Мы гэта зрабілі! У мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры ў Ляхавічах адбыліся ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята аграрыяў і работнікаў перапрацоўчай прамысловасці АПК /фота будзе дапоўнена/

 

 

Сімвалічна, што «Гусарскі марш» у выкананні духавога аркестра ГДК стаў пачаткам святкавання. Радасны і бравы, задаў урачысты тон дзейству і яшчэ раз нагадаў: яны, героі часу, нястомна шчыравалі на жніўных палетках, бурачных, бульбяных і кукурузных плантацыях, з кожным гектарам набліжалі заканчэнне ўборачнага сезона і, пагадзіцеся, зрабілі сваю справу прыгожа. Яны штодня працуюць у мехдварах, цэхах заводаў, на фермах, кожны год уражваюць сваімі поспехамі і вытворчымі здабыткамі. Яны заўсёды на варце харчовай бяспекі раёна, вобласці, краіны.

Ёсць чым ганарыцца і да чаго імкнуцца

 

Маляўніча, выразна, важка прадэманстравалі свае нясціплыя ўраджаі гаспадаркі і прадпрыемствы раёна. Ад прапанаванага на выставе асартыменту разбягаліся вочы: ляхавіцкія гектары аддзячылі земляробаў за клопат. Як заўсёды трымаюць марку перапрацоўшчыкі: малочны завод, кансервавы, ільнозавод пра сябе расказалі праз прадукцыю ўласнай вытворчасці.
Вакол стала з конкурснымі караваямі, дзе кожны прысутны адчуваў сябе ў пэўнай меры экспертам, асаблівы ажыятаж. Хто ж стаў пераможцам, арыгінальнасць якой выпечкі найбольш даспадобы ўдзельнікам свята? Інтрыга працягнулася да канца канцэрта. Няхай захаваецца і ў газеце.
Колькі сардэчных слоў і віншаванняў, шчырых падзяк, прызнанняў гучалі ў адрас аграрыяў і перапрацоўшчыкаў. Асаблівая ўвага і самыя гучныя апладысменты – ветэранам-аграрыям, якія, дарэчы, ад спраў не адышлі, шчыруюць побач, дзеляцца бясцэнным вопытам і проста падтрымліваюць. А ў гэты святочны дзень сабраліся разам парадавацца за калег і іх перамогі, ушанаваць перадавікоў. Упэўніцца, што фундамент, закладзены шмат гадоў  назад, – сёння  цвёрдая і надзейная апора аграпрамысловага комплексу раёна.
Да прысутных з віншаваннямі звярнуўся дырэктар  Брэстаблаграсэрвіса Уладзімір Махнач. На сцэну запрашалі лепшых: падзякай міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь адзначана загадчыца малочнатаварнай фермы «Цэнтр» ДП «Нача» Людміла Чарапавіцкая, Граматай Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта – інжынер-электрык СВК «Ляхавіцкі» Леанід Юнік. Падзячны ліст абласнога Савета дэпутатаў накіраваны трактарысту-машыністу ДП «Нача» Віктару Кунцэвічу. Ганаровых грамат камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама ўдастоены трактарыст-машыніст ААТ «Жарабковічы» Аляксандр Тадра і начальнік вытворчай лабараторыі СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Алена Саладуха.
Прыемна, што Ляхавіччына сёлета заняла пераможнае трэцяе месца ў абласным спаборніцтве па вытворчасці бульбы. Дыплом пераможцы ўручаны кіраўніку раёна Вячаславу Сельмановічу.
Ганаровым дыпломам аблвыканкама адзначана праца трактарыста-машыніста ААТ «Шлях новы» Анатолія Варановіча – лепшага сярод вадзіцеляў на перавозцы травяных кармоў ад кормаўборачных камбайнаў. Бронзавую прыступку ў гэтай намінацыі заняў трактарыст-машыніст ААТ «Шлях новы» Аляксандр Дзядовіч.
Старшыня райвыканкама  Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што ў шэрагу прафесійных святаў гэтае –  асаблівае, ганаровае. Штодзённая, карпатлівая праца людзей, якія з любоўю і самаадданасцю  вырошчваюць хлеб, атрымліваюць малако і мяса, перапрацоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю, жыццёва важная.
Кіраўнік раёна адзначыў, што жнівеньскі экзамен нашы гаспадаркі вытрымалі дастойна. 3 экіпажы збожжаўборачных камбайнаў намалацілі больш чым па 2000 тон зерня, 23 экіпажы – больш за тысячу. А на абласных «Дажынках» у Давыд- Гарадку наш раён гучаў у 8 намінацыях.
Не падвёў і ўраджай другога хлеба. Сумарны вынік трох бульбаводчых гаспадарак раёна склаў больш за 10000 тон клубняў.   Еўрапейскі ўзровень ураджайнасці прадэманстраваў СВК «Ляхавіцкі».
Бункерная вага насення рапсу вышэй за мінулагоднюю ў   2,7 раза. Завершана ўборка цукровых буракоў: сабралі больш за 90000 тон пры сярэдняй ураджайнасці звыш 525 цэнтнераў з гектара.
Вячаслаў Сельмановіч станоўча адзначыў, што ў гэтым годзе на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана больш за 24 цэнтнеры кармавых адзінак травяных кармоў. А «Ліпнянка» здолела амаль удвая пераўзысці гэту лічбу.
Кіраўнік раёна гаварыў пра здабыткі і задачы жывёлагадоўлі. З пачатку года вытворчасць малака склала 47063 тоны пры тым, што амаль 83 працэнты яго  адпавядаюць гатункам экстра і вышэйшаму. Валавая вытворчасць мяса – 6846 тон.
Асобая размова – пра перапрацоўчыя прадпрыемствы: пра брэнд «Ляхавічок» малочнага завода, які вядомы не толькі ў рэспубліцы, але і ў краінах далёкага замежжа, пра перспектывы кансервавага і льнозавода.
Вячаслаў Сельмановіч перакананы: патэнцыял развіцця раёна вялікі, і  ён павінен быць задзейнічаны.    Кіраўнік раёна ўручыў граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама лепшым з лепшых. Заслужанымі апладысментамі вітала зала пераможцаў раённых спаборніцтваў: камбайнера «Шляху новага» Аляксандра Станчыка, механізатараў, занятых на адвозцы кармоў ад кормаўборачных камбайнаў Аляксея Кулака з «Белпрампрыбора» і Васілія Купрыша з «Начы», камбайнера льноўборачнага камбайна Ігара Страмавуса, механізатара льнозавода Уладзіміра Маслоўскага. Лепшы вынік  на нарыхтоўцы травяных кармоў у ДП «Нача». СВК «Ляхавіцкі» – пераможца ў вытворчасці бульбы і алейнага насення рапсу.
Ад усяго сэрца вітаў аграрыяў раёна старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, які ўручыў  ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы райсавета.
Віншавальную эстафету пераняў дырэктар раённага філіяла Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Мікалай Тарлюк.  Словы падзякі адрасаваў аграрыям і перапрацоўшчыкам старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Леанід Калбаса.  Старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц і  раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура далучыліся да гэтых шчырых слоў і віншаванняў.
А пакуль доўжылася свята, падлічвалі колькасць галасоў за кожны кулінарны шэдэўр, што прадставілі гаспадаркі на конкурс караваяў. Сёлета лепшымі сталі хлебапёкі ААТ «Жарабковічы», другое месца прысудзілі ДП «Тальмінавічы», трэцяе – ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».
Якое ж свята без песень, танцаў і гумару. Добры настрой, сонечную энергію, шчырыя віншаванні падарылі працаўнікам сельскай гаспадаркі калектывы мастацкай самадзейнасці раёна.
Спецыяльны прыз «ЛВ» паехаў у «Ліпнянку». І не толькі
Гэтай падзеі раёнка чакае з не меншым хваляваннем, чым аграрыі: адзін з працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў дзень свайго прафесійнага свята становіцца лаўрэатам спецыяльнага прыза «Ляхавіцкага весніка». Сёлета – юбілейны   лаўрэат: дзясяты год запар называецца наш  зямляк, які, у добрым сэнсе, «зачапіў» журналістаў.
Гаворка на гэты раз пра гаспадарку з рамантычнай назвай «Ліпнянка». Нягледзячы на складанае эканамічнае становішча, сельгаспрадпрыемства ўсур’ёз настроена змяніць сітуацыю. Таму і не застаўся без увагі газетчыкаў унушальны паказчык – 40 цэнтнераў нарыхтаваных тут кармавых адзінак травяных кармоў на ўмоўную галаву жывёлы. Адзін з лепшых вынікаў у вобласці! Дасягнуты ён пад кіраўніцтвам дырэктара КСУП Станіслава Берташа, які і стаў лаўрэатам спецыяльнага прыза раёнкі, чаму веснікаўцы шчыра радуюцца.
Паколькі ў нашых віншавальных стасункаў круглая дата, вырашылі на гэты раз іх расшырыць і назваць яшчэ аднаго лаўрэата – у намінацыі за плённае супрацоўніцтва з  «ЛВ». Ім стала старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура, якая з заўсёднай гатоўнасцю дзеліцца з раёнкай навінамі з  жыцця  ляхавіцкіх аграрыяў.
Віншуем нашых лаўрэатаў і спадзяёмся: працяг будзе.

Маргарыта КУХТА.
На здымках: фрагменты ўрачыстасці.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Механізатар Васілій Купрыш



2 thoughts on “Мы гэта зрабілі! У мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры ў Ляхавічах адбыліся ўрачыстасці з нагоды прафесійнага свята аграрыяў і работнікаў перапрацоўчай прамысловасці АПК /фота будзе дапоўнена/

  • 21/11/2017 в 21:19
    Permalink

    У меня в сельском хозяйстве брат работает. Летом приходил разве что ночевать — всё в поле на комбайне, спешили убрать. Это люди особой закалки и воли. Всех с праздником!

  • 22/11/2017 в 21:12
    Permalink

    Праца вяскоўцаў — цяжкая, бясконцая і адказная. Але яны шчаслівыя людзі, бо бачаць яе вынікі. Свята ў іх гонар — вельмі правільна і прыгожа. Яны яго заслужылі, як і нашу павагу і ўдзячнасць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *