«Ляхавічок» – гэта гучыць. СААТ «Ляхавіцкі малочны завод»

Прадукцыя пад нашым   малочным брэндам не залежваецца на паліцах ні гіпермаркетаў, ні маленькіх магазінаў крокавай даступнасці. Яе прыхільнікі ведаюць: «Ляхавічок» – гэта не толькі заўсёды смачна, але і выключна натуральна. І такая рэпутацыя дарагога вартая.

Дырэктар малочнага завода Вячаслаў Жукоўскі, спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці Аксана Баўтрукевіч, начальнік вытворчасці Людміла Скараход.

Сёння СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» прапануе спажыўцам паўсотні найменняў прадукцыі: цэльнамалочнай (малако, кефір, смятана рознай тлустасці, маслянка, тварог), дэсертнай (крэмы, дэсерты, пудынгі, ёгурты і тварожная маса з разнастайнымі напаўняльнікамі), сметанковага масла (запатрабаванага і даўно на выдатна ацэненага пакупнікамі), тварожных плаўленых сыроў.
Ляхавіцкі малочны – буйнейшы ў краіне вытворца тэхнічнага казеіну. Яго, а таксама сметанковае масла і вяршкі прадпрыемства паспяхова экспартуе. У агульным аб’ёме экспарту раёна доля завода перавышае палову.
У аснове якаснай прадукцыі –  сыравіна мясцовай вытворчасці. З пачатку года ў сельгаспрадпрыем-стваў і прыватных малаказдатчыкаў закуплена для перапрацоўкі каля 45 тысяч тон малака. Каб стаць тым, што з задавальненнем набываюць да дамашняга стала ў самых розных кутках Беларусі, яно праходзіць самы строгі кантроль. Ён, між іншым, праводзіцца на кожным этапе вытворчасці прадукцыі, і гэта – неад’емная частка вытворчага працэсу.
Сёлета завод пацвердзіў званне лаўрэата Прэміі Урада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці. І гэта высокая ацэнка работы ўсяго калектыву на чале з дырэктарам Вячаславам Жукоўскім, які ўзначальвае прадпрыемства амаль 30 гадоў.
У 2017 годзе СААТ чарговы раз занесена на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці. Дарэчы, тут сярод партрэтаў лепшых работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны – і партрэт спецыяліста па знешнеэканамічнай дзейнасці завода Аксаны Баўтрукевіч. А начальніку вытворчасці Людміле Скараход за высокія дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці сёлета прысуджана спецыяльная прэмія райвыканкама «Чалавек года» ў намінацыі «Прамысловасць, бытавое абслугоўванне, гандаль і паслугі».
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *