І па традыцыі – «эфект Вітко». СВК «Ляхавіцкі»

Штогод, будзь то жніво, уборка бульбы, кукурузы ці жывёлагадоўчыя клопаты, СВК «Ляхавіцкі» дэманструе заўсёдны майстар-клас. Трымаць марку якасці – такі падыход  да справы працаўнікоў гаспадаркі. Але, калі шчыра, яны не лічаць за мэту выключна пазіцыю ці першы радок у выніковай табліцы. Проста працуюць, кожны на сваім месцы, рупліва, ашчадна, абапіраючыся на вопыт старэйшага пакалення, спалучаючы яго з наватарствам маладых.

Галоўны аграном Аляксандр Шымкевіч.

Трактарыст Леанід Пішч.

Памочнік брыгадзіра Святлана Радомская.

Працаваць ці праходзіць практыку  ў «Ляхавіцкім» прэстыжна. Моладзі тут рады. А той, у сваю чаргу, за гонар шчыраваць побач з заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандрам Вітко, які больш за 40 год узначальваў СВК. А цяпер поплеч з сынам  Іванам – сённяшнім старшынёй гаспадаркі, дзеліцца сакрэтамі, дапамагае, падказвае. І, упэўнена, ганарыцца,  і не толькі сынам. Галоўным аграномам уладкаваўся сюды і ўнук Аляксандр Шымкевіч. Няхай працоўны стаж не параўнаць, але сваім адказным стаўленнем, любоўю да зямлі заваяваў аўтарытэт у калег. У гэтым годзе ў працоўным спаборніцтве заняў другое месца сярод галоўных аграномаў сельгаспрадпрыемстваў вобласці.
Пытаюся ў Шымкевіча, у чым жа сакрэт паспяховасці? У адказ з усмешкай, але ад сэрца, шчыра:
– Эфект Вітко! (Пад  такім загалоўкам «ЛВ» расказваў пра вынікі гаспадаркі – рэд.). – гаворыць Аляксандр. – Людзі тут працуюць з разуменнем, што ад кожнага залежыць канчатковы вынік. Дзіўлюся згуртаванасці калектыву. Упэўнены, што любую праблему вырашым нашай камандай, сумеснымі намаганнямі.
Сельскагаспадарчы ўборачны сезон падвёў вынікі. І гэты год для «Ляхавіцкага» ў многім пераможны: пераўзышлі свае чаканні, у ліку лепшых у многіх сельскагаспадарчых на-мінацыях.
Прайшлі выпрабаванні жнівом. Першымі выканалі дзяржзаказ у 700 тон азімай пшаніцы. Сярэдняя ўраджайнасць на тутэйшых не самых урадлівых землях  склала  56 цэнтнераў з гектара, што значна вышэй сярэднераённай, валавы намалот – 7009 тон.
Пасля перайшлі да «скарба», «арызоны», «вектара» – адным словам, да бульбы. Убіралі спачатку сваімі сіламі, пасля заручыліся падтрымкай гараджан. Чарговы раз гаспадарка пацвердзіла права звацца самай бульбаводчай у раёне. З кожнага са 105 гектараў другога хлеба накапалі  па 535  цэнтнераў. Урадзіла і кукуруза: сабралі з гектара па 478 і  140,5 цэнтнера на сілас і зерня адпаведна.
Што датычыць жывёлагадоўчых паказчыкаў, «Ляхавіцкі» і тут трывала трымае марку. За 10 месяцаў сярэдні надой на карову – 6889 кілаграмаў. Плануецца, што напрыканцы года лічба акругліцца да 8000! Больш як 97 працэнтаў малака атрымліваецца гатункам экстра.
Іван Вітко сціпла паціскае плячыма, нібы, у добрым сэнсе, апраўдваецца за поспехі: – У нас самы звычайны расклад,  патрабаванні таксама аднолькавыя да кожнага, як і ў любой іншай гаспадарцы. А я, у сваю чаргу, веру ў людзей, ведаю: яны не падвядуць.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

 

Брыгадзір трактарнай брыгады Яўгеній Гаўрыльчык, камбайнер Сяргей Шпак, старшы камбайнер Мікалай Кавалёў.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *