Наш Бадак. У Ляхавічах дэбютаваў фестываль «Любіць Айчыну – гэта многа»

Я пазнаёмілася з Алесем Бадаком у класе сёмым-восьмым (дакладна не памятаю) на творчай сустрэчы ў гарадскім Доме культуры. Тады ён прэзентаваў аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца». Гэта было неверагодна: шчырая, адкрытая, зацікаўленая размова пра жыццё, творчасць, натхненне і бязмежную любоў да Ляхавіччыны, размова, пасля якой хутчэй хацелася трапіць у бібліятэку і паглыбіцца ў творы земляка. Памятаю, як стаяла ў чарзе па аўтограф. Дарэчы, старонку дзённіка з пажаданнямі пісьменніка захоўваю і дасёння. Пасля, ужо студэнткай, на семінары па беларускай літаратуры, калі выкладчык прапанавала напісаць 5 унікальных фактаў пра сябе і літаратуру, пачала з такога: мой зямляк – Алесь Бадак. І столькі гонару за сваіх таленавітых землякоў уклала ў, здаецца, простую фразу.
… Дзеці хвалююцца, паўтараюць творы, перабіраюць паперкі з вершаванымі радкамі, урыўкамі з прозы. Вядома і прычына такой творчай узбуджанасці – сёння дэбютуе фестываль «Любіць Айчыну – гэта многа» з удзелам школьнікаў раёна. І ідэйны натхняльнік такога фармату творчай сустрэчы Алесь Бадак таксама завітаў у гімназію. Як жа з ім не пагутарыць?!

– Алесь Мікалаевіч, дзеці вельмі чакалі сустрэчы, для іх гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з вядомым і любімым пісьменнікам і паэтам. Мы ўсе нібы па-новаму адкрылі вашу творчасць. А што ў сённяшняй сустрэчы стала адкрыццём для вас?
Без перабольшання – усё. Гэта сама сустрэча, яе фармат і тое, што дзеці чыталі мае вершы, паэмы. Але, як ні дзіўна, чыталі зусім па-новаму. Цікава паглядзець, як яны адчуваюць тое, што адчуваю я.
Тым больш людзі значна маладзейшыя за мяне бачаць у творах свае матывы, па-іншаму ўспрымаюць іх. Як некалі я па-новаму адкрыў для сябе верш «Мужык» Янкі Купалы ў выкананні народнага артыста СССР Генадзія Аўсяннікава.
Уразіла, як прыгожа, эмацыянальна, з пачуццём, удумліва дэкламавалі ўдзельнікі фэсту. І ў нейкі момант нават засумняваўся, ці гэта не фанаграмы…
Паэмы ўвогуле складаныя для чытання. Да таго ж, у паэме «Ра», напрыклад, шмат дыялогаў, і вельмі няпроста вывучыць усё гэта, а яшчэ складаней так цудоўна прачытаць. Такія адносіны дзяцей да літаратуры дарагога вартыя. Мне не хапіла часу, каб больш пазнаёміцца з юнымі талентамі. Хацелася б з імі пагаварыць, даведацца пра іх захапленні і інтарэсы.
Раю сваім юным сябрам паспытаць свае сілы ў рэспубліканскім конкурсе чытальнікаў «Жывая класіка».
Так арганічна чытанні змяняліся песеннымі кампазіцыямі на словы Алеся Бадака. Дарэчы, ён суаўтар песняў, якія сёння выконваюць Анатоль Ярмоленка, Аляксандр Саладуха і іншыя вядомыя спевакі. Прызнаецца, было жаданне пакуль гучала «Прыцягненне сэрца», патэлефанаваць кампазітару Алегу Елісеенкаву, каб паслухаў, як хораша выконвае яе мясцовы спявак.  
Расчуліў, перанёс у дзяцінства, падарыў хвілінкі цёплых успамінаў падрыхтаваны вучнямі Конькаўскага ВПК ДС-СШ відэаролік пра жыццё сённяшняй вёскі Туркі. Такой роднай, такой любімай для нашага земляка: тут нарадзіўся, тут пазнаваў жыццё, тут, яшчэ школьнікам, напісаў першы верш, які ўбачыў свет на старонках газеты «Піянер Беларусі». Вось тая вуліца, вось той дом, і ў брамцы гасцінна сустракае матуля, а вось тая школа і, безумоўна, людзі, якія дапамагалі хлопчыку спазнаваць навакольны свет – яго настаўнікі…
– Што адчуваеце, калі прыязджаеце на Ляхавіччыну, у родную вёску Туркі?
– Мяне вабіць тут усё. І 17 гадоў дзяцінства назаўсёды ў маім сэрцы. Вучоба, армія, праца, і чым больш праходзіць часу, тым больш хвалююча, з пяшчотным сумам азіраешся на гэта. Хочацца прыязджаць сюды часцей. Менавіта тут я пазнаёміўся з людзьмі, якія ў пэўным сэнсе аказалі ўплыў і на сюжэты, і на вобразы маіх літаратурных герояў.
Можна пражыць доўгае жыццё, але так і не зразумець, хто ты ёсць на свеце. А гэта зямля, яе людзі ўсё жыццё са мной.
Успамінаю маіх настаўнікаў, якіх вы бачылі ў прэзентаваным відэароліку, і магу пра кожнага з іх гаварыць шмат. Удзячны бібліятэкарам –школьнай, сельскай, раённым дзіцячай і дарослай бібліятэк, якія адкрывалі для мяне чароўны свет кніг. Так я станавіўся чытачом.
Да родных мясцін вяртаешся пастаянна, калі пішаш, калі не пішаш. Мусіць, гэта ўласціва кожнаму, не важна, кім ты працуешь, дзе жывеш…
З асаблівай цеплынёй – пра людзей, з якімі пазнаёміўся падчас працы ў ляхавіцкай раёнцы (тады «Будаўнік камунізму»). Успамінае, як пасля дзявятага класа галоўны рэдактар Вікенцій Шталь запрасіў папрацаваць яго ў раёнцы. Як старшыня літаратурнага аб’яднання пры газеце Кастусь Турко вучыў іх, школьнікаў, пісаць, дапамагаў друкавацца ў розных выданнях. Тут пазнаёміўся з цяперашнім галоўным рэдактарам Вольгай Барадзіной і ўсімі газетчыкамі. Дзякуючы фотакарэспандэнту Уладзіміру Гурыновічу, захапіўся фотаздымкамі. Менавіта тут, у раёнцы, споўнілася мара – напісаць нарыс. Замест невялічкай заметкі па рэдакцыйным заданні выдаў нарыс пра перадавікоў калгаса «Кастрычнік». Тады і пасябраваў з журналістыкай. Дарэчы, і па сённяшні дзень захоўвае выразкі з матэрыяламі любімай раёнкі. Прызнаецца, калі б не гэтыя людзі, можа б і стаў, кім стаў, але ўсё ж быў бы іншым.

– А падзяліцеся сакрэтам з нашымі чытачамі, чаго яшчэ ім чакаць ад вашай творчасці?
Задумаў напісаць пра ката. Я вельмі люблю катоў. І, калі так можна сказаць, мы заўсёды бралі дамашніх любімцаў «на пракат». Не па сваёй ахвоце – сябры прасілі прыглядзець, пакуль у камандзіроўцы ці на дачу паехалі. Колькі ў нас іх было, самых розных парод. І я зразумеў, што каты абсалютна думаючыя істоты, і ўсе яны вельмі непадобныя адзін на аднаго. Пасля вырашылі: у сям’і павінен быць свой кот. Урэшце рэшт, гэтыя думкі прывялі мяне на маленькую радзіму. З банальнага сюжэта пра сучаснага ката і задумаў зрабіць гістарычную аповесць. Сюжэт: кот па дарозе з горада ў вёску праз розныя стагоддзі.
Пасля выступленняў шмат цёплых слоў у адрас нашых таленавітых чытачоў, выканаўцаў песняў, увогуле, да арганізатараў літаратурна-музычнай сустрэчы – вучняў і настаўнікаў Конькаўскага ВПК ДС-СШ, гімназіі – прагучала ад госця. Паэт, празаік, перакладчык, літаратурны крытык, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» і проста неверагодна цікавы, шчыры, добразычлівы і вельмі сціплы чалавек наш зямляк Алесь Бадак абяцаў, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

P.S

… І вось чарговы раз я чакаю аўтографа, і зноў з пажаданнямі. З заміраннем чытаю «Ад усяго сэрца. Хай шчасціць!»   А яшчэ ў падарунак ад Алеся Бадака і выдавецтва «Мастацкая літаратура» кожная школа атрымала кнігі класікаў і сучасных аўтараў беларускай літаратуры. Шчырае дзякуй не толькі за кнігі – што не забываеце, Алесь Мікалаевіч!

Гісторыя з жыцця:

– Заўсёды вельмі складана пачаць пісаць верш, апавяданне, аповесць, артыкул у газеце. Першы сказ задае пэўны рытм твора. Аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» пачынаецца так: «Я збіраю шарыкавыя аўтаручкі». Я прыдумаў гэту фразу, на самай справе я ніколі не збіраў ручкі. І як толькі аповесць была надрукавана шматлікімі літаратурнымі выданнямі Беларусі, Расіі і Украіны, куды б я ні прыязджаў, мне заўсёды дораць ручкі. Цяпер дома цудоўная калекцыя, пра якую магу напісаць асобную аповесць.

Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Наш Бадак. У Ляхавічах дэбютаваў фестываль «Любіць Айчыну – гэта многа»: 1 комментарий

  • 06/12/2017 в 21:54
    Permalink

    Землякі — слова, ад якого вее добрым і родным. А калі гэта яшчэ і знакамітасць — то сапраўдная падзея. Дзякуй, што Алесь Мікалаевіч завітаў у Ляхавічы. ДЛя школьнікаў такія сустрэчы застаюцца ў памяці на ўсё жыццё. Прыязджайце часцей! Матэрыял атрымаўся шчыры, цёплы і цікавы. Аўтар малайчына.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *