Права на здаровую будучыню

14 лістапада нарадзіўся канадскі ўрач і фізіёлаг Фрэдэрыка Банцінг. Ён разам з калегам Чарльзам Бестам адкрыў у 1922 годзе інсулін – лякарства, якое і сёння выратоўвае жыццё людзям з дыягназам «цукровы дыябет». У 1923 годзе Банцінг разам з іншымі навукоўцамі быў удастоены за гэта адкрыццё Нобелеўскай прэміі.  Менавіта 14 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Дзень барацьбы з цукровым дыябетам.
Гэты дзень нагадвае людзям пра  праблему цукровага дыябету і неабход-насць аб’яднаць намаганні дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, урачоў і пацыентаў, каб змяніць сітуацыю да лепшага.
Тэма сёлетняга Сусветнага дня – «Жанчыны і цукровы дыябет – наша права на здаровую будучыню».

У Беларусі 65 працэнтаў хворых на дыябет – жанчыны. Прадстаўніцы прыгожай паловы ў 10 разоў часцей, чым мужчыны, пакутуюць ішэмічнай хваробай сэрца. Жанчыны з дыябетам І тыпу маюць павышаную рызыку ранняга выкідыша ці нараджэння дзіцяці  з парокамі развіцця.
Рэгіструюцца выпадкі гестацыйнага цукровага дыябету. Гэта парушэнне вугляводнага абмену рознай ступені, упершыню выяўленае падчас цяжарнасці. Сёлета ў нашым раёне 15 такіх выпадкаў. Узрост старэйшы за 30 гадоў,  атлусценне,  наяўнасць дыябету ў блізкіх сваякоў,  паталагічная прыбаўка масы цела, нараджэнне дзяцей вагой менш за 2,5 кілаграма і больш за 4 кілаграмы і іншыя – прычыны  развіцця такой паталогіі.  У час цяжарнасці гіперглікеміяй лічыцца павышэнне ўзроўню глюкозы ў крыві  нашча  больш за 5,3 ммоль/л пры двухразовым вымярэнні.

Лячэнне залежыць ад ступені парушэння вугляводнага абмену. У першую чаргу, урач парэкамендуе рацыянальнае харчаванне з абмежаваннем лёгказасваяльных  вугляводаў, адэкватную фізічную нагрузку, інсулінатэрапію, бо цукразніжальныя прэпараты ў таблетках супрацьпаказаны.  У абавязковым парадку неабходны пастаянны кантроль узроўню глюкозы крыві і глікіраванага гемаглабіну.  Дарэчы, гестацыйны дыябет небяспечны  як для маці, так і для плода. Звычайна пасля родаў узровень глюкозы нармалізуецца, але рызыка развіцця цукровага дыябету ІІ тыпу праз 10-15 гадоў узрастае на 50-80 працэнтаў.

У райбальніцы дзейнічае школа цукровага дыябету.  Пацыенты прыходзяць сюды, каб атрымаць парады спецыялістаў, даведацца пра новыя распрацоўкі і методыкі лячэння, удакладніць індывідуальную сістэму харчавання і ўвогуле адкарэкціраваць лад жыцця.

Вольга БАРТАШЭВІЧ, урач-эндакрынолаг райбальніцы.
ФАКТ

Каля 422 мільёнаў чалавек у свеце   (у нашай краіне – 300 тысяч)  хворыя дыябетам, прычым палова з іх не ведае пра свой дыягназ. У Ляхавіцкім раёне на ўліку 1035 хворых з дыябетам ІІ тыпу, з іх 635 жанчын, І тыпу – 51 і 19 адпаведна,  «несалодкі» дыягназ маюць 5 дзяцей і падлеткаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *