Запрашэнне да творчасці

Амаль 9 месяцаў прайшло з даты, калі творчы праект “Ляхавіцкага весніка” “Гісторыя  ў асобах” выйшаў за межы раёнкі, і нованароджаны парк-дуброва ў былым маёнтку Бохвіцаў у Флер’янове стаў рукатворным увасабленнем памяці нашай пра тых, хто жыў на гэтай зямлі задоўга да нас.

Насупраць дуба, пасаджанага на пачатку мінулага стагоддзя славутай Элізай Ажэшкай, якая гасцявала ў тагачасных гаспадароў маёнтка Бох-віцаў, цягнецца да сонца сотняй галінак будучая дуброва – як прыпынак на гістарычным маршруце ўчора-сёння-заўтра. Месца, мусіць, тут такое, што дае імпульс творчасці і абу-джае жаданне стваральнай дзейнасці.

Зусім нядаўна на ўваходных дзвярах дома, пад дахам якога некалі гучалі галасы Ажэшкі, Катарбінскага, Рэйманта  і многіх іншых прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі таго часу, з’явілася таблічка, якая сцвярджае, што тут знаходзіцца клуб навукова-тэхнічнай творчасці ветэранаў. Адразу зазначу, што памяшканне, якое шмат гадоў не эксплуатавалася і патрабуе грунтоўнага рамонту, сёння мае выгляд значна больш памала-дзеўшы, чым мінулай вясною. Адсюль вывезена смецце, замест поліэтыленавай плёнкі ў аконных рамах з’явілася шкло, а ў пакоі з камінам і наогул “жылая” абстаноўка: патрэскваюць дровы, закіпае электрачайнік… Кіраўнік ветэранскай арганізацыі Генрых Траццяк запрасіў старшыню раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыя Бурдука на пасяджэнне актыву клуба навукова-тэхнічнай творчасці. Актывіст  Валянцін Багатыроў расказаў пра планы гэтага аб’яднання. Запрошаная на пасяджэнне наша зямлячка Валянціна Пабягайла чытала свае вершы. Меркаваннямі і поглядамі падзяліліся Павел Сіцько, які працуе галоўным  ветурачом раёна, ветэраны працы Валянцін Сапун, Міхаіл Варановіч, Віктар Алейнік. З чымсьці можна пагадзіцца, нешта – аспрэчыць. Аднак, відавочна, і ніхто не будзе гэтага адмаўляць, што раўнадушных ля старадаўняга каміна не было. І менавіта гэту акалічнасць падкрэсліў Дзмітрый Бурдук.

Ну, а ў слове ад імя раёнкі прагучала “гісторыя пытання” – ад публікацыі “Заверасніла…”, у якой была агучана ідэя “Ляхавіцкага весніка”, што сёння ўвасоблена ў парк-дуброву і, па сутнасці, далучыла да справы, актывізавала дзейнасць ветэранскай арганізацыі — ”цяпер і тут” — у Флер’янове. І ўсё ж як адзін з аўтараў ідэі выкажу сваё меркаванне: навукова-тэхнічная творчасць – гэта цудоўна. І мэты яе заслугоўваюць павагі. Але яшчэ больш дарэчы, да месца, да атмасферы гэтых гістарычных каардынатаў – творчасць мастацкая, літаратурная. Не губляю надзеі, што з цягам часу флер’яноўскі куточак гісторыі стане адрасам турыстычнага маршруту. А пад векавой кронай дуба, пасаджанага Ажэшкай, ля маладзенькага парка-дубровы будуць гучаць галасы літаратараў раёна, Брэстчыны, а, магчыма, і ўсёй краіны на нейкім фэсце, падчас традыцыйных чытанняў і г. д.         І што тут будуць праходзіць пленэры нашых мастакоў. І гучаць, гучаць, гучаць Гісторыя, якая пераплятаецца з днём сённяшнім і перакідвае масток у заўтра.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *