Інвестыцыі, памножаныя на інавацыі

Без развіцця няма прагрэсу. Такія словы давялося пачуць  некалькі гадоў таму ад дырэктара СААТ «Ляхавіцкі малочнызавод» Вячаслава Жукоўскага. Жыццё пацвердзіла, што гэта не проста фраза, сказаная падчас інтэрв’ю, а формула дзейнасці калектыву прадпрыемства.

Кіраўніцтва завода на чале з дырэктарам пастаянна знаходзіцца ў пошуку і руху наперад. Калектыў (сярэдні ўзрост працуючых — 32 гады) не зацыкліваецца на  ўласных поспехах  і дасягненнях, а мэтанакіравана ідзе да  новага ў вытворчасці, стварэнні бяспечных і аўтаматызаваных умоў працы, павышэнні дабрабыту працуючых.  Пацвярджэнне таму — важкія вытворчыя паказчыкі,  высокая прадукцыйнасць працы, гарантаваная якасць і запатрабаванасць выпускаемай прадукцыі.

Складальнікаў  паспяховай дзейнасці прадпрыемства мноства: сучаснае і  мадэрнізаванае абсталяванне, якое пастаянна абнаўляецца, новыя, у тым ліку ўласныя,  тэхналогіі вытворчасці малочнай прадукцыі, паспяховыя брэнды, наладжаныя рынкі збыту, штогод — новыя інвестыцыйныя праекты і галоўнае — высокакваліфікаваны, зладжаны, накіраваны на поспех калектыў прафесіяналаў, дзе кожны хварэе за свой участак работы і завод у цэлым.

Спрыяльны псіхалагічны клімат — адна з галоўных умоў паспяховасці малочнага завода. Завадчане — ад рабочага да дырэктара — паўнапраўна ўдзельнічаюць у мадэрнізацыі прадпрыемства. Меркаванне кожнага важнае і важкае, абавязкова не застаецца без увагі, выслухоўваецца і аналізуецца. Можа таму, нават падчас уласнага водпуску,  працаўнікі спяшаюцца на завод, каб паглядзець, як ідзе ўстаноўка новага абсталявання, ці пазнаёміцца з аснашчэннем працоўнага месца, выказваюць  заўвагі, уносяць прапановы. Свой дабрабыт завадчане ствараюць самі — уласнымі рукамі, розумам, адданасцю справе, неабыякавасцю яны ў выніку працуюць на перспектыву.

Цікава, што на прадпрыемстве ёсць нават «міні-ўніверсітэт» з лекцыямі (некаторыя чытаюць выкладчыкі ВНУ і ССНУ), семінарамі, практычнымі заняткамі, стажыроўкай і экзаменамі. Асноўную ролю выкладчыкаў і экзаменатараў бяруць на сябе вопытныя працаўнікі, у якіх вучацца навічкі завода.

— Перш за ўсё неабходна думаць пра чалавека, толькі тады можна дабіцца поспехаў на прадпрыемстве ў цэлым. Дастойная зарплата, бяспечныя і камфортныя ўмовы працы,  работа, якая адпавядае атрыманайадукацыі, паважлівыя адносіны да кожнага працаўніка, які павінен быць упэўнены ў сваёй будучыні, — гэта абавязковае па-трабаванне развіцця  ў сучасных умовах, незалежна ад  маштабу вытворчасці ці формы ўласнасці, — сцвярджае Вячаслаў Жукоўскі і дадае: — На заводзе няма выпадковых людзей, тут застаюцца працаваць тыя, хто адчуў, што гэта яго месца, ён тут патрэбны і важны. Кожны завадчанін атрымлівае зарплату, якую ён зарабіў.

Гэта меркаванне падзяляе і галоўны інжынер  Аляксандр Клапаток, які на заводзе працуе больш за 20 гадоў. Ён адзін з тых, хто разам з дырэктарам стаяў ля вытокаў аднаўлення прадпрыемства, па сутнасці, — другога вытворчага нараджэння.

— Прадпрыемства лічыць справай гонару выпуск  запатрабаванай — смачнай, высакаякаснай, натуральнай  прадукцыі, — зазначае Аляксандр Клапаток.

Пра папулярнасць таварнага асартыменту лепш за ўсё гаворыць той факт, што ён ідзе «на ўра» і ў вялікіх гарадах, і ў маленькіх вёсках, не залежваецца на паліцах супермаркетаў і вясковых магазінаў. Сведчанне таму і штогадовыя перамогі ў рэспубліканскім конкурсе «Лепшы прадукт года».

Паралельна з выпускам новай прадукцыі, абнаўленнем брэндаў, пашырэннем рынкаў збыту вядзецца і тэхнічнае пераўзбраенне на ўсіх этапах вытворчасці і рэалізацыі. Як расказаў Аляксандр Клапаток, толькі ў мінулым годзе  закуплена і ўстаноўлена  тэхналагічна новага сучаснага абсталявання амаль на 7 мільярдаў рублёў. На 2012 год на гэтыя мэты плануецца выдаткаваць больш за 4 мільярды рублёў.

У лютым 2011 года  гасцінна расчыніў дзверы для шматлікіх наведвальнікаў рэканструяваны «Верас». У фірменныммагазіне  дадаткова ўстаноўлена новае халадзільнае абсталяванне. Акрамя звычайных паліц для  больш шырокага пакупніцкага агляду  знайшлося месца і «астраўным» горкам,  на якіх разнастайна прадстаўлены тавар у шырокім асартыменце.  Да таго ж адзіны вузел разліку за ўсе пакупкі дазваляе сэканоміць час як прадаўцам, так і пакупнікам.  Усе навацыі рабіліся з адзінай мэтай — палепшыць якасць абслугоўвання насельніцтва. А напрыканцы мінулага года ўведзены і аўтаматызаваны працэс касавага разліку — усё для зручнасці пакупнікоў.

Тое, што адбываецца ў тэхнічным пераўзбраенні завода, не можа не ўражваць. Але, як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.

За апошні год цэх  цэльнамалочнай прадукцыі стаў непазнавальным. Здаецца, што цэх  наогул не дзейнічае — вакол толькі бліскучае абсталяванне (80 працэнтаў яго — новае) і  ідэальная чысціня.  На самай справе перапрацоўка малака і выпуск смятаны, кефіру, сыроваткі і г.д. ідзе поўным ходам, а ўвесь працэс вытворчасці — закрыты і не бачны воку. З  ім паспяхова спраўляюцца ўсяго 2 спецыялісты. Кожны этап працэсу адсочваецца на маніторы камп’ютара, які знаходзіцца ў спецыяльна адведзеным памяшканні — «за шклом».

— Сапраўды, пасля рэканструкцыі цэх стаў, як новы. Заменена ўсё, пачынаючы ад труб, адрамантаваны сцены, падлога, столь і, галоўнае, устаноўлена новае абсталяванне. Гэта  дазволіла палепшыць якасць выпускаемай прадукцыі, зменшыць затраты і павялічыць выпрацоўку. Тут створаны ўсе ўмовы, ручная работа адсутнічае наогул, — тлумачыць убачанае падчас экскурсіі галоўны інжынер.

Новая аўтамыйка таксама мае спецыяльна запраграмаваны алгарытм, які прадугледжвае ўвесь працэс са спецыяльна зададзенай тэмпературай і дэзынфекцыйнымі сродкамі. Гігіена і санітарыя тут — на вышэйшым узроўні.

Новы ўпаковачны аўтамат, які  ўстаноўлены ў цэху фасоўкі, дазволіў у разы павялічыць прадукцыйнасць працы, поўнасцю выключыць ручную.

Прыёмна-апаратны цэх завода набыў цяперашні  сучасны выгляд нядаўна. Тут таксама ўстаноўлена новае абсталяванне. З заданнем выдатна справіліся энергетычная і механічная службы, будаўнікі.   Менавіта тут адбываецца сепарацыя малака,адсюль далей перапрацаваная сыравіна  (без умяшальніцтва чалавека) па спецыяльных трубах паступае ў вы-глядзе вяршкоў і адгону ў маслацэх і цэх па вытворчасці казеіну. У гэтым падраздзяленні задзейнічаны таксама ўсяго некалькі чалавек.

Наступным крокам у мадэрнізацыі ўжо сёлета  стане  завяршэнне рэканструкцыі заводскай кацельні, дзе, акрамя іншых новаўвядзенняў, будзе ўстаноўлена больш цеплаэфектыўнае абсталяванне, што дазволіць  зменшыць энергазатраты ва ўсіх падраздзяленнях завода, як і ўвогуле знізіць затраты  на вы-творчасць.

Хаця і сёння на Ляхавіцкім малочным — самая высокая прадукцыйнасць працы і самыя нізкія энергазатраты сярод аналагічных прадпрыемстваў галіны.  Калі гаварыць пра энерга-зберагальнасць, то  на прадпрыемстве гэтае пытанне стаіць на парадку дня ўжо больш за 10 гадоў, таму і  дасягненні адчувальныя.

Калектыў працягвае працаваць, радаваць сябе новымі дасягненнямі,  перамогамі, а нас, пакупнікоў, — смачнымі навінкамі.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *