Там, дзе лён шуміць

Традыцыйная для нашых шырот, патэнцыяльна высокадаходная і практычна безадходная культура – лён. Ужытак знаходзіць і насенне расліны, і, канешне, сцябло. Пабочны прадукт апрацоўкі апошняга – кастрыца – таксама можа мець і нярэдка мае эканамічна рацыянальнае выкарыстанне. Кастравыя паліўныя брыкеты могуць служыць у якасці аднаго з такіх прыкладаў. У той жа час, вырошчванне льну з’яўляецца вельмі клапатлівай справай.
Схіляцца над раслінамі ў прамым сэнсе, што з’яўлялася цвёрдай практыкай яшчэ нейкіх паўтара дзясятка гадоў назад, сёння не патрабуецца – увесь спектр палявых аперацый узялі на сябе машыны. Хіба толькі ў выпадках форс-мажору.
У справе вырошчвання льну няма дробязяў, але могуць быць і здараюцца нечаканасці. Сельскагаспадарчы год, фініш якога ўжо максімальна блізка, выдаўся не без асаблівасцяў. Цяплом на сваім першым этапе вясна абяцала многае. Абяцанні не спраўдзіліся, і за кароткім перыядам адноснага цяпла наступіла зусім некароткае і не сезоннае пахаладанне. Група нецеплалюбівых яравых сельскагаспадарчых культур на той момант ужо была пасеяна. Некаторыя з пасеваў паспелі ўзысці, аднак, актывізаваць рост не дазволіў холад. Насенне, кінутае ў раллю пазней, доўга марнавалася ў глебе, губляючы тым самым свой узыходны і ўраджайны патэнцыял. Іменна гэтыя акалічнасці, па словах дырэктара льнозавода Дзмітрыя Скакуна, ляжыць у аснове сітуацыі з недаборам ільнотрасты. Гэта іх сыравіна, нагадаем, прадукт перапрацоўкі, тое, чым завод «корміцца» на працягу года – ад ураджаю да ўраджаю.
Абсалютна большую частку сыравіны льнозавод рыхтуе сабе сам. Прадпрыемства-перапрацоўшчык з аднаго боку і важкі сельскагаспадарчы цэх – з другога. Сёлета завод вырошчваў лён на 2 000 гектарах. У карыстанні прадпрыемства знаходзіліся ворыўныя ўгоддзі іншых гаспадарак раёна. Рознавялікія і неаднолькава прадукцыйныя. Разлічвалі сабраць з кожнага гектара плошчаў не менш за
40 цэнтнераў трасты. У рэальнасці з кожнай адзінкі плошчы атрымалася падняць плюс-мінус 29 цэнтнераў.
Лён для патрэб завода ў гэтым годзе вырошчвала таксама і мясцовая льнонасенстанцыя. Тыя ж асаблівасці сезона і далёка не тыя пасяўныя плошчы. Як вынік, сыравінныя шохі прадпрыемства станцыя папоўніла прыкладна на 790 тон трасты.
Па-за раённыя пастаўкі льнотрасты на завод у бягучым годзе выйшлі за лічбу ў паўтары тысячы тон. У сувязі з чым завадчане з удзячнасцю ўзгадваюць сваіх партнёраў «па цэху». У адной частцы гэта Баранавіцкі райаграсэрвіс, у другой – размешчаны ў Аршанскім раёне РУП «Інстытут ільну». Супрацоўніцтва з апошнімі для ляхавіцкіх ільноперапрацоўшчыкаў, як мінімум, сёлета выйшла за рамкі схемы «прадавец-пакупнік». Мэтава, з прыцэлам на ўраджай інстытуцкай трасты ляхавічане дапамаглі навукоўцам з уборкай. У патрэбны час з Ляхавіччыны на Аршаншчыну былі камандзіраваны некалькі адзінак спецыялізаванай тэхнікі, механізатары. З ільнопалеткаў рэспубліканскай навуковай структуры нашы перапрацоўшчыкі атрымалі каля 720 тон трасты. Гэта сыравіна вельмі высокай якасці,  ахарактарызавалі апошнюю на Ляхавіцкім ільнозаводзе.
У цэлым сёлета атрымалася нарыхтаваць у межах 8 000 тон сыравіны. Добрая частка з гэтых запасаў стала ўжо гатовай прадукцыяй. Перапрацавана і адпраўлена спажыўцам у выглядзе валакна. Па стане на пачатак лістапада, сыравінны склад ільнозавода фарміравалі прыкладна 5 000 тон трасты.
Спецыялісты прадпрыемства збалансавалі вытворчы графік. Згодна з ім, два заключныя  месяцы бягучага і ўсю першую палову наступнага года завод ставіць задачу перапрацоўваць 660 тон сыравіны штомесячна. План на чэрвень 2018-га прыкладна ўдвая больш сціплы. У суме, згодна распрацаванага графіка, для васьмімесячнай работы завадчанам спатрэбіцца нязначна больш за 4600 тон сыравіны.
На самым піку будучага лета перапрацоўчыя цэхі завода будуць спынены. Гэта прадугле-джаная рэгламентам штогадовая рамонтна-прафілактычная працэдура, асноўная роля падчас якой адводзіцца слесарам і іншым тэхнічным работнікам і спецыялістам. І наадварот, для персаналу вытворчых змен гэта месяц адпачынку.
Далей – канец лета-пачатак восені. І новы ўраджай, які, на што вельмі спадзяюцца завадчане, будзе выгадна адрознівацца ад сёлетняга і мінулагодняга. І не толькі спадзяюцца – ужо зараз дастаткова шчыльна працуюць на яго карысць. Вызначаны плошчы пад пасевы будучай вясны. Зыходзячы з правіла, што лён можа вярнуцца на канкрэтны ўчастак не раней, чым праз 5 сезонных цыклаў, усе яны атрымалі іншую геаграфію. Плошчы застаюцца на ўзроўні цяперашніх 2000 гектараў. З іх прыкладна 1600 ужо ўзараны, і з кожным днём названая лічба павялічваецца.
Так званыя і новая, і старая вытворчасць прадпрыемства будуць працаваць у трохзменным рэжыме.
– Падлічылі, што ў нашай сітуацыі гэта будзе найбольш аптымальны з пункту гледжання эканомікі ўсяго завода і кожнага з завадчан графік. Пакупкі новай тэхнікі, абсталявання і іншыя непершачарговыя траты пакуль не плануем: вытворча неабходныя расходнікі, абавязковыя, у тым ліку бюджэтныя плацяжы,  і, канешне, заработная плата, якая не павінна знізіцца. Такі расклад на бліжэйшыя месяцы, –    гаворыць дырэктар.
Заўважым пры гэтым, што вытворчыя магутнасці завода дазваляюць перапрацаваць у валакно і 10 000 тон ільнотрасты.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *