Як па тонкім лёдзе

Ступаюць, як па тонкім лёдзе – асцярожна, адчуваючы кожны крок, сантыметр паверхні. Так ходзяць людзі, для якіх  навакольны свет не мае колераў, а іх памочнік, апора, вочы –  белы кій.  Менавіта ён дапамагае арыентавацца інвалідам па зроку. Гісторыя белага кія пачалася амаль 100 гадоў назад у Вялікабрытаніі, калі фатограф Джэймс Бігс пасля няшчаснага выпадку страціў зрок. Яму давялося занава вучыцца хадзіць. Сітуацыя ўскладнялася тым, што чорны кій ніхто не заўважаў, і  Бігс афарбаваў яго  ў белы колер. Ідэя спрацавала,  і яе  падхапілі  невідушчыя ва ўсім свеце.
Страта зроку – сур’ёзнае выпрабаванне. Яго дапамагаюць пераадольваць члены  абласной арганізацыі  Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, пярвічкі якога створаны па ўсёй Брэстчыне. У сярэдзіне кастрычніка з мэтай прыцягнення ўвагі да праблем невідушчых яны аб’явілі традыцыйны месячнік «Чалавек з белым кіем». Важна, каб людзі з праблемамі зроку не адчувалі адзіноты і ведалі, што ў іх ёсць сябры, якія  заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі.
У раённай арганізацыі БТІ па зроку 150 чалавек. Яе старшыня Алена Пішч расказвае, што члены арганізацыі ўдзельнічалі ў абласным конкурсе «Эрудыт». Нашы землякі актыўна адказвалі на інтэлектуальныя пытанні і дастойна выглядалі сярод іншых.  Членам арганізацыі даступны разнастайныя сродкі рэабілітацыі, у тым ліку праграмныя і апаратныя.
Сёння ў Століне праходзіць абласны семінар, на якім абмяркоўваецца стварэнне безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці і ўмоў  сацыяльна-эканамічнай актыўнасці інвалідаў па зроку.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *