Пра работу і даўгі

Чарговая апаратная нарада ў старшыні райвыканкама пачалася з абмеркавання вынікаў абследавання пустуючых і невыкарыстоўваемых будынкаў, што знаходзяцца на тэрыторыі раёна. Справаздачу трымалі кіраўнікі сельвыканкамаў.
Асноўным пытаннем на парадку дня стала  работа  Ляхавіцкай ЖКГ па вяртанні запазычанасці ад неплацельшчыкаў за жыллёва-камунальныя паслугі.  Дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі агучыў лічбу запазычанасці грамадзян па  жыллёва-камунальных плацяжах – на 1 лістапада 129300 рублёў. Прыкладна дзясятая частка асабовых рахункаў мае пратэрміноўку, большасць – да 3 месяцаў. Але некаторыя не плацяць і па паўгода, і больш. У ЖКГ распрацаваны план  работы з неплацельшчыкамі. Хтосьці атрымлівае папярэджанне пра наяўнасць запазычанасці, адключэнне паслуг, а асабліва злосныя даўжнікі – папярэджанне аб высяленні. Такія пісьмы накіраваны па 23 адрасах,  аформлена 25 выканаўчых надпісаў на суму каля 7000 рублёў. Тры абаненты адключаны ад водазабеспячэння. Дарэчы, калі  летась перад трыма гаспадарамі паўстала верагоднасць іх высялення з добраўпарадкаваных  кватэр, толькі тады яны заплацілі па рахунках. Некалькі гадоў  назад па рашэнні суда  былі веселены 2 неплацельшчыкі   ў  кватэры з горшымі спажывецкімі якасцямі. І неабавязкова новым  адрасам пражывання для ўчарашняга гараджаніна  ў такім выпадку будзе райцэнтр.
Сярод даўжнікоў камунгаса ёсць  і юрыдычныя асобы, у асноўным – сельгаспрадпрыемствы. Іх пратэрмінаваная запазычанасць на пачатак лістапада  перавысіла  89000 рублёў.
Старшыня  райвыканкама Вячаслаў  Сельмановіч акцэнтаваў увагу на неабходнасці больш актыўнай  работы  камунгаса па своечасовай аплаце за аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі. Гэтыя грошы  для камунальнікаў не лішнія – могуць пакрываць затраты, ісці на выплату  заработнай платы, разлік за  энерганосьбіты. Так што працаваць ёсць над чым.
На нарадзе былі таксама разгледжаны  пытанні асвятлення населеных пунктаў, грэйдзіравання дарог і іншыя.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *