Свае сярод чужых

Вал – ужо не догма. Агульны аб’ём вытворчасці, канешне ж, з’яўляецца характарыстыкай прадпрыемства, можа і павінен разглядацца   ў якасці прагнознай велічыні, служыць падставай для шэрагу іншых  меркаванняў. Але толькі ў выпадку агульнай эфектыўнасці вытворчасці. Пачынаючы з 2011 года, фаварытамі пры ацэнцы якасці работы любога прадпрыемства становяцца прадукцыйнасць працы, рэнтабельнасць вытворчасці, гандлёвыя поспехі, паказчыкі матэрыялаёмістасці і прыбавачнай вартасці – усяго, што фарміруе прыбытак і дае магчымасць  рэгуляваць узровень заработнай платы. Знешнегандлёвы вектар  дзейнасці – тэма асобнай размовы.

Значэнне экспарту як аднаго з эканамічных прыярытэтаў толькі ўзмацняецца. Пры гэтым не “адвёртачны” з пераважнай часткай замежных камплектуючых экспарт павінен правіць баль: адпаведная нацыянальная праграма ставіць задачу нарошчвання экспартных паставак за кошт развіцця навуковаёмістых вытворчасцяў і прадпрыемстваў, што працуюць на мясцовай сыравіне. Навука – не справа сельскагаспадарчых раёнаў, а вось пра экспарт тавараў, якія атрыманы шляхам трансфармацыі мясцовых сыравінных рэсурсаў – напрыклад, малака, торфу, іншага, – Ляхавіччыне ёсць што сказаць. А калі за кропку адліку браць станоўчае знешнегандлёвае сальда – магчыма, і пахваліцца.

У 2010 годзе прадпрыемствы раёна “адгрузілі” за межы краіны тавараў і паслуг на суму 20,3 мільёна долараў ЗША. Пры гэтым кошт паступленняў у супрацьлеглым накірунку – імпарт – характарызаваўся лічбай у 9,3 мільёна названых грашовых адзінак. Розніца, як бачым, раўняецца 11 мільёнам на карысць нашых вытворцаў.

Да завяршэння года бягучага засталіся, можна сказаць, лічаныя гадзіны. Хутка стануць вядомы вынікі, будзе атрыманы канчатковы знешнегандлёвы расклад 2011 года. Аднак ужо і зараз можна без рызыкі памыліцца сцвярджаць, што будзе ён на ка-рысць раённага экспарту, што сукупнае знешнегандлёвае сальда будзе характарызавацца станоўчай адзнакай. Як і летась, толькі з тэндэнцыяй да павелічэння. Падставай для аптымізму служаць вынікі работы на працягу першых 10 месяцаў года. За азначаны перыяд прадпрыемствамі, арганізацыямі нашага раёна за межы рэспублікі адпраўлена прадукцыі на суму 24,8 мільёна долараў ЗША. Імпарт жа мае адваротную, у параўнанні з папярэднім годам, дынаміку – з’яўляецца роўным 5,7 мільёна долараў. Ужо на гэтым адрэзку часу знешнегандлёвае сальда раўняецца 19,1 мільёна долараў і значна перавышае гадавое леташняе. У цэлым жа па прагнознай ацэнцы аддзела эканомікі райвыканкама, да канца 2011 года рэальна выйсці на рубеж 20 мільёнаў долараў знешнегандлёвай выгады.

Хто ж яны, здабытчыкі валютных сродкаў? І ў мінулым годзе, і сёлета абсалютнае першынство ў раённай экспартнай намінацыі належыць СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” — больш як 50 працэнтаў у агульнай долі. Да фаварытаў можна аднесці таксама і ЗТАА “БелДан” – прадпрыемства “закрывае” раённы экспарт прыкладна на 31 працэнт. Акрамя таго, эканамічную нішу за межамі краіны знайшлі ААТ “ТБЗ “Ляхавіцкі”, ТАА “Трансэлектракамплект”, ПУП “Ляхавічыдрэў”, ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, СВК “Ляхавіцкі”, ПУП “Цвірко і К”. Знешнегандлёвыя кантакты названых кампаній істотна адрозніваюцца аб’ёмамі, геаграфіяй і гісторыяй, спецыфікай таварных пазіцый. Дастаткова “ўчытацца” ў назву кожнага з экспарцёраў, каб атрымаць уяўленне аб спецыялізацыі іх паставак: малочныя вырабы, свініна, тарфяныя паліўныя брыкеты, электратэхнічная прадукцыя і гэтак далей, у адпаведнасці.

Пашырылася сёлета, у параўнанні з мінулым годам, і геаграфія дзелавых сувязяў прадпрыемстваў раёна. Знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг ажыццяўляецца з, прыкладна, 25 краінамі СНД, Заходняй Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *