Бізнес-план у школьным раскладзе (фота). Як у Жарабковіцкай СШ Ляхавіцкага раёна школьнікі вучацца быць бізнесменамі

На ўрачыстасці з нагоды Дня маці ў гарадскім Доме культуры ўвагу прысутных прыцягнула выстава-продаж вучэбнай бізнес-кампаніі Жарабковіцкай СШ «Няхітрыя вырабы». Разглядвалі, пыталіся пра тэхналогію, а многія лезлі ў кашалёк, каб набыць эксклюзіўныя рэчы ручной работы на памяць пра гэта свята. Іншыя цікавіліся не толькі шматлікім асартыментам,  мноства пытанняў да рэалізатараў прадукцыі:    «А што за бізнес-кампанія такая?», «Гэта школьнікі вырабляюць?» і нават: «Ці  гэта законна?». Але пра ўсё па парадку…

Дырэктар Жарабковіцкай СШ Вольга Бурак

Сённяшні дзень патрабавальны і ў вырашэнні шматлікіх задач чакае нестандартных падыходаў, такіх, што за межамі звычайных. Час патрабуе заўсёднага ўдасканалення, ініцыятыў і пошуку новых магчымасцяў.  Гэта тычыцца і адукацыйнага працэсу, які таксама адкрыты для ўкаранення новых тэхналогій, інавацый і цікавых прапаноў.

А, можа, школа сама здольна пакрываць свае расходы, закупляць усё неабходнае – быць матэрыяльна незалежнай? Менавіта з такіх пытанняў пачалося жыццё вучэбнай бізнес-кампаніі «Няхітрыя вырабы». Ідэяй распачаць прадпрымальніцкую дзейнасць у школе загарэлася дырэктар установы Вольга Бурак. Прапанавала яе настаўнікам і вучням – падтрымалі. І яшчэ на этапе «планаў і мар» пачалі ўносіць шматлікія і, дарэчы, дзелавыя прапановы. Бацькі вучняў пасля першай выставы-продажу, калі вырабы разышліся на ўра, таксама ацанілі ідэю. І справа пайшла.
З невялікага пачатковага капіталу (крыху больш за 20 рублёў) закупілі тканіну і ніткі. Праз пэўны час школьнікі прапанавалі першыя насоўкі. Раскупілі. За атрыманыя грошы зноў набылі матэрыялы, ужо больш. І да асартыменту дабавіліся хусткі, пасля – сурвэткі, ручнікі, фартухі.
Цяпер зацікавіліся магнітамі. Асаблівую ўвагу прыцягваюць сувеніры з выявай роднага горада. Пагадзіцеся, гэта ж добры і арыгінальны падарунак турыстам, гасцям раёна, што даволі часта прыязджаюць пазнаёміцца з нашым маляўнічым куточкам. Такое ўпрыгожанне, упэўнена, разнастаіць і асабістыя калекцыі, якія часта знаходзяць месца на халадзільніках ляхавічан. Хутка ў продажы з’явяцца і бірулькі. Першыя іх узоры юныя бізнесмены ўжо распрацавалі. Засталося зрабіць калькуляцыю, і эксклюзіўныя бірулькі можна будзе набыць. А яшчэ зараз ідзе распрацоўка канвертаў для розных арганізацый раёна з адметным для кожнай дызайнам. Між іншым, падзяліліся сакрэтам «няхітравырабаўцы», ёсць свой варыянт і для «ЛВ». Дзеці ўпэўнены, што іх унікальныя, няхай і немудрагелістыя рэчы знойдуць сваіх пакупнікоў, тым больш калі зроблена з  любоўю.
На ўроках грамадска-карыснай працы пачынаючыя прадпрымальнікі маюць магчымасць ператварыць свае захапленні, хобі ў заробак. Удзельнікі бізнес-кампаніі займаюцца тым, што ім падабаецца, пры гэтым ведаюць, што дапамагаюць сваёй школе. І вынікі ўжо ёсць. Напрыклад, у гэтым навучальным годзе на яе даходы  ў школе змянілі   5 змешвальнікаў.
Набыць любую эксклюзіўную рэч з прайс-ліста можа кожны. А калі выбар – магніт ці бірулька, ёсць магчымасць заказаць іх з уласным дызайнам. Радуе і кошт сувеніраў: ад 1 да 3,5 рубля.
Жадаючых трапіць у бізнес-кампанію шмат. Аднак у гэтай справе галоўныя патрабаванні: якасны падыход да працы і акуратнасць. Ёсць і ўзроставы бар’ер: згодна палажэння аб вучэбнай бізнес-кампаніі дзяржаўнай установы адукацыі «Жарабковіцкая СШ», у праекце могуць удзельнічаць дзеці з 14 гадоў.
Гэта тое, што тычыцца вытворчага працэсу. Акрамя таго, што падчас такіх урокаў навучэнцы раскрываюць свой творчы патэнцыял, яны павышаюць узровень фінансавай граматнасці. Распрацоўваюць бізнес-план, вывучаюць моцныя і слабыя бакі кампаніі, меркаванні і пажаданні патэнцыяльных спажыўцоў. Менавіта так у продажы з’явіліся тэматычныя магніты, прымеркаваныя да Дня маці, раённых дажынак-2017.
Як адзначае Вольга Бурак, да дзяцей прыходзіць пачуццё ўпэўненасці ў сваіх сілах, жаданне ў будучыні заняцца сваёй справай. І гэта будзе асэнсаваны крок, зыходзячы з тых ведаў, што яны атрымалі тут, у школе. Ведаць, з чаго пачынаць, як прымножыць капітал,  быць канкурэнтаздольным  і многа іншых дэталяў – таксама ўрок «Няхітрых вырабаў». З гэтай мэтай вучні хутка пачнуць спасцігаць азы фінансавай навукі на факультатыўных занятках «Асновы эканамічных ведаў» ад выкладчыкаў фінансава-прававога факультэта БарДУ.
Выхоўваюцца і такія якасці, як беражлівасць, эканомнасць, уменне ўзважана прымаць рашэнні. А ці ні ёсць гэта падрыхтоўка да самастойнага дарослага жыцця?

Да слова

Бізнес-кампанія –  гэта, канешне, не вынаходніцтва юных жарабковіцкіх прадпрымальнікаў. Мноства такіх праектаў дзейнічае ў розных установах адукацыі краіны. Але важна, што кожная такая кампанія прапаноўвае сапраўды ўнікальныя, эксклюзіўныя рэчы. А ідэі не застаюцца толькі агучанымі – яны ажыццяўляюцца.

Асоба адзначу, што дырэктар Жарабковіцкай СШ Вольга Бурак – чалавек з бясконцым запасам энтузіязму, заўсёдным жаданнем удасканальвацца, мноствам ідэй. Яе крэда: не прымаць жыццё без фарбаў.  Калі бачыць навокал шэрасць, тут жа імкнецца ўсё расфарбаваць – і ў прамым, і ў пераносным сэнсе.

Напрыклад, у яе кабінеце прыцягвае ўвагу мэбля ў вінтажным стылі: звычайная старая шафа, што пасля крэатыўнага рамонту набыла новае жыццё. Кабінет беларускай мовы і літаратуры таксама адметны: на сценах – карціны з сюжэтамі з твораў класікаў. Карціны  ў абрамленні мешкавіны – выглядае арганічна. На падлозе і батарэях «квітнеюць» васількі, а побач размясціўся невялічкі музей. Утульна і ў кабінеце, дзе дзеці вывучаюць англійскую мову: шэрыя адценні пераносяць у пахмурнае, але тыповае для Лондана надвор’е. Выглядае стыльна, незвычайна.

 

Здаецца, нічога складанага – дастаткова падключыць да рабочага працэсу творчасць і фантазію.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.

 

 З юнымі прадпрымальнікамі дырэктар Жарабковіцкай СШ Вольга Бурак і настаўніца абслуговай працы Алена Рагаўцова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *