А што ў гандлі? ПРАМАЯ ЛІНІЯ «ЛВ»

Чарговым госцем прамой лініі «ЛВ» стаў старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч. На мінулым тыдні ён адказаў на пытанні, што хвалявалі чытачоў «ЛВ».

– Сёлета ў павільёне райпо на рынку быў як ніколі вялікі выбар садавіны, агародніны, фруктаў. А дзе ўсё гэта можна будзе набыць зімой? Спецыялізаванага ж магазіна ў Ляхавічах цяпер няма…

– Сапраўды, з надыходам мінусавых тэмператур гандляваць на вуліцы садавінай і агароднінай нельга. Але гэты тавар можна будзе набыць ва ўсіх гарадскіх і вясковых магазінах. У асартыментным пераліку абавязкова прадугледжана сезонная прадукцыя. Можна будзе набыць не толькі бульбу, моркву, капусту, цыбулю, яблыкі, але і, напрык-лад, салёныя агуркі, квашаную капусту нашай вытворчасці. Ну і, канешне, лімоны, апельсіны, мандарыны і іншыя завазныя фрукты.

Магу дадаць, што поўнасцю сфарміраваны стабілізацыйныя фонды на забеспячэнне садавінна-агародніннай прадукцыяй школ і дзіцячых садоў, медустаноў і рознічнай гандлёвай сеткі. Напрыклад, сёлета мы назапасілі па 40 тон бульбы і яблыкаў,

20 тон капусты, 30 тон цыбулі, 18 тон морквы і 10 тон буракоў. Гэтага хопіць да наступнага сезона. Частка прадукцыі захоўваецца ў нас у сховішчы для агародніны, частка – па дагаворах захоўвання.

– У многіх магазінах устаноўлены касавыя апараты, якія выдаюць падрабязны чэк: што купіў, якая вага прадукту, цана, кошт. Хачу запытацца, калі такі з’явіцца ў магазіне вёскі Крывошын? Стары касавы апарат выдае чэк толькі з лічбамі.

– І трэба сказаць, што касавыя апараты такога, як вы кажаце, старога ўзору ўстаноўлены ва ўсіх нашых вясковых магазінах. Яны поўнасцю адпавядаюць патрабаванням заканадаўства. Мяняць іх на больш сучасныя камп’ютарныя сістэмы ў бліжэйшы час не плануецца.

– Тэлефаную з Вострава. Некалькі гадоў назад у нас закрылі мага-зін прамысловых тавараў. Непакоіць, што тэрыторыя вакол будынка нядобраўпарадкаваная. Там патрэбна не толькі прыбраць смецце, але і зрэзаць кустоўе…

– Абяцаю, што да канца лістапада парадак навядзём.

– Добры дзень, Васілій Барысавіч. Хацелася б даведацца, якія навінкі рыхтуе райпо для сваіх пакупнікоў. Магчыма, плануеце адкрыць новыя магазіны?

– Ёсць такія планы. У 2019 годзе новы магазін «Родны кут» з’явіцца ў мікрараёне «Патапавіцкі» райцэнтра. А ў наступным годзе плануем на першым паверсе адміністрацыйнага будынка райпо па франшызе адкрыць магазін будаўнічых матэрыялаў «ОМА». Будзем пад лагатыпам гэтай кампаніі рэалізоўваць яе ж тавар. Дарэчы, вопыт выкарыстання брэнда па франшызе ў нас ужо ёсць – сёлета адкрылі магазін «Кладоўка» (гэта брэнд ААТ «Мінск крышталь»).

Пытанне ад «ЛВ»:

– Давайце вернемся ад планаў да рэальнасці. Якія канкрэтныя крокі з разлікам на перспектыву зроблены апошнім часам?

– У першую чаргу, канешне, варта гаварыць пра мадэрнізацыю. Сур’ёзнае абнаўленне летась праведзена на кааппраме: капітальны рамонт цэха хлебапячэння і цэха мясных паўфабрыкатаў. Сёлета купілі ўзбівальную машыну, што дазволіла значна пашырыць асартымент за кошт бісквітнай прадукцыі, якая карыстаецца попытам. Наогул, асартымент кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў пастаянна абнаўляецца. Зараз на прадпрыемстве рыхтуецца дэкларацыя на 400 новых відаў прадукцыі, якія будуць   асвоены на працягу 2-3 гадоў. Гэта і пячэнне, і здоба, і новыя віды хлеба, і многае іншае.

Дарэчы, сёлета на кааппраме сталі вырабляць прыкормку для рыбы, якая аказалася даволі запатрабаванай. За сезон праз сваю гандлёвую сетку і белкаапсаюзаўскія магазіны вобласці рэалізавалі яе каля 1,5 тоны.

Надаем значную ўвагу ўдасканаленню гандлёвага абслугоўвання. Летась адкрылі магазін на вуліцы Інтэрнацыянальнай. За апошнія два гады пасля частковай замены гандлёвага і тэхналагічнага абсталявання, рамонту будынкаў пераведзены на метад самаабслугоўвання магазіны ў Свяціцы, Ліпску, Навасёлках, Альхоўцах, Малым Гарадзішчы, Начы, Русінавічах, Коньках, Жарабковічах, Галаўнінцах. Яны не толькі набылі больш прэзентабельны выгляд, але, у першую чаргу, сталі больш зручнымі для пакупнікоў. Пэўную перабудову правялі ва ўніверсаме.

Мне здаецца, заслугоўвае ўвагі і тое, што ляхавічане атрымалі магчымасць набыць гарачы хлеб, сёння ў райцэнтры 5 кропак яго рэалізацыі.

Варта закрануць яшчэ адзін аспект. На нашым балансе ёсць будынкі, якія не эксплуатуюцца. Стараемся ад іх пазбаўляцца. Сёлета прадалі пустуючыя будынкі былых магазінаў у Савейках, Пранчаках, магазіна і сталовай –  у раёне сельгастэхнікі. Здалі ў арэнду памяшканне былога бара па вуліцы Цітовіча, цяпер там адкрыўся прыватны салон прыгажосці.

– Хачу паскардзіцца на вашу піцэрыю. Напісана, што працуе да 22 гадзін, а ў адну з мінулых   нядзель яе закрылі ў 21 гадзіну – літаральна ў нас перад носам.

– Наколькі ведаю, у апошні час рэжым работы піцэрыі па ўзгадненні з райвыканкамам быў зменены ў сувязі з хваробай аднаго з работнікаў. Калі інфармацыі пра гэта не было на ўваходзе, да работнікаў будуць прыменены меры дысцыплінарнай адказнасці.   У любым выпадку, прыношу прабачэнні за дастаўленыя нязручнасці. Безумоўна, вам павінны былі карэктна растлумачыць сітуацыю, а не даводзіць да канфлікту.

– Васілій Барысавіч, а што з колішнім магазінам «Ветэран»? Казалі, там збіраюцца арганізаваць фірменны гандаль «Камунаркі». Калі гэта будзе?

– На жаль, перамовы з «Камунаркай» не мелі паспяховага выніку: на гэтай кандытарскай фабрыцы палічылі немэтазгодным адкрываць фірменную секцыю ў Ляхавічах. Але сутнасць нашай задумкі застаецца ранейшай, будзем працаваць з іншымі пастаўшчыкамі. У прыватнасці, зараз прапрацоўваецца пытанне з прадпрыемствам «Красный пищевик».    Акрамя таго, плануем прадаваць у гэтай гандлёвай кропцы кандытарскія вырабы Ляхавіцкага кааппрама са зніжанымі гандлёвымі надбаўкамі.

– А як вы лічыце, ці рэальна паставіць тут столік, аўтамат з кавай? Магчымасць паласавацца кавай з пячэннем ці пірожным прывабіць больш пакупнікоў. Такіх месцаў у Ляхавічах не хапае, а тут плошча дазваляе…

– Дзякуй за ідэю, мы абавязкова вывучым магчымасці яе ажыццяўлення.  Прапрацуем пытанне з санслужбай. Калі яна не будзе супраць, то з выкарыстаннем аднаразовага посуду – чаму не?

– У Ляхавічах зусім няма выбару абутку. Хацелася б купіць што-небудзь зручнае, прыгожае і прымальнае па цане, але ў Доме гандлю ў абутковай секцыі зрабіць гэта не рэальна. Ці будуць якія-небудзь зрухі ў гэтым накірунку?

– Паліцы ў магазіне запоўнены, але, згодны з вамі, мадэлі абутку не самыя сучасныя. Пакупнікі скардзяцца, што выбару няма, а ў нас тавару на паўтара года гандлю, бо яго вяртанне пастаўшчыкам не прадугледжана. У пошуках выйсця мы перагледзелі палітыку завозу тавараў. Стараемся працаваць пад канкрэтнага пакупніка. Абутку якой фірмы вы аддаеце перавагу?

– «Белвест».

– Ёсць магчымасць заказаць абутак па праспектах «Белвеста». Па вашым гусце прывязём узоры з фабрыкі, і вы будзеце мець магчымасць выбраць. У тым ліку па цане.

– У мяне яшчэ адно пытанне. Калісьці ў Доме гандлю быў ювелірны аддзел. А сёння нават за заручальнымі пярсцёнкамі трэба ехаць у іншы горад. Нязручна…

– Разумею. Але ювелірная секцыя, што працавала раней, не была запатрабавана пакупнікамі ў тым аб’ёме, пры якім можна было разлічваць на нейкую выгаду. На яе ўтрыманне мы неслі дадатковыя затраты, у тым ліку на ахову, якія проста не маглі акупіцца пры такім тавараабароце. Таму гэтую дзейнасць давялося згарнуць.

Пытанне ад «ЛВ»:

– І ўсё ж нараканні на недастатковасць асартыменту ў адрас гандлёвых кропак райпо гучаць нярэдка. У чым справа?

– Мы стараемся не запаўняць паліцы таварам, што прадаецца не надта актыўна. У гарадскіх магазінах, дзе ўстаноўлены камп’ютарныя сістэмы, запатрабаванасць таго ці іншага тавару аналізуецца аўтаматычна. Калі бачым, што прадукцыя «не ідзе», адмаўляемся ад яе. Але заўсёды і ў гарадскіх, і ў вясковых магазінах, і ў аўталаўках ёсць магчымасць заказаць менавіта тое, што патрэбна вам: пэўны тавар і нават канкрэтнага вытворцы.

Згадзіцеся, сёння трымаць, напрыклад, персік у вясковым магазіне не самы разумны ход. Пакуль чакаем, што, магчыма, яго купяць, – сапсуецца. Але калі камусьці патрэбна пару кілаграмаў – калі ласка, прывязём пад заказ. Даволі часта заказваюць у вёску ахалоджаную свініну, калі трэба – вязём канкрэтнаму спажыўцу пару сетак капусты, цэмент ці цукар у мяшках… Такі варыянт здольны задаволіць і пакупніка, і райпо.

Уплывае, канешне, і мэтавы фактар. Напрыклад, летам, у вясковыя магазіны завозім больш розных ласункаў, а калі асноўныя іх спажыўцы – дзеці –  выязджаюць ад бабуль і дзядуль, гэты асартымент таксама скарачаецца.

Пытанне ад «ЛВ»:

– Сёння пакупнік мае выбар, каму, што называецца, «пакінуць» свае грошы. За кошт чаго райпо можа ўтрымацца на плаву ў канкурэнтнай барацьбе за кліента?

– Скажу так: кожны займае сваю нішу. Мы не ідзём па шляху будаўніцтва гіпермаркетаў. Наша ніша – магазіны крокавай даступнасці з таварамі паўсядзённага попыту, якія запатрабаваны пакупніком штодзень. Мы не гандлюем нейкім эксклюзіўным таварам, у магазінах спажывецкай кааперацыі раёна ўдзельная вага прадукцыі айчынных вытворцаў –  96 працэнтаў. Імпарт – толькі крытычны, тавары, якія не вырабляюцца ў Беларусі – чай, кава, апельсіны-мандарыны, бананы і г.д.

Наогул, я перакананы што форма ўласнасці гандлёвай кропкі для большасці пакупнікоў не важная. Калі ў магазін прыемна заходзіць, калі тут ветлівы прадавец і ёсць той тавар, што патрэбен, чалавеку ўсё роўна, хто ўласнік –   райпо, прыватнік ці буйная гандлёвая сетка.

Сёння адна з набалелых праблем для нас – культура абслугоўвання. У нашых работнікаў часцяком не хапае вытрымкі, каб знайсці агульную мову з кожным пакупніком, падабраць падыход да кожнага кліента. Працуем над гэтым пытаннем. І гатовы дэталёва разбірацца ў кожным выпадку, пра які прасігналізуюць у райпо нашы землякі.

На прамой лініі працавала   Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *