Ёсць кантакт

Пра тое, што зроблена і што яшчэ належыць зрабіць у розных сферах і галінах народнай гаспадаркі , пра выніковасць прынятых рашэнняў і, магчыма, недапрацоўкі ў дзейнасці, пра ролю кіраўніка і выканальніцкую дысцыпліну – пра ўсё гэта і многае іншае на старонках «ЛВ» будуць разважаць кампетэнтныя суразмоўцы. Рубрыка «Актуальны мікрафон» дасць магчымасць чытачам раёнкі з першых вуснаў даведацца пра стан спраў на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях Ляхавіччыны, пра планы блізкія і больш аддаленыя і канкрэтныя крокі па іх увасабленні.
Прэм’ера рубрыкі – на  старонцы «ЛВ».

Старшыня сельвыканкама і на вясковай вуліцы -на рабоце

Дзмітрый БАГУШЭВІЧ,
в.а. старшыні Конькаўскага сельвыканкама:

– Дакладны адрас сельвыканкама зусім не азначае, што ў яго кіраўніка месца работы выключна з гэтымі каардынатамі. Напрыклад, у мяне такім з’яўляюцца ўсе трынаццаць вёсак сельсавета, ягоныя дарогі, вытворчыя, сэрвісныя і гандлёвыя аб’екты, дачныя таварыствы, ёсць нават зона адпачынку (у Дараве), з якой, дарэчы, хапае клопатаў.
Але пра ўсё па парадку.

Менавіта некабінетны стыль работы на карысць гэтай самай рабоце. Складнікам яе, хутчэй нават сэнсам з’яўляецца адказнасць сельскай улады за тое, наколькі камфортна, у якім настроі жывуць і працуюць людзі, якія праблемы іх хвалююць і як яны вырашаюцца. Можна сказаць, што праводзіцца штодзённы маніторынг – падчас вясковых сходаў, наведвання асобных сем’яў, размоў з людзьмі на вуліцы, у магазінах, мехмайстэрні, на ферме. Ну і, канешне, у ходзе прамых тэлефонных ліній, прыёмаў па асабістых пытаннях. У Конькаўскі сельвыканкам сёлета паступіла 58 зваротаў. На сённяшні дзень на кантролі знаходзіцца 11. Сумная пальма першынства ў зваротаў з дарожнай і воднай тэматыкай. Закрываеш адно пытанне – з’яўляецца новае. Дагэтуль (не адзін тыдзень) не вырашылі праблему жыхароў вуліцы Палявой у вёсцы Літва: там патрабуецца падсыпка дарожнага пакрыцця. І хаця заяўку на адрас ДРБУ № 200
сельвыканкам зрабіў своечасова і я неаднойчы тэлефанаваў па гэтым пытанні, яго выкананне забуксавала. А вось прывесці ў парадак участак дарогі ад Дарава-Чыж да хутара дапамагло ААТ «Шлях новы», за што людзі ўдзячны свайму таварыству.
Наогул, у сельвыканкама ёсць кантакт (і гэта вельмі выніковая акалічнасць) з тутэйшымі працоўнымі калектывамі, службамі, якія аказваюць паслугі насельніцтву, вяскоўцамі. Гэты кантакт у аснове вырашэння пытанняў добраўпарадкавання тэрыторый сельсавета. Напрыклад, жылкамунгас забірае бытавое смецце з 82 працэнтаў падворкаў сельсавета, заключаны адпаведныя дагаворы на паслугу. Хацелася б, каб быў стопрацэнтны ахоп ёю. Вельмі ўплывовая ўмова для папярэджання ўзнікнення несанкцыянаваных сметнікаў.
Што датычыць добраўпарадкавання, то большасць грамадзян добрасумленна ставяцца да гэтага пытання, але не ўсе. Ёсць недагледжаныя двары, участкі, прыдамавыя тэрыторыі. Асобая размова пра зону адпачынку ў Дараве, якая вабіць не толькі мясцовых, але і жыхароў Ляхавіч, Баранавіч. Часта адпачываючыя пакідаюць пасля сябе горы смецця, хаця на пляжы ў дастатковай колькасці для гэтага ўстаноўлены спецыяльныя скрыні. Уборка кладзецца на плечы камунальнікаў, а ў суботніках па навядзенні парадку сельвыканкам запрашае паўдзельнічаць школьнікаў.
Даволі часта ў сельскі орган улады звяртаюцца людзі з просьбай паспрыяць у выдаленні аварыйных дрэваў, высечцы хмызняку, уборцы сметнікаў на вясковых могілках. Сёлета сельвыканкам зрабіў вельмі многае ў гэтым плане на могілках у Малым Падлессі: замянілі 350 метраў старой агароджы, ліквідавалі 23 аварыйныя дрэвы, поўнасцю ўбралі тут сметнікі і абсталявалі 4 пляцоўкі для збору смецця, падкошвалі тыя месцы пахавання, за якімі няма каму даглядаць. Дарэчы, на каталіцкіх могілках у вёсцы Літва таксама ўстанавілі новы ўчастак агароджы працягласцю 150 метраў.
Вельмі важна любую справу даводзіць да лагічнага завяршэння. Ад гэтага ў многім залежыць давер’е насельніцтва, якасць жыцця грамадзян, а, значыць, і настрой.
Хацелася б, каб больш шчыльным было ўзаемадзеянне з участковым інспектарам міліцыі. І справа не ў асобе ўчастковага, а ў тым, каб у яго было больш часу для працы непасрэдна ў сельсавеце. Мару пра той час, калі поўнасцю вырашым пытанне з паўсюдным навядзеннем парадку, са станам дарог і якасцю вады. Над гэтым і планую сканцэнтраваць намаганні.

Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *