Як сельская бібліятэка ў гісторыі праваслаўя вызначылася

Вельмі харызматычны і актыўны чалавек Ларыса Глеб. Бібліятэкар з Падлесся нібы ілюструе сваім стаўленнем да любімай справы, да народнай культуры, традыцый духоўнасці: рабіце так, і мы захаваем для нашчадкаў дакладны сэнс укладу, побыту, звычаяў, якія былі ў пашане ў продкаў у розныя часы. Мудрасць, прыгажосць і трапнасць фальклору для Ларысы бы жывая вада, а філасофія праваслаўнай веры і наогул – паветра, без якога немагчыма жыць. Колькі цікавых задумак ажыццёўлена супрацоўнікамі Падлескай бібліятэкі сумесна з актыўнымі чытачамі, школьнікамі і мясцовай Святадухаўскай царквою. Пра многія раёнка расказвала.
І вось чарговая, нерадавая акалічнасць: напрыканцы лістапада наша зямлячка Ларыса Глеб была запрошана ў Мінск на Трэція Беларускія Калядныя чытанні «Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва», якія адкрыліся ўрачыстым набажэнствам у храме свяціцеля Кірылы Тураўскага ў духоўна-адукацыйным цэнтры Беларускай Праваслаўнай Царквы. Праводзіліся яны па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха Усяе Беларусі.
Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям Калядных чытанняў.
А потым былі канферэнцыі, круглыя сталы, пасяджэнні па секцыях. У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў падчас круглага стала «Кніга і чытанне як духоўная спадчына праваслаўя ў гісторыі і культуры беларускага народа» былі падведзены вынікі ІІІ Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання». Падзячны ліст Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі з камплектам праваслаўнай літаратуры перададзены Падлескай сельскай бібліятэцы. Гэта адзнака за творчую работу ў намінацыі «Гісторыя праваслаўя роднага краю».
Здаецца, што самой гісторыяй, жыццёвымі аргументамі і фактамі наканавана было вызначыцца сціплай сельскай бібліятэцы. У аграгарадку Падлессе знаходзіцца ўнікальны храм, пабудаваны ў ХVІІІ стагоддзі. Адсюль родам і святы Серафім Жыровіцкі, кананізаваны праваслаўнай царквой. Тут беражлівыя, трапяткія адносіны да духоўнага пачатку, які ці не галоўны для таго, каб чалавек быў чалавекам.

Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *