Час. Хлеб. Людзі

Няма на зямлі працы больш пачэснай, самаадданай і высакароднай, чым праца народнага карміцеля – земляроба, хлебароба, жывёлавода, фермера, якая, па сутнасці, з’яўляецца штодзённым клопатам пра харчовую бяспеку краіны. Аграрыі і перапрацоўшчыкі нашага раёна ўносяць свой уклад у гэту адказную справу. Пра канкрэтныя вынікі сельскагаспадарчага года, які ўжо завяршаецца, расказвае намеснік начальніка райсельгасхарчу Ірына СТРАМАВУС.

Каля двух тысяч чалавек сёння заняты ў сельскагаспадарчых арганізацыях, а гэта больш за 30 працэнтаў усіх працуючых у раёне. У аснове дынамічнага  развіцця аграпрамысловага комплексу – шчыраванні механізатараў і жывёлаводаў, кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый, фермерскіх гас-падарак, сэрвісных і перапрацоўчых прадпрыемстваў,  кіраўніцтва вобласці і раёна. Актыўны ўдзел у вытворчасці сельгаспрадукцыі прымае моладзь. Лепшыя камбайнеры, механізатары, вадзіцелі, спецыялісты па выніках жніва былі ўзнагароджаны на абласных і раённых дажынках.
Хочацца адзначыць і пераможцаў абласнога спаборніцтва на нарых-тоўцы кармоў. Гэта – трактарысты-машыністы ААТ «Шлях новы» Анатолій Варановіч і Аляксандр Дзядовіч.
Узор умелага кіраўніцтва вытворчасцю, забеспячэння эфектыўнага ўзаемадзеяння ўсіх  рэсурсаў паказваюць дырэктары ДП «Нача» Мікалай Тарлюк, ААТ «Жарабковічы» – Антон Булаты, намеснік дырэктара ЗАТ «Белпрампрыбор» Андрэй Вараб’ёў, старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко. Асобна адзначу работу калектыву СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» на чале з дырэктарам Вячаславам Жукоўскім.
Сёлета раённы хлебны каравай  заважыў 59 тысяч тон у бункернай вазе пры ўраджайнасці 38,5 цэнтнера з гектара. А ў ААТ «Жарабковічы» кожны гектар даў па 65 цэнтнераў зерня, валавы намалот склаў больш як 18 тысяч тон.
Дасягнуты поспехі і ў іншых галінах земляробства. У гэтым годзе Ляхавіцкі раён у абласным спаборніцтве заняў  3 месца па вырошчванні бульбы. Усяго сельгасарганізацыі раёна накапалі 10,3 тысячы тон другога хлеба пры сярэднераённай ураджайнасці    396 цэнтнераў з гектара – на 93 цэнтнеры з гектара больш леташняга. А працаўнікі СВК «Ляхавіцкі» атрымалі з кожнага са 105 бульбяных гектараў па 535 цэнтнераў.
Гаспадаркі раёна намалацілі 7,5 тысячы тон насення рапсу ў бункернай вазе пры сярэднераённай ураджайнасці 26 цэнтнераў з гектара. Лідарамі ў яго вырошчванні сталі СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача», ААТ «Жарабковічы».
Дзяржаве рэалізавана 12 тысяч тон харчовага зерня і больш за  65 тысяч тон цукровых буракоў.
Для грамадскай жывёлагадоўлі нарыхтавана больш як 55 тысяч тон кармавых адзінак травяных кармоў (на адну ўмоўную галаву –  больш як  24 цэнтнеры кармавых адзінак).
Па выніках 10 месяцаў валавая вытворчасць малака склала 47 тысяч тон і павялічана на 1,1 працэнта ў параўнанні з мінулым годам. За гэты перыяд шасцітысячны надой на карову пераўзышлі: СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор», ЛДАК, а ДП «Нача» і ААТ «Жарабковічы» перавысілі пяцітысячны надой. Сярэднераённы надой на карову склаў 4404 кілаграмы, што вышэй мінулагодняга практычна на цэнтнер.  Разам з колькаснымі выраслі і якасныя паказчыкі: гатункам экстра рэалізуецца амаль 53 працэнты малака, вышэйшым – 30 працэнтаў.
Высокіх сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме дасягнулі ў СВК «Ляхавіцкі» (771 г), аграрным каледжы (729 г), ААТ «Жарабковічы» і ДП «Нача» (637 г).
Пра фермерскія гаспадаркі. У раённай вытворчасці валавой сельгаспрадукцыі ім належыць крыху больш за 2 працэнты, але яны з’яўляюцца асноўнымі вытворцамі агародніны, пладоў і ягад; нараўне з сельскагаспадарчымі арганізацыямі вырошчваюць зерне, цукровыя буракі і бульбу;  ствараюць рабочыя месцы для землякоў.
Граматна і зладжана працуюць прадпрыемствы-перапрацоўшчыкі. Узаемавыручка, узаемаразуменне вельмі спрыяюць выніковай працы.  У Беларусі і далёка за яе межамі вядома прадукцыя Ляхавіцкага малочнага завода пад брэндам «Ляхавічок», «Унучок Ляхавічок».  У гандлёвых арганізацыях краіны і за яе межамі рэалізуецца і прадукцыя мясцовага кансервавага завода.   З верасня 2016 года наладжана вытворчасць ААТ «Мясакамбінат Ляхавічы».  Працягвае работу мадэрнізаванае прадпрыемства ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».
Існаванне і развіццё аграпрамысловага комплексу немагчыма без абслуговых арганізацый, якія забяспечваюць правядзенне неабходных работ на зямлі, рамонт і мадэрнізацыю тэхнікі. Напрыклад, ПМС за справаздачны перыяд выканала значны аб’ём аграмеліярацыйных работ: абкошаны 568 кіламетраў каналаў і ачышчаны ад заглейвання на 38 кіламетрах,   зроблены рамонт і рэканструкцыя трох аб’ектаў меліярацыйнай сеткі.
Што датычыць райаграсэрвісу, то для яго паспяховага развіцця трэба больш актыўна аказваць паслугі сельгасарганізацыям. У гэтым годзе  работнікі прадпрыемства вырабілі стойлавае абсталяванне для малочнатаварных фермаў ААТ «Шлях новы» і ДП «Востраў-Агра»; правапнавалі кіслыя глебы на плошчы каля 1000 гектараў; правялі рамонт тэхнікі, вузлоў і агрэгатаў.
У аграпрамысловым комплексе няма часу для адпачынку. Ужо сёння пачата падрыхтоўка да наступнага сельскагаспадарчага сезона. У раёне на плошчы больш як  9 тысяч гектараў праведзена сяўба азімых зерневых культур, пасеяна 2,6 тысячы гектараў азімага рапсу, вядзецца зяблевая апрацоўка глебы. Асноўная задача  на асенне-зімні перыяд – закласці асновы высокай прадукцыйнасці і эканамічнай эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці ў наступным годзе. Неабходна рэалізаваць шэраг арганізацыйных мерапрыемстваў па інавацыйным развіцці раслінаводства і жывёлагадоўлі, забяспечыць найбольш поўнае і эканамічна мэтазгоднае выкарыстанне прыродных, працоўных і тэхнічных рэсурсаў.
Упэўнена, што толькі сумесная работа ўсіх звёнаў аграпрамысловага комплексу – ад механізатараў да спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі, ад даярак да работнікаў ветэрынарнай станцыі – можа забяспечыць станоўчую дынаміку развіцця раёна.
Сардэчна дзякую ўсім працаўнікам аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці за плённую працу, аптымізм і мэтанакіраванасць. Жадаю, каб работа прыносіла радасць, каб спрыяла надвор’е, моцным было здароўе, каб шчасце, дастатак і дабрабыт прапісаліся ў кожным доме.

6,5 млн рублёў. Такой сумай субсідый і  льготнага крэдытавання вызначаецца сёлета дзяржаўная фінансавая падтрымка аграрнага сектара раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *