Прызыў-2017: сёлета 45 юнакоў з раёна адправiлiся на тэрміновую ваенную службу

 

Навабранцы Пінскага пагранатрада.

Май і лістапад – традыцыйна «салдацкія» месяцы, калі  ў вайсковыя часці краіны  прыходзіць папаўненне.  Навабранцы атрымліваюць новы дакумент – ваенны білет, развітваюцца на час з роднымі і – у строй!

На гэты раз прызываюцца яны ў знакавы час – напярэдадні стогадовага юбілею нашых  Узброеных Сіл. Стагоддзе  на ахове бяспекі і міру, гісторыя, поўная гераізму, вернасці салдацкаму абавязку. Ляхавіччына цесна звязана з векавой падзеяй: прадзеды, дзяды, бацькі ваявалі, адстойвалі незалежнасць Айчыны. Годна выконваюць   канстытуцыйны абавязак і сённяшнія  салдаты-землякі.

–  У гэты восеньскі прызыў  з раёна на тэрміновую   ваенную службу адпраўляюцца 45 юнакоў, пераважна з дыпломамі аб заканчэнні сярэдніх спецыяльных і  вышэйшых навучальных устаноў. Маральна ўстойлівыя, фізічна падрыхтаваныя – гэта пра іх, хто заўтра стане ў армейскі строй. Тэрмін службы рэзервістаў, а іх 4 чалавекі, залежыць ад адукацыі: з вышэйшай ён складае  2 гады, з сярэдняй спецыяльнай – 3, – адзначае  начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята  г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксандр Байчык.

Першыя 8 прызыўнікоў адправіліся напачатку  лістапада ў войскі Міністэрства ўнутраных спраў,  наступныя – у 5 асобную брыгаду спецназначэння і Мінскую ваенную камендатуру. Нашы землякі апрануць форму дэсантнікаў, пагранічнікаў… Некаторыя навабранцы  будуць служыць у сухапутных войсках, войсках супрацьпаветранай абароны.  Геаграфія службы – не толькі Брэстчына, але Гомель, Мінск, Гродна, Слонім і іншыя адрасы.

Прызыўнікі праходзяць прафесійна-псіхалагічны адбор – рашаюць тэсты, адказваюць на пытанні  анкет. З  улікам сацыяльна- псіхалагічных  і індывідуальных якасцяў, стану  здароўя  камп’ютарная праграма, апрацаваўшы вынікі, выдае, у якіх войсках можа служыць юнак.

Яны ўжо сёння, хаця і хвалююцца, але разумеюць важнасць сваёй місіі, гатовы выконваць яе сумленна і дастойна. Адзін з прызыўнікоў – ляхавічанін Антон Дашын шчыра прызнаўся:

– Я марыў стаць салдатам, таму не скарыстаўся магчымасцю адтэрміноўкі ад службы.

Сёння Антон ужо на месцы службы – у Пінскім пагранатрадзе.  Наперадзе ў навабранцаў курс маладога байца, прысяга на вернасць Радзіме і жыццё па статуце – адказнае, самастойнае.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


One thought on “Прызыў-2017: сёлета 45 юнакоў з раёна адправiлiся на тэрміновую ваенную службу

  • 22/11/2017 в 21:25
    Permalink

    Служите, дорогие! Мы вас очень ждём. Пусть время пролетит очень быстро.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *