«Я тут, пад гэтым небам, нарадзіўся». У Падлескім сельскім Доме культуры прайшлі першыя краязнаўчыя чытанні

Падлескі народны хор, 1947 год.

На Ляхавіччыне адбыліся першыя  краязнаўчыя чытанні «Я тут, пад гэтым небам, нарадзіўся». Яны прайшлі ў Падлескім сельскім Доме культуры, а падрыхтавала і правяла іх тутэйшы  бібліятэкар Ларыса Глеб. Дарэчы, менавіта яе праца сёлета была адзначана на рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання». Прысвечаны краязнаўчыя чытанні таленавітым ураджэнцам вёскі Падлессе, якая сёння мае статус аграгарадка. На мерапрыемства запрасілі жыхароў вёскі, вучняў і настаўнікаў школы, работнікаў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці раёна, краязнаўцаў і навуковых супрацоўнікаў.

Каля сцэны – экспазіцыі «З гісторыі Падлескага народнага хору» і «Наш зямляк – Анатоль Бярозка». У фае – выставы работ мясцовых народных умельцаў Вольгі Мацуль і Ніны Мартыненка. Прапанаваны выставы Вольгі Якунінай «Падлескія ручнікі» і работ выхаванцаў студыі «Апалон» пад кіраўніцтвам ураджэнкі Падлесся Алесі Планінай.

Адкрыла першыя краязнаўчыя чытанні дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Вольга Пляшэвіч. І вось залу напоўніла старажытная музыка, на яе фоне гучала легенда пра ўзнікненне і паходжанне вёскі: «Ехаў князь Сапега на кані са сваёю сляпою дачкою. Раптам коні ўпудзіліся і панесліся па дарозе. Спалоханы князь пачаў маліцца Божай Маці, прыгаворваючы, што там, дзе коні спыняцца, абавязкова пабудуе царкву. Коні спыніліся ля каменя, на якім быў відаць след. У выемцы ад следу заставалася вада. Бацька гэтаю вадою працёр вочы дачкі. І здарыўся цуд: сляпая дзяўчына пачала бачыць. Узрадаваны князь загадаў узвесці на гэтым месцы каплічку, а потым была пабудавана Свята-Духаўская царква.  А там, дзе  царква, селяцца людзі.  Так і ўзнікла вёска Падлессе. І быў гэта 1553 год».

Вёска Падлессе багатая на таленавітых сыноў і дачок. Тысячагадовая гісторыя праваслаўя нарадзіла святых зямлі беларускай, сярод якіх ураджэнец вёскі Падлессе Серафім Жыровіцкі (у міру – Раман Шахмуць). Пра ягонае жыццё, поўнае веры, выпрабаванняў і пакут, расказаў настаяцель Падлескай Свята-Духаўскай царквы іерэй Канстанцін Шалудзько.

Паэт, доктар медыцыны  Анатоль Бярозка (Мітрафан Смаршчок) таксама  родам з Падлесся. Удалечыні ад роднага краю ў Амерыцы ён пісаў пра вечныя каштоўнасці, пра сваю родную зямлю, прыроду, наша Падлессе.  А пра Анатоля Бярозку распавяла землякам яго стрыечная сястра, таксама цудоўны, добры і шчыры чалавек Таццяна Каралёва.

На чытанні быў запрошаны навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Андрэй Кракотка. Ён гаварыў пра падзеі Першай сусветнай вайны ў нашым краі, пра даследчую працу, што вядзецца зараз.

Мікалай Салагуб, можна сказаць, з’яўляецца візітнай карткай сучаснага Падлесся, у яго працах адлюстроўваецца развіццё вёскі ў розныя гады. Жыхары Падлесся не ўяўляюць ніводнага мерапрыемства без удзелу Мікалая Аляксеевіча. Яго прафесійныя відэа, фота нагадваюць нашым землякам, якімі яны былі, якімі сталі. Краязнаўца па прызванні, фатограф ад Бога Мікалай Салагуб не толькі адлюстроўвае прыгажосць прыроды і побыту людзей, але і праз сацыяльныя сеткі робіць гэта ўсё даступным. Мікалай Аляксеевіч вельмі цікавы дапытлівы чалавек, добры гаспадар.

Жывапісец і графік, член Беларускага саюза мастакоў Мікалай Таранда нарадзіўся 15 жніўня 1947 года ў Падлессі. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, удзельнічаў у распрацоўцы і стварэнні помніка жыхарам Барані, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Яго першая персанальная выстава адбылася ў 1973 годзе ў Оршы. Персанальныя і калектыўныя выставы праходзяць у Палацы мастацтваў, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Мінскім касцёле   святых Сымона і Алены, у выставачных залах Віцебска, Полацка, Оршы, а таксама ў Вязьме і Смаленску. Удзел у міжнародных пленэрах натхніў мастака на стварэнне серый фармальных работ. Жыве і працуе ў горадзе Барань. Работы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, у музеях і мастацкіх галерэях Мінска, горада Пернік (Балгарыя), Смаленска, Віцебска, Оршы, Полацка, у прыватных калекцыях у Беларусі, Балгарыі, Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, ЗША. На жаль, на мерапрыемстве ён прысутнічаць не змог, але перадаў сваім землякам нізкі паклон і прывітанне, а таксама мультымедыйную прэзентацыю сваіх работ.

Усе, хто любіць і ведае вёску, у першую   чаргу асацыююць яе з Падлескім   народным хорам, які ў 1939-м стварыў знакаміты маэстра Генадзь Цітовіч. У Падлессі спявалі ўсё жыццё. Пра гісторыю народнага хору расказала, ветэран працы, ганаровы работнік культуры Галіна Мазюк.

Сённяшні народны хор нельга ўявіць без кіраўніка Вольгі Якунінай. А вакальная група хору  прадэманстравала сваё майстэрства на сцэне.

Падлескія карані ў дырэктара Ураджайнінскага СДК Ларысы Ясевіч. Вакальная група «Жывіца» прадставіла сваю праграму.  Сяргей Масцілоўскі звязаны з музыкай і паэзіяй. Ён  нарадзіўся ў вёсцы Рамашкі побач з Падлессем. Стварыў у Баранавічах вакальную групу цыганскай песні «Поющие сердцем», якая вядома ва ўсёй нашай краіне. Удзельнікам мерапрыемства і гасцям ён чытаў свае вершы і падарыў песню.

Ураджэнка Падлесся вясёлая, таленавітая, крэатыўная Таццяна Пішч, якая працуе мастацкім кіраўніком Навасёлкаўскага СДК. Усе свае сілы і намаганні аддае народнаму клубу аматараў песні, гумару і гульні  «Вечарніца», які таксама парадаваў удзельнікаў чытанняў сваёй творчасцю.

Кожны з  прысутных на сустрэчы адкрыў у сваёй душы штосьці новае і светлае. Краязнаўчыя матэрыялы мы збяром для захавання нашым нашчадкам: ім ёсць кім і чым ганарыцца. Спадзяёмся, што краязнаўчая спадчына Падлесся будзе папаўняцца новымі імёнамі.

На чытаннях прагучала нямала цікавых і карысных думак і прапаноў, а непасрэдныя творчыя кантакты, спадзяёмся, будуць спрыяць далейшай актывізацыі краязнаўчай працы ў нашым раёне.

Марына НІКІЦІНА,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Фота Аляксандры НОВІК

і з архіва Падлескага СДК.

Гэты фотаздымак калісьці ўпрыгожваў старонкі газеты «Правда».

Кіраўнік хору Генадзь Цітовіч з удзельнікам хору Герасімам Праневічам.
Вакальная група сённяшняга Падлескага народнага хору.
Работы Ніны Мартыненка.

Навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Андрэй Кракотка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *