Падаць таксама трэба ўмець. Майстар-клас па акцёрскай гульні ад рэжысёра тэатральнага калектыву ГДК г.Ляхавічы

– Пакладзіце свае мабільныя тэлефоны. На бліжэйшую гадзіну яны вам не спатрэбяцца. Будзе цікава, абяцаю, –  заінтрыгаваў удзельнікаў майстар-класа па акцёрскай гульні рэжысёр тэатральнага калектыву ГДК Арцём Бадак.
У мінулую сераду выхаванцы тэатральнага аб’яднання па інтарэсах «Карусель» цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пазнаёміліся з іншым бокам творчага жыцця акцёраў.  З тым, што  знаходзіцца па-за межамі сцэны і наўрад ці вядомы гледачам.
І як бы дзіўна ні гучала, пачалі з … размінкі, зрабілі некалькі практыкаванняў на разагрэў мышцаў. Гэта дазваляе целу настроіцца на працу. Арцём Бадак перакананы: важна знайсці тую мову, на якой акцёр дастукаецца да эмоцый гледача. А гэта стане магчыма толькі тады, калі фізічныя дзеянні адпавядаюць яго ўнутранаму настрою. Здаецца, проста, а на справе складана, у чым на практыцы пераканаліся юныя акцёры. Акрамя таго, вучыліся адчуваць партнёра, арыентавацца ў  прасторы – такія рэчы вельмі важныя падчас спектакля. Пасля падобных  практыкаванняў ці, як прынята гаварыць у тэатральным асяроддзі, трэнінгаў, выхаванцы сталі больш раскаванымі, адчувалася свабода, з’явілася жаданне хутчэй перайсці да артыкуляцыйных  заданняў, яны забыліся пра страх і нясмеласць.
Наступнае, пра што гаварылі, – сцэнічнае дыханне, якое з’яўляецца асновай маўленчага гучання. І хоць прапанову «навучымся правільна дыхаць»  дзеці ўспрынялі адразу несур’ёзна, аднак пасля першага практыкавання зразумелі важнасць пытання. Ад гэтага ж залежыць прыгажосць, лёгкасць, меладычнасць і гарманічнасць гучання.
А яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся падаць. Аказваецца, гэта таксама трэба ўмець, прычым рабіць натуральна, прыгожа… і без шкоды для здароўя.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *