Задачы жыццёвай важнасці

Георгій ХЛЯБОВІЧ,  галоўны ўрач   цэнтральнай раённай бальніцы:

– Ахова здароўя, без перабольшання, тая сфера, якая істотна ўплывае на жыццё літаральна кожнага канкрэтнага чалавека і насельніцтва ў цэлым. Натуральна, што стан спраў у сістэме медабслугоў-вання заўсёды ў цэнтры ўвагі і дзяржавы, і грамадства.
Адным з найбольш вострых пытанняў для медыцыны раёна доўгі час застаецца дэфіцыт урачэбных і сярэдніх медыцынскіх кадраў. У апошнія два гады сітуацыя пачала мяняцца ў лепшы бок. І цяпер перад адміністрацыяй райбальніцы стаіць важная задача –   навучыць, выхаваць, дапамагчы маладым кадрам уліцца ў калектыў, утрымаць іх на першым працоўным месцы. Для гэтага выкарыстоўваюцца ўсе даступныя спосабы. Напрыклад, вырашаюцца пытанні з жыллём: летась пры ЦРБ быў створаны інтэрнат, сёлета райвыканкам выдзеліў маладым медыкам 6 арэндных кватэр, пры здымным жыллі фінансуецца частка расходаў. Апраўдвае сябе традыцыя настаўніцтва. А яшчэ моладзі важна бачыць, што ёсць магчымасць для рэалізацыі творчых здольнасцяў і патрэб, таму важна далучаць яе да ўдзелу ў конкурсах, спаборніцтвах, турзлётах і г.д.
Сярод важнейшых задач – умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ЦРБ. Многае зроблена ў папярэднія гады: рэканструкцыя паліклінікі, капітальны рамонт рэнтгенкабінета і аперацыйнага блока ў стацыянары, устаноўка флюарографа ў паліклініцы. Праводзіцца капрамонт з рэканструкцыяй харчаблока і з заменай абсталявання. У многіх медустановах на вёсцы выкананы бягучы рамонт, у тым ліку і гасспосабам сіламі створанай сёлета ўласнай будаўнічай брыгады. Але для якаснага аказання меддапамогі і камфортнага знаходжання пацыентаў у медустановах належыць зрабіць яшчэ нямала. На наступны год запланаваны замена сістэмы водаправода і каналізацыі ЦРБ, устаноўка пажарнай сігналізацыі ў пяціпавярховым корпусе, уладкаванне камп’ютарнай сеткі паліклінікі і стацыянара з падключэннем медустаноў раёна. Плануецца, што да канца 2018 года пяройдзем на выпіску лекаў па электронным рэцэпце.
На рэалізацыю гэтых і многіх іншых планаў (у тым ліку пакупку аўтамабіля хуткай дапамогі, эндаскопа і іншага медабсталявання) патрабуюцца вялікія фінансавыя сродкі. Хочацца адзначыць, што важнасць прыярытэтнасці развіцця аховы здароўя разумее кіраўніцтва раёна. Радуе, што многія мясцовыя прадпрыемствы прымаюць рашэнні аб аказанні райбальніцы спонсарскай дапамогі: малочны завод, ААТ «Шлях новы», «Жарабковічы», СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача», «Трансэлектракамплект», «Інтэрлак», завод «Металапластмас» і іншыя.
Безумоўна, толькі абнаўленнем абсталявання справа не абмяжоўваецца. У лячэбнай рабоце ўкараняюцца новыя методыкі, пашыраюцца магчымасці атрымання платных медыцынскіх паслуг (пры жаданні можна прайсці розныя віды абследавання, фізіяпрацэдур, атрымаць лячэнне ў палаце павышанай камфортнасці і г.д.). Даступнай для жыхароў раёна стала высокатэхналагічная дапамога ў баранавіцкіх і брэсцкіх медустановах. Колькасць абследаванняў на МРТ і RKT-тамографах, выкананых жыхарам Ляхавіцкага раёна за 9 месяцаў гэтага года, у пераліку на душу насельніцтва аказалася самай высокай у вобласці.
Своечасовая і глыбокая дыягностыка вельмі важная для лячэння. Але яшчэ больш важнай з’яўляецца прафілактыка захворванняў. Адзін з самых дзейсных інструментаў у гэтым накірунку – дыспансерызацыя насельніцтва. На жаль, пакуль не ўсе разумеюць, што звяртацца да медыкаў трэба не тады, калі, як кажуць, прыцісне, а зараней – каб правесці мінімальныя абследаванні, атрымаць рэкамендацыі па карэкцыі фактараў рызыкі, для выяўлення схаваных праяўленняў хваробы. Асабліва адцягваюць візіт да ўрача мужчыны працаздольнага ўзросту. Зламаць шкодныя стэрэатыпы ў свядомасці землякоў – задача няпростая, але надзвычай патрэбная. Толькі пры такой умове можна будзе знізіць узровень захворвання і наступлення інваліднасці, істотна палепшыць паказчыкі дэмаграфіі. І ў гэтым павінны быць зацікаўлены не толькі медыкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *