Аб’ектыўны падыход да нязручных абставін

Тыповыя бытавыя праблемы, якія хвалююць землякоў, у пэўнай ступені выяўляюцца падчас прыёмаў грамадзян прадстаўнікамі ўлады, службовымі асобамі, а таксама пры правядзенні прамых тэлефонных ліній. У мінулую суботу магчымасць патэлефанаваць кіраўніку Ляхавіцкага раёна з пытаннямі, якія хвалююць, скарысталі сем чалавек.
Адразу заўважу, што тэматыка ўзнятых праблем не новая: добраўпарадкаванне і жылкамунгасаўскія акцэнты прасочваюцца выразна, што і падкрэсліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч.

Першы званок на прамую лінію – ад ляхавічанкі, якая пражывае па вуліцы Чкалава, 21, датычыў магчымасці зрабіць прыпынак рэйсавага гарадскога аўтобуса ля гэтага шматкватэрніка. Жанчына патлумачыла, што ў доме жыве шмат пенсіянераў, якім часта даводзіцца дабірацца да паліклінікі. Ім цяжка пераадольваць няхай і невялікую, але вельмі нязручную адлегласць да існуючага прыпынку.
Вячаслаў Лукіч патлумачыў, што гэтым пытаннем раённая ўлада займалася ўшчыльную. Як высветлілася, каб забяспечыць бяспеку руху пры адкрыцці дадатковага прыпыначнага пункта, патрабуюцца вялікія фінансавыя затраты. І гэта пры тым, што ў метрах двухстах ад дома знаходзіцца ўладкаваны. Іншая справа, засяродзіў увагу кіраўнік раёна, што гэты шлях жыхарам дома даводзіцца пераадольваць па нядобраўпарадкаванай тэрыторыі. У хуткім часе, дакладней, у 2018 годзе, плануецца сітуацыю паправіць і стварыць умовы для камфортнага руху пешаходаў – уладкаваць пешаходную дарожку. Мяркуючы па тоне размовы заяўніцы, такі варыянт яе задаволіў. А даручэнне па выкананні задання кіраўнік раёна адрасаваў камунальнай службе.
Дарэчы, жанчына задала яшчэ адно хвалюючае пытанне: чаму ў нашым райцэнтры няма таксі? Сапраўды, было б вельмі зручна, калі б існавала магчымасць заказаць аўто з кватэрнага тэлефона і без праблем у назначаны час дабрацца ў патрэбную кропку горада ці нават раёна. Па даручэнні Вячаслава Сельмановіча вывучыць сітуацыю давядзецца ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Ляхавіцкі адрас – вуліца Кальцавая, 5 – у зварота ад жыхара гэтага дома. Тэма – скарга на недастатковую тэмпературу гарачай вады, якая, па словах заяўніка, ніжэй устаноўленых стандартаў. Як ён патлумачыў, цяпер гэта 44 градусы (раней было 37-40). Заяўнік паскардзіўся, што «перапіска» з жылкамунгасам на гэту тэму вядзецца з 2014 года.
Вячаслаў Сельмановіч даў даручэнне дырэктару ЖКГ Аляксандру Мядзвецкаму аператыўна па даным адрасе зрабіць замеры тэмпературы гарачай вады, у тым ліку на ўводзе. Пасля гэтага будзе вызначана праграма дзеянняў.
Вячаслаў Лукіч падкрэсліў: калі людзі з адной і той жа праблемай звяртаюцца ў інстанцыі некалькі разоў, гэта гаворыць, што ў рабоце са зваротамі нешта ўпушчана. Ва ўсіх выпадках трэба вельмі ўважліва вывучыць пытанне і дакладна прадыферэнцыраваць, што і каму належыць зрабіць па яго вырашэнні, перакананы старшыня райвыканкама.
Да 1 снежня старшыні Крывошынскага сельвыканкама і кіраўніцтву раёна электрасетак неабходна паправіць сітуацыю з асвятленнем участка вясковай вуліцы Лясной у Заліпенні. Жыхарка вёскі паскардзілася кіраўніку раёна: ліхтар на слупе не гарыць, што ўяўляе нязручнасць, нават небяспеку для тых, хто спяшаецца на ранішні рэйс аўтобуса на Ляхавічы. Як патлумачыў старшыня Крывошынскага сельвыканкама Юрый Чаранкевіч, заяўка на выкананне работ у раён электрасетак пададзена.
Я вас пачуў – неаднаразова ў час прамой лініі гучалі гэтыя словы кіраўніка раёна, адрасаваныя патэлефанаваўшым. Былі сказаны яны і жыхарцы аграгарадка Тальмінавічы, якая ўзняла праблему, што хвалюе гаспадара адной з кватэр па вуліцы Леніна. Кватэра знаходзіцца на першым паверсе, над ёю на другім паверсе ніхто не жыве. А даху
на доме, па сутнасці, няма – верх заліты смалой, працякае, з-за чаго і з’явіліся праблемы з электрычнасцю. Па даручэнні кіраўніка раёна гэтым пытаннем зоймецца старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч, якому неабходна запрасіць спецыялістаў з «Трансэлектракамплекта» для абследавання і рамонту электраправодкі. Выканаць рамонт даху зможа ПМК-17, ну а ўсе астатнія пытанні вырашыць КСУП «Тальмінавічы».
На гэты раз у час прамой лініі старшыні раённага выканаўчага камітэта прысутнічалі кіраўнікі сельвыканкамаў і службаў раёна, што дало магчымасць аператыўна высвятляць пэўныя абставіны, звязаныя са зваротамі грамадзян, і даваць канкрэтныя заданні канкрэтным выканальнікам. Вячаслаў Сельмановіч патрабуе ад усіх адказных асоб дзейснай і выніковай работы са зваротамі. Калі праблема абгрунтаваная і вы гаворыце заяўніку «так», гэта «так» трэба падмацаваць справай; калі ж «не», гэта «не» павінна быць абгрунтавана і дапоўнена тлумачэннямі наконт магчымага алгарытму далейшых дзеянняў. Ва ўсякім разе, падыход кіраўніка да пытання аб нязручным (прабачце за тафталогію) падыходзе да аўтобуснага прыпынку быў аб’ектыўным і дзейсным, як, зрэшты, і да ўсіх іншых зваротаў.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *