецца адлік чарговага працоўнага дня і ў Альхоўскім аддзяленні паштовай сувязі

  • 09/11/2017 в 14:26
    Permalink

    Самая народная профессия — почтальён. Сил и здоровья людям, которые, несмотря на погоду, приносят добрые вести

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *