Дзе рака, а дзе і ручаёк

Па-ранейшаму ў малочнай жывёлагадоўлі лідарамі застаюцца дзве гаспадаркі – СВК “Ляхавіцкі” і “Шлях новы”. А ўсё таму, што тут прадугледжаны ўсе магчымыя пытанні, якія могуць узнікнуць у ходзе зімоўкі. Можна нават не засяроджваць увагу на ўмовах  утрымання жывёлы іменна на новых сучасных комплексах, якія пабудаваны ў гэтых гаспадарках. Старыя рэканструяваныя памяшканні сёння тут у ідэальным парадку: і людзям камфортна працаваць, і жывёла ўтрымліваецца паспяхова. Галоўнае, на чым сканцэнтравана ўвага, – рацыёны і тэхналогіі кармлення. У “Шляху новым”, напрыклад, статак забяспечаны бялкамі і канцэнтратамі, з восені і па сённяшні дзень абавязкова прысутнічаюць ў рацыёнах жамерыны. Паколькі запасы іх на зыходзе, то  гэты корм ўжо заказаны ў сухім выглядзе. Затраты немалыя, аднак, па перакананні старшыні СВК Аляксандра Вашчука, яны вартыя таго. Сельгаспрадпрыемства прадае за дзень 21990 кілаграмаў малака – ад кожнай каровы надойваюць па 15 кілаграмаў.

У СВК “Ляхавіцкі”  рацыёны статка паўнацэнныя, аднак, жамерын няма. Затое, у гаспадарцы назапашана буракоў на ўсю зіму, хопіць і на вясновыя падкормкі. Ужо ў першыя дні новага года з сельгаскааператыва паступае на малочны завод па 13380 кілаграмаў малака, а надой на карову складае па 18,6 кілаграма.

Жывёлаводы гэтых гаспадарак б’юць свае ж мінулагоднія рэкорды: і ў “Шляху новым”, і ў “Ляхавіцкім” валавы надой і надой на карову значна павялічылі, прычым 100 працэнтаў малака ад кароў, што ўтрымліваюцца на новых комплексах, здадзена на завод гатункам экстра.

Спецыялісты адзначаюць стабільна ўстойлівую тэндэнцыю  нарошчвання тэмпаў і якасных параметраў у вытворчасці малака ў  СВК “Тальмінавічы” і ДП “Нача”.

Аднак, як кажуць, не без праблем. На фоне малочных рэк гэтых гаспадарак бачны і маленькія ручайкі ЗАТ “Белпрампрыбор”, СВК “Востраў-Агра”, “Ліпнянка”. Для ўсіх гэтых сельгаспрадпрыемстваў характэрна агульная асаблівасць – бедныя кармавыя запасы, выкарыстанне канцэнтратаў свайго прыгатавання, незбалансаванасць рацыёнаў. У “Востраў-Агра” не захоўваецца і тэхналогія кармлення: бывае то густа, то пуста, а то і прыгатаваны кармы няякасна, адсутнічае бялок. А вось і вынікі работы першых дзён новага года: за дзень СВК “Востраў-Агра” адправіў на малаказавод 3385 кілаграмаў малака, ЗАТ “Белпрампрыбор” – 4845, СВК “Ліпнянка” – 4790 кілаграмаў. Тэндэнцыя да змяншэння надояў на адну карову назіраецца ў ААТ  ”Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, няма станоўчых змен і ў СВК “Жарабковічы”, хоць тут укладзены вялікія грошы ў навядзенне парадку на малочнатаварных фермах. Уся праблема ў тым, што не прымяняюцца новыя тэхналогіі. СВК “Жарабковічы”, напрыклад, які мае самы вялікі ў раёне        малочны статак, прадае малака ў першыя дні новага года ўсяго на 200 кілаграмаў больш, чым СВК “Шлях новы”, дзе кароў менш прыкладна на цэлую малочнатаварную ферму (мінімум на 300 жывёл).

Многія гаспадаркі нясуць страты яшчэ і з-за невыканання зааветэрынарных мерапрыемстваў, накіраваных на атрыманне малака высокай якасці. Былі выпадкі, калі малако вярталася назад у гаспадаркі (СВК “Жарабковічы”, “Востраў-Агра”, “Тальмінавічы” і ДП “Нача”).  У многіх сельгасарганізацыях не ўдзяляюць патрэбнай увагі дэзынфекцыі малочнага і хала-дзільнага абсталявання, што ў значнай ступені аказвае ўплыў на якасць атрыманай прадукцыі. Праведзеныя ў ветлабараторыі даследаванні паказалі, што многія даільныя апараты брудныя. Адмоўна ўплывае на якасць малака і тое, што на некаторых фермах неадрамантаваны малочныя блокі, няма асобных памяшканняў для малочных лабараторый. За выключэннем СВК “Жарабковічы”, новых ферм СВК “Шлях новы” і “Ляхавіцкі”, не арганізавана цэнтралізаванае мыццё спецадзення. У СВК “Жарабковічы” вось ужо на працягу двух гадоў не беляцца жывёлагадоўчыя памяшканні, а ля фермаў практычна адсутнічаюць выгульныя двары для жывёлы. Прыкладна такое ж становішча з выгуламі  ў СВК “Дарава”, “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, каровы не падсцілаюцца. У выніку з-за нізкай гатунковасці малака жывёлаводы  СВК “Жарабковічы” за год недалічацца больш як 180 мільёнаў рублёў, у СВК “Ліпнянка” – каля 260 мільёнаў, “Востраў-Агра”— прыкладна 380, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – 370 мільёнаў рублёў.

Значныя грашовыя страты панеслі некаторыя сельгасарга-нізацыі  з-за таго, што на мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы пастаўлялася жывёла нізкай укормленасці. Асабліва гэта датычыць ДП “Нача”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, СВК “Канюхі”, “Ліпнянка”, “Дарава”. У той жа час атрымалі прыбытак ад рэалізацыі жывёлы найвышэйшай здатачнай вагой у аграрным каледжы, ЗАТ “Бел-прампрыбор”.

З-за няўважлівасці і некампетэнтнасці зааветэрынарных службаў гаспадарак на мясакамбінаты здадзена 55 галоў цельнай жывёлы. Усё гэта страчаныя грошы.

Стартуе новы год, добры пачатак якога будзе мець добры працяг. І той, хто не ўпусціць момант сёння, несумненна, выйграе.

Аляксандр ШЫТАЎ,
галоўны заатэхнік райсельгасхарчу

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *