Каліна першая. У Ляхавіцкім раёне праходзіць чарговы этап ажыццяўлення мясцовай ініцыятывы «Доўгая карова»

Жыхарка аграгарадка Тальмінавічы Зоя Багдановіч не хавае радасці:

– Як толькі ў нашай сям’і даведаліся, што можна атрымаць цялушачку бясплатна, загарэліся такой ідэяй. Напісалі заяву ў камісію. Ездзілі разам з іншымі вяскоўцамі ў Столінскі раён, пераймалі вопыт вырошчвання кароў у фермерскіх гаспадарках. Былі і патрэбныя практычныя заняткі ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Канешне, хваляваліся, як прыжывецца Каліна – так назвалі цялушку. Але ўсё добра, вопыт утрымання рагуль ёсць. Даспадобы Каліна прыйшлася дзецям, яны дапамагаюць у доглядзе за ёй.

У Ляхавіцкім раёне праходзіць чарговы этап ажыццяўлення мясцовай ініцыятывы «Доўгая карова», якую рэалізуюць Брэсцкі абласны аграпрамысловы саюз і фермерская гаспадарка «ЛагуЦін» у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН) і фінансуецца Еўрапейскім Саюзам (аб’ём фінансавання склаў 25060 еўра). Брэсцкі аграпрамысловы саюз за сродкі ЕС набыў 23 высокаўдойныя каровы і перадаў фермерскай гаспадарцы «ЛагуЦін», якая мае  вопыт работы ў малочнай жывёлагадоўлі. Пакуль цяляты падрасталі, адбыўся  конкурс па выбары асабістых падвор’яў, якія і атрымаюць іх.

Зоя  Багдановіч – першая  з жыхароў Ганчароўскага сельсавета (менавіта тут рэалізуецца пакуль адзіны на Брэстчыне такі аграпраект), хто па выніках конкурсу  атрымаў права на   бясплатную цялушку.
У мінулую пятніцу каля Тальмінавіцкага СДК было нямала  аўтамабіляў, аўтобусаў, ды і ў самім СДК – даволі шматлюдна. Пераможцы конкурсу прыйшлі за сертыфікатамі, іншыя, каб іх падтрымаць,  некаторыя – прыглядзецца, больш дакладна ва ўсім разабрацца, пракансультавацца са спецыялістамі і, магчыма, таксама стаць удзельнікамі ініцыятывы. Канешне, увага ўсіх была накіравана  на дзвюх галоўных гераінь – цялушачак, якія ўтульна размясціліся ў сваіх часовых доміках і чакалі будучых гаспадароў.
– Разам з мужам у красавіку прыйшлі на сельскі сход у Тальмінавічах, дзе прадстаўнікі Брэсцкага аграпрамысловага саюза і фермерскай гаспадаркі «ЛагуЦін» расказалі пра мэту і сутнасць ініцыяванага імі праекта.  Раздумвалі нядоўга і вырашылі  паўдзельнічаць. Абодва пенсіянеры,  часу хапае. Пакуль ёсць сілы і здароўе – справімся, – гаворыць Людміла Куліцкая.
Выканаўчы дырэктар Брэсцкага  абласнога аграпрамысловага саюза Мікалай Казак спыніўся на асноўнай ідэі ініцыятывы – развіцці ў сельскай мясцовасці прадпрымальніцтва і самазанятасці менавіта ў выглядзе малых сямейных фермаў. Бясспрэчны плюс у тым, што кожны з удзельнікаў праекта племянную цялушку ў асабістае падвор’е атрымлівае бясплатна.  Пры гэтым нельга забываць і абавязковую ўмову: першую народжаную ад падоранай каровы цялушачку неабходна перадаць у іншае падвор’е на тых жа ўмовах. Калі народзіцца бычок, то яго прадаць, а на атрыманыя грошы купіць цялушку. Вось такая арыфметыка.
Менеджар праекта Людміла Сакалоўская акцэнтавала ўвагу на  ўстаноўленыя ў Ляхавіцкім раёне партнёрскія сувязі паміж фермерскай гаспадаркай «ЛагуЦін» і Ганчароўскім сельвыканкамам. Відавочная і зацікаўленасць раённай улады ў рэалізацыі  ініцыятывы.
І вось урачысты момант.  7 сертыфікатаў на атрыманне цялят  пад апладысменты прысутных старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч уручыў  Зоі Багдановіч, Людміле Куліцкай, Ірыне Плескацэвіч, Валерыю Кузняцову, Генрыху Свірэпе, Аляксандру Страковічу, Андрэю Бабко.
Вось і першае знаёмства гаспадароў і іх падапечных, Ірына Плескацэвіч і Людміла Куліцкая  доўга не выбіралі: мне – левая, табе – правая.
– Раней карову не трымалі, цяпер вось вырашылі паспрабаваць. Лічу, што карова ў гаспадарцы – гэта толькі прыбытак, – гаворыць Ірына Плескацэвіч.
– Праект вельмі важны і нездарма называецца «Доўгая карова». Сродкі, выдаткаваныя на набыццё адной цялушкі, будуць і далей працаваць на дабрабыт вясковых жыхароў, якія могуць займацца малочным бізнесам. Калі спачатку ініцыятыва распаўсюджвалася толькі на  Ганчароўскі сельсавет, то цяпер ёй зацікавіліся і з іншых населеных пунктаў, – расказаў старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч.
Ініцыятары і ўдзельнікі праекта ўпэўнены ў яго паспяховасці, пра што гаварыла  рэгіянальны каардынатар праекта ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь»  Ірына Пашкун.
У падсобных  гаспадарках жыхароў Ганчароўскага сельсавета цяпер утрымліваецца   54 рагулі. У выніку рэалізацыі «Доўгай каровы» пагалоўе  БРЖ да 2020 года тут павялічыцца як мінімум на 50 працэнтаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Зоя Багдановіч.

Ірына Плескацэвіч і Людміла Куліцкая задаволены прыбаўкай у гаспадарцы.

Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Каліна першая. У Ляхавіцкім раёне праходзіць чарговы этап ажыццяўлення мясцовай ініцыятывы «Доўгая карова»: 1 комментарий

  • 22/11/2017 в 21:35
    Permalink

    Интересная инициатива. Хорошее подспорье сельским жителям, которые хотят держать хозяйство. Самим тяжко купить телёнка, дорого, а тут расти, пользуйся. Ну и что, что потом надо поделиться. Кормилица-то останется. Отлично!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *