Прызыў-2017: сёлета 45 юнакоў з раёна адправiлiся на тэрміновую ваенную службу
Май і лістапад – традыцыйна «салдацкія» месяцы, калі ў вайсковыя часці краіны прыходзіць папаўненне. Навабранцы атрымліваюць новы дакумент – ваенны білет, развітваюцца на час з роднымі і – у строй!
На гэты раз прызываюцца яны ў знакавы час – напярэдадні стогадовага юбілею нашых Узброеных Сіл. Стагоддзе на ахове бяспекі і міру, гісторыя, поўная гераізму, вернасці салдацкаму абавязку. Ляхавіччына цесна звязана з векавой падзеяй: прадзеды, дзяды, бацькі ваявалі, адстойвалі незалежнасць Айчыны. Годна выконваюць канстытуцыйны абавязак і сённяшнія салдаты-землякі.
– У гэты восеньскі прызыў з раёна на тэрміновую ваенную службу адпраўляюцца 45 юнакоў, пераважна з дыпломамі аб заканчэнні сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Маральна ўстойлівыя, фізічна падрыхтаваныя – гэта пра іх, хто заўтра стане ў армейскі строй. Тэрмін службы рэзервістаў, а іх 4 чалавекі, залежыць ад адукацыі: з вышэйшай ён складае 2 гады, з сярэдняй спецыяльнай – 3, – адзначае начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксандр Байчык.
Першыя 8 прызыўнікоў адправіліся напачатку лістапада ў войскі Міністэрства ўнутраных спраў, наступныя – у 5 асобную брыгаду спецназначэння і Мінскую ваенную камендатуру. Нашы землякі апрануць форму дэсантнікаў, пагранічнікаў… Некаторыя навабранцы будуць служыць у сухапутных войсках, войсках супрацьпаветранай абароны. Геаграфія службы – не толькі Брэстчына, але Гомель, Мінск, Гродна, Слонім і іншыя адрасы.
Прызыўнікі праходзяць прафесійна-псіхалагічны адбор – рашаюць тэсты, адказваюць на пытанні анкет. З улікам сацыяльна- псіхалагічных і індывідуальных якасцяў, стану здароўя камп’ютарная праграма, апрацаваўшы вынікі, выдае, у якіх войсках можа служыць юнак.
Яны ўжо сёння, хаця і хвалююцца, але разумеюць важнасць сваёй місіі, гатовы выконваць яе сумленна і дастойна. Адзін з прызыўнікоў – ляхавічанін Антон Дашын шчыра прызнаўся:
– Я марыў стаць салдатам, таму не скарыстаўся магчымасцю адтэрміноўкі ад службы.
Сёння Антон ужо на месцы службы – у Пінскім пагранатрадзе. Наперадзе ў навабранцаў курс маладога байца, прысяга на вернасць Радзіме і жыццё па статуце – адказнае, самастойнае.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Служите, дорогие! Мы вас очень ждём. Пусть время пролетит очень быстро.