«Крынічная» партытура. Народнаму ансамблю народнай музыкі «Крыніца» ляхавіцкага ГДК — трыццаць /фота/

Льецца, звініць  беларуская песня ў шматгалосным гучанні, касцюмы ў   нацыянальным стылі, шчодрыя авацыі – на сцэне народны ансамбль народнай музыкі «Крыніца» гарадскога Дома культуры.  Выступленні гэтага самабытнага калектыву зараджаюць асаблівай энергетыкай і дораць цудоўны настрой.  Тры дзесяцігоддзі «Крыніца» ярка ззяе на  творчым небасхіле Ляхавіччыны, удзельнічае ў святах, фестывалях, урачыстасцях і зрывае  дружныя   шчодрыя  апладысменты.
Партрэт з натуры
Жыццё «Крыніцы» дала яе  мастацкі  кіраўнік Людміла   Ламака. Энергічная, таленавітая, прафесіянал сваёй справы, яна ўкладае ў гэты ансамбль не толькі сілы, час, але і душу. Дзякуючы ёй,  уліліся ў ансамбль моцныя, звонкія галасы ўдзельнікаў-«крынічан». Людміла Казіміраўна з’яўляецца  ініцыятарам стварэння  і дзіцячага ансамбля «Спадчына».
З песняй Людміла сябруе з дзяцінства:
– Спявалі бабуля і яе браты,  сястра, маці.  А  мы, малыя, раскрыўшы рты, слухалі.
Дзяўчо ўбірала кожнае песеннае слова, кожную інтанацыю.  А калі  прыходзілі госці,   залазіла на табурэтку і спявала – яе здольнасці ўжо тады былі відавочнымі.  І родныя, і знаёмыя ведалі: Люда будзе артысткай. Мара  стала рэальнасцю. Студэнткай  сталічнага Інстытута  культуры  саліравала ў прафесіянальным калектыве навучальнай установы «Валачобнікі». З ім ездзіла па  Савецкім  Саюзе, былі  і замежныя гастролі. Па словах галоўнай «крынічанкі», сама Людміла  Зыкіна запрашала  яе ў праслаўлены ансамбль «Расія».
Людміла Казіміраўна не шкадуе, што прафесійнае жыццё склалася так, як склалася. Лёсавызначальнай стала сустрэча  з Мікалаем, які вучыўся ў гэтай жа навучальнай установе і,  не раздумваючы,  адправіўся на радзіму жонкі. З тых часоў яны разам –  і дома, і на рабоце.
Бясспрэчны талент, імкненне да самаўдасканалення, прафесіяналізм падтрымліваюць  Ламакаў  у іх творчых пошуках. Дарэчы, для  сям’і ГДК  стаў першым і адзіным месцам працы.  Мікалай – дырэктар Дома культуры, Людміла – мастацкі кіраўнік. Па слядах бацькоў пайшлі сыны Мікалай і Максім. Яны таксама выбралі творчую прафесію. Максім акампаніятар «Спадчыны», Мікалай – акампаніятар ГДК. Нявестка Кацярына  – таксама  з культурнага  асяроддзя.  Спявае – заслухаешся,  прафесійна дырыжыруе. Ды і ўнукі растуць вельмі музычнымі.
«Крыніца» для сям’і Ламака –  не работа. Хутчэй, вельмі любімае агульнае захапленне, якое стала сямейнай справай.
З’яднала песня
– Чаму «Крыніца»? Крыніца – цуд жывой вады, сугучча чыстае, пачатак светлага, свайго, народнага, – тлумачыць Людміла.
Удзельнікаў ансамбля  выбіралі з адметнымі, унікальнымі, каларытнымі галасамі, тых, хто сэрцам адчувае народную песню.  Сярод пачынальнікаў  – Яніна Гацура, Валянціна Ражкова, Галіна Ярац, Сабіна Шклянік і  іншыя. Усе – з розных працоўных калектываў, з рознымі заняткамі, але агульнай любоўю да спеваў.Ансамбль стаў сваім   для сямейных пар Валянціны і Леаніда Столяраў, Івана і Святланы Валасароў, Святланы і Юрыя Рапацкіх.  У  ім  у свой час удзельнічалі  музыканты-прафесіяналы Якаў Мурзіч, Віктар Прыхач, Уладзімір Равінскі і іншыя. Немагчыма ўявіць «Крыніцу»  без Хелены Вярбенка, Аляксандра Конюха, Наталлі  Маслоўскай, якія часцінку  сваёй душы, энтузіязму і таленту аддалі ан-самблю. У «крынічны» рэпертуар на той час уваходзілі песні мастацкага кіраўніка народнага ансамбля  народнай песні «Народныя музыкі» Эдуарда  Сіліцкага. «Грай, гармонік!», «Ляхавіцкае вяселейка», «Прызнанне»  прыгожа гучаць у выкананні «Крыніцы» і сёння.
Выступаюць і ў раёне, і за яго межамі. На кожным  канцэрце  зрываюць  авацыі, збіраюць  ураджай узнагарод на конкурсах. У творчай біяграфіі «Крыніцы» айчынныя і міжнародныя фестывалі. Сярод іх «Грай, гармонік, звіні, прыпеўка» (дыплом II ступені), «Надбужскія фальклорныя сустрэчы» (Рэспубліка Польшча, I месца), «Ляці, наша песня» (дыплом
III ступені).  Іх запрашалі на святкаванне Дня  пісьменства ў Ганцавічы, на  народнае  свята «Тлусты чвартак» у Польшчу, на Дні культуры ў польскі горад  Рыкі, спявалі на Дні   горада ва   ўкраінскім  Гарохаве  і г. д.
І сёння «Крыніца», як кажуць, у топе папулярнасці – сучасная, пявучая, не жыве  былой славай, а працягвае  радаваць  гледачоў, пашырае рэпертуар, у якім, акрамя беларускіх, рускія, украінскія, польскія песні. Дзесяць удзельнікаў – яркіх, самабытных, з розных сфер прафесійнай дзейнасці ганарацца тым, што яны «крынічане». У іх свой стыль, беларуская адметнасць, сваё беражлівае стаўленне да народнай песні.
На рэпетыцыі кіпіць жыццё, эмоцыі б’юць праз край – спрачаюцца, прадумваюць кожную дэталь нумара, каб на канцэрце стварыць атмасферу свята.
Кожную  песню, лірычную, карагодную ці абрадную, пражываюць разам з залай так, што хочацца падпяваць-прытанцоўваць. Калі ў выкананні Людмілы Ламака гучыць «Мамін голас» (яе любімая песня),  жанчыны ў зале выціраюць  слёзы.
Нязменны спа-дарожнік усіх выступ-ленняў «Крыніцы» –  калектыў «Народныя музыкі». Ва ўмелых руках таленавітых музыкантаў гармонік, скрыпка, барабан, кларнэт, баян, цымбалы, бас-гітара ствараюць  цуды. Кожны з інструментаў  надае асаблівую  афарбоўку і глыбіню. Дарэчы, сённяшні акампаніятар «Крыніцы» –  Віктар Сабалеўскі.
Свята- свяцейка
Святочны канцэрт з нагоды юбілею  творчай дзейнасці ў мінулую ня-дзелю пацвердзіў: сяброў, прыхільнікаў у «Крыніцы» шмат,  поўная зала.  У гэты вечар у ГДК уладарыла беларуская народная песня –   сакавітая, пявучая. Свята-свяцейка спявала, запальвала  і радавала. Гучалі любімыя мелодыі, сыпаліся віншаванні,  і зала за кожны нумар  шчыра і доўга дзякавала  дружнымі апладысмен-тамі, выклікала на біс.
Дырэктар абласнога  грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук уручыла «Крыніцы» Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.
Шчыра віншавала калектыў і яго нязменнага кіраўніка Людмілу Ламака, уручала ўзнагароды намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень.
У адрас юбіляраў гучалі ўдзячныя словы   ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры  і па справах моладзі райвыканкама Мікалая Дабрыянца, гасцей свята.
Падарункі, кветкі, успаміны, цёплыя і добрыя  пажаданні,  танцавальныя і песенныя нумары – свята ўдалося!
Няхай «крынічныя» гады доўжацца, а песня гучыць чыста-чыста на радасць землякам, і не толькі.
«Крыніца» – гэта і сённяшнія спевакі, і тыя, хто ў розныя часы прымаў у ёй удзел (на здымках).
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *