Сціпла, але ўпэўнена. КСУП «Востраў-Агра»

Старшыня Тамара Церах (у цэнтры) і работнікі фермы Ніна Азарчык, Уладзімір Ефімовіч, загадчыца фермы Тамара Зубік, Іна Грэчыха.

Кажуць: калі нечага вельмі хацець – абавязкова спраўдзіцца. Так, але ў гэтым выказванні наўмысна або выпадкова страчана вельмі важная частка. Трэба не проста хацець, а прыкладаць для гэтага актыўныя намаганні. У такім раскладзе цвёрда пераканана дырэктар КСУП «Востраў-Агра» Тамара Церах – адзіная ў нашым раёне жанчына-кіраўнік сельгаспрадпрыемства. Усяго 4 месяцы, як Тамара Іванаўна на пасадзе, да гэтага, праўда, год выконвала дырэктарскія абавязкі. Сёння пад яе кіраўніцтвам працуюць каля 70 работнікаў.

Да завяршэння сельскагаспадарчага сезона тут сёлета падышлі з даволі важкім малочным «багажом». Не на многа, але павялічылі дойны статак. Больш як на тону – надой ад кожнай каровы. У параўнанні з мінулагоднімі 3430 кілаграмамі сёлетнія 4500, што чакаюцца па выніках года, – дасягненне. Магчыма, на фоне лепшых «малочнікаў» і сціпла, але для вастраўчан – упэўнены крок наперад. Ужо за 10 месяцаў малочны вал плюсуе больш як на 330 тон, а гэта – грошы. Больш за палову малака прададзена на перапрацоўку гатункам экстра, астатняе – вышэйшым.
Дысцыпліна працы, захаванне тэхналогіі ўтрымання і адказныя кадры – няхітры востраўскі сакрэт. Яго добра ведаюць тутэйшыя аператары машыннага даення Іна Грачыха і Ніна Азарчык. Першая надаіла за 10 месяцаў амаль 259 тон малака, другая – крыху менш. У агульным паказчыку ў 1444 тоны – важкія вынікі. Такія ж – у вопытнага жывёлавода Івана Лешыка: сутачны плюс на дарошчванні маладняку –  630 грамаў на кожнай жывёліне.
Незаменны чалавек у гаспадарцы – так Тамара Церах гаворыць пра механізатара Віктара Зубіка:
– І на ворыве, і на сяўбе, і на жніве – наш лепшы працаўнік. Такому любую справу даверыць можна.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *