Зубелевіцкі мэр. Без сельскага старасты ў вёсцы не абысціся. Вельмі гэта патрэбны чалавек

Стараста Людміла Шклянік (другая злева) з аднавяскоўцамі ў мясцовай бібліятэцы.

Мікалаеўна, Людачка – так у Зубелевічах звяртаюцца да вясковай старасты. Людміла Шклянік на народнай пасадзе ўжо два дзесяцігоддзі:
– Старшынёй тады Падлескага сельскага Савета быў Уладзімір Каспяровіч. Прыехаў, сабраў сход, параіўся з людзьмі, і разам пастанавілі: быць табе, Людміла Мікалаеўна, старастай. Паставілі мяне, так сказаць, перад фактам. Пачынаць заўсёды цяжка: не ведала, за што ўзяцца і да каго звярнуцца. Але людзі ў нас добразычлівыя – дапамаглі асвоіцца, падтрымалі.
І зараз землякі за парадай адразу да старасты: «Мікалаеўна, святло на вуліцы не гарыць… Людачка, дапамога патрэбна…».

Энергічная, нераўнадушная, актыўная і да абавязкаў сваіх адносіцца адказна і вельмі сур’ёзна. Трэба – прысароміць таго, хто дровы не склаў, трава вышэй пояса. Доўгі час змагаліся са складзіраваннем смецця каля майстэрняў – сёння тут чыста. Бачыць Людміла Шклянік і іншыя хібы ў добраўпарадкаванні, стараецца, каб усюды парадак быў. Хвалюецца, каб у час назапасілі паліва – восенню напамінала мясцовым, каб паспяшаліся з набыццём брыкету. Усёй вёскай дапамагалі пагарэльцу… Надзённыя пытанні стараста і вяскоўцы вырашаюць сумесна.
– Зубелевічам са старастай пашанцавала. Чуць людзей, сэрцам разумець іх цяжкасці, знайсці да кожнага падыход – гэта ў Людмілы Мікалаеўны прафесійнае. Больш за два дзесяцігоддзі працавала з дзеткамі – выхавальнікам у садку. На просьбы адгукаецца адразу, глыбока ўнікае ў праблемы і справы, – в.а. старшыні Жарабковіцкага сельвыканкама Ніна Булатая не шкадуе добрых слоў пра сваю памочніцу.
У Зубелевічах амаль 380 пастаянных жыхароў, больш за 200 – працаздольнага ўзросту. Кожны – жаданы госць у мясцовым клубе. Свята вёскі тут праходзіць штогод цікава, маштабна і ўрачыста – стараюцца культработнікі і стараста.
На працягу года сочаць за парадкам на падворках, а затым падводзяць вынікі. Заўсёды ўзорна-паказальныя, патанаюць у кветках сядзібы Зінаіды Коктыш і Валянціны Ліцкевіч. Іх прозвішчы гучаць на свяце ўжо больш за дзесяцігоддзе. Тамару Дарахлевіч адзначаюць як уладальніцу самай вялікай гаспадаркі. Ушаноўваюць старажылаў і маладыя сем’і. Стараста з задавальненнем называе прозвішчы яшчэ многіх землякоў, шчыра радуецца іх поспехам. І рада, што яна – сярод такіх цудоўных людзей.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *