Пра цяпло, ваду і брудныя трубы

Член парламента Леанід Цупрык, кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Яўгеній Юрлевіч і старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая абмяркоўваюць пытанні, якія хвалююць жыхароў сельсавета.

Тэматыка зваротаў на прамую тэлефонную лінію і асабісты прыём, якія на мінулым тыдні ў аграгарадку Жарабковічы праводзіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Цупрык сумесна з кіраўніком дэпутацкага корпуса раёна Яўгеніем Юрлевічам, хутчэй пацвердзілі тыповасць праблем, што хвалююць грамадзян, чым назвалі новыя. Зноў пераважаў камунальна-дарожны акцэнт. Праўда, узнімаліся і іншыя пытанні, але ўсё ж найбольш канцэнтраванай аказалася незадаволенасць тутэйшых жыхароў якасцю паслуг ад жылкамунгаса і дарожнай службы.

Жыхар аграгарадка Жарабковічы Віктар Касель прыйшоў на прыём з салідным стосам пісьмаў у КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»  і іншыя інстанцыі са скаргамі на якасць пітной вады і афіцыйных адказаў на іх. Сутнасць праблемы, можна сказаць, канфліктнай сітуацыі, даўно і добра вядомая: на працягу многіх гадоў з жарабковіцкіх кранаў льецца брудная ржавая вада. Пабудаваная ў аграгарадку станцыя абязжалезвання ніяк не паўплывала на гэту непрыемную акалічнасць. Дарэчы, «ЛВ» неаднойчы агучваў праблему на сваіх старонках, адпраўляў крытычныя публікацыі на рэагаванне кіраўніцтву ЖКГ, атрымліваў адказы і … вельмі хутка чуў па тэлефоне чарговую скаргу на стаўшую барадатай «водную» жарабковіцкую тэму.

Віктар Касель, напрыклад, паказаў адзін з адказаў, які датуецца 26 снежня 2012 года, за подпісам дырэктара жылкамунгаса А. Мядзвецкага: «Для паляпшэння якасці вады неабходна ўсталяванне другой ступені ачысткі вады на станцыі абязжалезвання. На гэта заключаны дагавор з ТДА «Югнаст».

У сувязі з цяжкім фінансавым становішчам выкананне гэтых работ будзе завершана да 1.05.2013 года. Цяпер вядуцца работы па вырабе корпусаў-фільтраў…

Таксама ў праграму на 2013 год будуць уключаны мерапрыемствы па перакладцы і закальцоўцы  водаправодных сетак па вуліцах Садовай і Мінскай, што дазволіць падтрымліваць належную якасць вады на станцыі транспарціроўкі». (Маецца на ўвазе аграгарадок Жарабковічы).

Усё застаецца па-ранейшаму, абяцанні – абяцаннямі, брудныя трубы –   бруднымі, вада – іржавай. А год, між іншым, заканчваецца 2017-ы.

Шмат вады ўцякло за гэты час. Бруднай вады. А людзі з дня ў дзень пакутуюць ад няякаснага, скажам так, прадукту, за які плацяць па прэйскуранце. На кароткі час бывае прасвет – гэта пасля чарговай прамыўкі труб. Потым усё вяртаецца на свае месцы.

Раённая ўлада праблему ведае, занепакоена ёю, больш таго, патрабуе ад ЖКГ  вырашэння, трымае на пастаянным кантролі сітуацыю, дала распараджэнне кіраўніцтву жылкамунгаса навесці парадак, у тым ліку, і ў гэтым пытанні. Камунальная служба з зайздросным пастаянствам «трымае абарону»…

І з не меншай настойлівасцю дабіваюцца паляпшэння сітуацыі жыхары Жарабковічаў, што пацвердзіў і прыём грамадзян, які вёў член парламента Леанід Цупрык. У той дзень з гэтай жа праблемай да яго звярнуліся і Аксана Таўпека, Жанна Гвоздзь, Дзмітрый Лук’янчык. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў чакае ад кіраўніцтва ЖКГ афіцыйнай справаздачы аб зробленым па паляпшэнні сітуацыі.

Дарэчы,  названыя грамадзяне зацікаўлены і ў добраўпарадкаванні адной з новых жарабковіцкіх вуліц –    Лугавой, дзе пражывае шмат маладых сем’яў. Дарожнае пакрыццё – …ніякае. Пасля дажджу праблематычна не тое, што прайсці, але нават праехаць па ім. Дзякавалі дырэктару ААТ «Жарабковічы» Антону Булатаму, які накіроўвае трактар гаспадаркі для грэйдзіравання, чым хаця б у нейкай ступені паляпшае дарожныя ўмовы. А вось чакаць абслугоўвання ад   ДРБУ-200, па словах заяўнікаў, даводзіцца вельмі доўга.

Леанід Цупрык паставіў перад кіраўніком дарожнай службы Ігарам Піліногам задачу: рэгулярна і настолькі часта, наколькі гэта патрабуецца, грэйдзіраваць вуліцу Лугавую ў Жарабковічах.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў растлумачыў грамадзянам, якія звярнуліся да яго, што пачынаецца ажыццяўленне вялікай дзяржаўнай праграмы па добраўпарадкаванні мясцовых дарог. Канкрэтныя адрасы рэалізацыі яе ўдакладняюцца на месцах.

На прамую лінію да Леаніда Цупрыка звярнуліся 9 чалавек, на асабісты прыём – 10, прычым, 2 звароты былі калектыўнымі.

…У пятніцу, 10 лістапада, у кватэрах аграгараджане мерзлі, маўляў, кацельня працавала ў рэжыме прапальвання, хаця на двары было даволі холадна.

…Ці нельга адкарэкціраваць расклад руху аўтобуса Ляхавічы-Гулічы, зрабіць яго больш зручным для пасажыраў (каб з Жарабковіч у Ляхавічы рэйсавы аўтобус адпраўляўся хаця б на гадзіну раней).

…Па вуліцы Мінскай у аграгарадку ні праехаць, ні прайсці. Так стала даўно, гавораць, пасля пракладкі цепласетак камунгасам.

…Чаму дровы можна забраць толькі ў дзень, калі выпісана накладная?

Гэтыя і іншыя пытанні Леанід    Цупрык і Яўгеній Юрлевіч вывучалі на месцы, па некаторых давалі канкрэтныя даручэнні адказным асобам, па некаторых заяўнікі атрымалі тлумачэнні. Усе абгрунтаваныя звароты застаюцца на кантролі, як і рэагаванне на іх тых, у чыёй кампетэнцыі знаходзіцца вырашэнне праблем.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Калі на вуліцы Лугавой у Жарабковічах і ў дождж, і пасля дажджу ні праехаць, ні прайсці з-за таго, што яна яшчэ не добраўпарадкавана, то па Мінскай (на здымку) – па прычыне разбуранага добраўпарадкавання...

4 thoughts on “Пра цяпло, ваду і брудныя трубы

  • 22/11/2017 в 21:30
    Permalink

    І вось чаму, растлумачце, людзям прыходзіцца хадзіць прасіць? Няўжо тыя, у каго гэта ў адказнасці не бачаць, што трэба там паправіць, тут дапамагчы, а недзе падкарэктаваць. НЕ бачыш, не можаш працаваць — вызвали месца, дай магчымасць іншым зрабіць справу якасна.

  • 24/11/2017 в 12:39
    Permalink

    Гаспадару… Трэба наладжваць дзейснае мясцовае самакiраванне.Гэта складанае пытанне, бо патрабуе перагляду дзеючай структуры мясцовай улады i перагляду дзеючага парадку размеркавання бюджэтных сродкаў. А ў межах дзеючай сiстэмы самакiравання трэба, каб сельвыканкамы займалi больш настойлiвую пазiцыю да адказных асоб.Гэтага можна дабiцца,калi,напрыклад, старшыню сельвыканкама выбiраць усiмi жыхарамi, пражываючымi ў межах мясцовага савета, i ён будзе залежаць ад людзей, а не толькi ад вышэйшага кiраўнiцтва.

  • 06/12/2017 в 19:45
    Permalink

    Прыемна здзівіла, што дэпутат зацікаўлена не толькі дапамагае людзям, але чытае і каментарыі на матэрыялы з яго ўдзелам на сайце. Вось гэта шчырая нераўнадушнасць і заклапочанасць пра вынік справы!

  • 07/12/2017 в 08:39
    Permalink

    Леанід Аляксандравіч, дзякуй за адказ. Сваё эмоцыі, нават непаразуменне я выказваў тым службовым асобам, якія не бачаць разбітай дарогі, іржавай вады і многіх іншых недапрацовак, якія запісаны ў іх абавязках. Прыемна,што вы не абмяжоўваецеся прыёмам грамадзян, а знаходзіцеся на заўсёднай сувязі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *