Гарачы тэніс. 11-12 лістапада ў Мінску прайшоў фінальны матч Кубка Федэрацыі паміж тэнісісткамі зборных Беларусі і ЗША. Трансляцыю з кортаў «Чыжоўка-Арэны» ўбачылі тэлегледачы 157 краін

Зборная Беларусі ўпершыню здолела дайсці да фіналу, атрымаўшы перамогу ў гэтым сезоне над вельмі моцнымі камандамі Нідэрландаў (4:1) і Швейцарыі (3:2). Аляксандра Сасновіч і Арына Сабаленка паказалі сапраўдны байцоўскі характар і на роўных змагаліся з адной з мацнейшых каманд
планеты. Гэта ацанілі і беларускія балельшчыкі, якія на працягу двух выхадных дзён максімальна запаўнялі трыбуны «Чыжоўка-Арэны» і горача падтрымлівалі тэнісістак.
Прэзідэнт Беларусі   Аляксандр Лукашэнка напярэдадні фінальнага матчу Кубка Федэрацыі сустрэўся з беларускімі тэнісісткамі і пажадаў ім паспяховай гульні.
У першы дзень фінальнага матчу 55-га па ліку розыгрышу Кубка Федэрацыі 11 лістапада каманды абмяняліся перамогамі. Спачатку лідар амерыканскай каманды, дзясятая ракетка планеты Коко Вандэвеге перамагла Аляксандру Сасновіч у двух сэтах –   6:4, 6:4, а затым становішча зраўнавала першая ракетка беларусак Арына Сабаленка, якая перамагла Слоан Стывенс –
6:3, 3:6, 6:4. 12 лістапада Коко Вандэвеге перамагла Арыну Сабаленка – 7:6 (7:5), 6:1, а затым сваё важкае слова сказала Аляксандра Сасновіч, якая перамагла ў цяжкім паядынку Слоан Стывенс – 4:6, 6:1, 8:6.
Парная сустрэча стала вырашальнай у гэтым зацяжным фінале неафіцыйнага каманднага чэмпіянату планеты сярод жаночых зборных. Капітаны каманд Эдуард Дуброў і Кэці Рыналдзі ў апошні момант зрабілі замены ў сваіх дуэтах і даверылі згуляць мацнейшым. Вырашальнае ачко на корце мінскай «Чыжоўка-Арэны» амерыканскай камандзе прынеслі Коко Вандэвеге і Шэлбі Роджэрс, якія перамаглі ў парнай сустрэчы беларускі дуэт Аляксандра Сасновіч / Арына Сабаленка. Падагульняючы лік фіналу – 3:2 на карысць амерыканак.Тым не менш, цяперашні фінал – гэта не паражэнне, а поспех нацыянальнай зборнай, упэўнены Эдуард Дуброў.
Прагрэс беларусак адзначыла і капітан амерыканак Кэці Рыналдзі, якая пасля пераможнага матчу ў Мінску сказала, што яе камандзе давялося прыкласці неверагодныя намаганні і вырваць перамогу.
Па матэрыялах БЕЛТА.
Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *