Фактары росту

У беларускай эканоміцы ў 2017 годзе намеціўся некаторы рост, але падстаў для самазаспакоенасці няма, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на дакладзе ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2017 года, ацэнцы вынікаў года і праектах прагнозу бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што 2018 год будзе асаблівым. Трэба будзе пераадолець адставанне, дапушчанае ў 2016 годзе, і выйсці на траекторыю пяцігадовай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

«У гэтым годзе намеціўся некаторы рост эканомікі, ёсць пазітыўныя зрухі ў яе ключавых галінах. Унутраны валютны рынак устойлівы. Сальда знешняга гандлю дадатнае. Мы нарасцілі золатавалютныя рэзервы, аднаўляем аб’ёмы экспарту. Тым не менш падстаў для самазаспакоенасці быць не можа. Эканоміка за 2015-2016 гады страціла 6 працэнтаў. У гэтым годзе адыгралі толькі 2 працэнты, што яўна недастаткова», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, узнікае заканамернае пытанне: чаму пры росце ВУП няма запланаванага павелічэння даходаў насельніцтва? «Я не настойваю на тым, каб гэта быў завоблачны рост – прымальны рост, і ён вызначаны. Нават за два гады мы не аднавілі ўзровень, які быў у канцы мінулай пяцігодкі. Ды і з выкананнем майго даручэння па дасягненні сярэдняй заработнай платы ў памеры тысячы рублёў шмат пытанняў і праблем. У сувязі з гэтым што мы маем у гэтай частцы на 2018 год?» – пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно важнае пытанне – занятасць насельніцтва. Тут, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, таксама не ўсё добра. «Урад дакладвае пра 50 тысяч новых рабочых месцаў, але ў той жа час, як канстатуюць статыстыкі, колькасць звольненых перасягнула колькасць прынятых на работу на 43 тысячы чалавек – два сярэднія раёны Беларусі. Колькасць занятых у эканоміцы павінна расці. Без гэтага расказваць пра макрастабільнасць сэнсу няма», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага банка, у бягучым годзе  ў Беларусі будзе самы нізкі ўзровень інфляцыі за ўсю гісторыю незалежнасці. «6 працэнтаў па выніках 2017 года – цудоўна. Аднак у планах на 2018-ы прадугледжана павялічыць яе да 7 працэнтаў. Якія падставы для гэтага? Мы гаворым аб інфляцыйных чаканнях, але ў той жа час самі падганяем іх», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнта насцярожвае сітуацыя ў сферы інвестыцый. «Паводле маёй інфармацыі, на наступны год іх запланавана аж 65 працэнтаў ад узроўню 2011 года. Гэтага вельмі недастаткова для простага падтрымання канкурэнтаздольнасці эканомікі. Калі няма ўласных капіталаў, трэба шукаць і прыцягваць інвестараў. Дарэчы, яны таксама ёсць. І крэдыты прымальныя ёсць. Але дзіўна – праектаў няма. Вось і ўсё менеджарства», –  адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бюджэт павінен служыць мэтам сацыяльнай палітыкі. «Чаму бюджэт ператвораны ў кастыль для кульгаючых прадпрыемстваў? І паток прапаноў ад урада па вырабе гэтых кастылёў на ўзровень Прэзідэнта не спыняецца. Насцярожвае праблема даўгоў у рэальным сектары. Доля праблемных актываў высокая. Як на гэта глядзяць урад, Нацыянальны банк? Ці гэта зноў будзе перакладзена на бюджэт краіны? Большасць мер, што прымаюцца, пакуль маюць касметычны характар. А патрэбны сістэмныя рашэнні», – сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што чакае актыўнага абмеркавання актуальных пытанняў і канкрэтных прапаноў па ключавых сферах жыцця краіны. «Прагноз павінен быць рэалістычным, але выключна напружаным», – дадаў   Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства.

Аб фактарах росту беларускай  эканомікі ў наступным годзе і  вырашэнні задач Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады далажыў Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. Ён таксама спыніўся на бягучай сітуацыі ў краіне.  Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць больш актыўнай работы па працаўладкаванні грамадзян.   Акрамя таго, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, людзі павінны не толькі мець работу, але і добра зарабляць. Ён нагадаў аб сваім даручэнні выйсці да канца 2017 года на сярэдні ўзровень зарплаты ў краіне ў памеры Br1 тысячу. Павысіць сярэдні ўзровень даходаў у краіне неабходна ў першую чаргу за кошт павелічэння памеру зарплаты тым катэгорыям грамадзян, у якіх яна была ніжэйшая за сярэдняе значэнне, адзначыў   Аляксандр Лукашэнка.

Адносна прагнозаў па развіцці беларускай эканомікі Кіраўніку дзяржавы далажылі, што асноўны ўклад у рост ВУП забяспечыць прамысловасць, сельская гаспадарка, будаўніцтва, гандаль, транспарт, інфарматызацыя і сувязь. Пры гэтым Прэзідэнт даручыў асаблівую ўвагу ўдзяліць будаўнічай галіне.

У час нарады таксама разглядаўся праект рэспубліканскага бюджэту на 2018 год. Прагучала меркаванне, што аблвыканкамам неабходна прадаставіць большую свабоду ў распараджэнні сродкамі мясцовых бюджэтаў. Кіраўнік дзяржавы ў цэлым падтрымаў гэту прапанову.

Па выніках мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы даручыў да  20 снежня прадставіць канчатковы праект бюджэту на наступны год.  У цэлым Прэзідэнт станоўча ацаніў праект бюджэту. «Усё падлічана нармальна. У асноўным усё правільна сказана. Але саскочце з верхатуры на зямлю. Людзі хочуць нармальна жыць», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў знайсці сродкі, каб падтрымаць бюджэтных работнікаў і найбольш слабаабароненыя слаі насельніцтва.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *