Завяршылі сезон на высокай ноце

Сезон здабычы торфу завершаны даўно. І паспяхова, мяркуючы па аб’ёмах нарыхтаванай прадпрыемствам сыравіны і той ацэнкі, якую калектыў ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» атрымаў ад галаўной галіновай структуры. Штогод з завяршэннем сезона Белпалівагаз праводзіць семінар-нараду з удзелам кіраўніцтва Міністэрства энергетыкі, дзе падводзяцца вынікі, узнагароджваюцца пераможцы рэспубліканскага галіновага спаборніцтва.
На базе торфабрыкетнага завода «Дзітва» (Гродзенская вобласць) адбыўся семінар па падвядзенні вынікаў здабычы торфу ў сезоне 2017 года.
Высокія паказчыкі работы, кваліфікаваныя спецыялісты, дружны калектыў ТБЗ «Ляхавіцкі» не засталіся без увагі і ўзнагарод. Прадпрыемства ўзнагароджана дыпломам трэцяй ступені Белпалівагаза па выніках рэспубліканскага галіновага спаборніцтва за лепшыя паказчыкі па здабычы торфу.
Пераможцамі спаборніцтва сезона-2017 з прысваеннем звання «Лепшы па прафесіі» сярод машыністаў торфаздабываючых машын прызнаны тры работнікі «Ляхавіцкага». Леанід Грыцкевіч заняў першае месца ў спаборніцтве машыністаў фрэзерных барабанаў. Сярод машыністаў штабялюючых машын першынстваваў Генадзій Гутырчык, а ў спаборніцтве машыністаў ўборачных машын званне пераможцы атрымаў Валерый Цырулік.
За добрасумленную працу, прафесійнае майстэрства і дасягненне высокіх паказчыкаў у сёлетнім сезоне торфаздабычы Ганаровай граматай Белпалівагаза ўзнагароджаны дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВОРАНОВІЧА.

Фота з архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *