Універсітэт трэцяга ўзросту навучыць карыстацца мабільным тэлефонам

Вучоныя лічаць, што навучанне – лепшы антыдэпрэсант для людзей мудрага ўзросту. 16 лістапада ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Ляхавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылося ўрачыстае адкрыццё ўніверсітэта трэцяга ўзросту. Да прысутных з прывітальным словам звярнуўся рэктар і ініцыятар адкрыцця ўніверсітэта начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса.
У гэтым  «навучальным годзе» для слухачоў універсітэта трэцяга ўзросту дзейнічаюць розныя вучэбныя накірункі: факультэт інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (камп’ютарныя курсы і навучанне карыстанню мабільным тэлефонам), адукацыйны факультэт (навучанне англійскай і польскай мовам), факультэт дадатковай адукацыі (краязнаўства, лекцыі і трэнінгі псіхолага, тэматычныя лекцыі супрацоўнікаў РАУС, РАНС, медыцынскіх работнікаў).
Плануюцца экскурсіі і турыстычныя паездкі па розных памятных мясцінах.   Ва ўніверсітэт трэцяга ўзросту залічаны 60 грамадзян, якім былі ўручаны білеты слухача.
Падапечныя аддзялення дзённага знаходжання для новаспечаных «студэнтаў» падрыхтавалі забаўляльную праграму. Удзячныя слухачы апладысментамі суправаджалі кожнага выканаўцу.
Для слухачоў  універсітэта трэцяга ўзросту прагучаў першы званок. «Навучальны год» пачаўся.
Таццяна РАВІНСКАЯ, дырэктар ТЦСАН.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *