Наглядны кантроль

Іван БУРБУЦЬ, начальнік Ляхавіцкай   раённай энергаінспекцыі:

– Дзяржаўны энергетычны нагляд у мэтах забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва за зладжанай і бесперабойнай работай энергаабсталявання і сістэм энергазабеспячэння, выкананнем пра-
вілаў карыстання рознымі відамі энергіі – асноўныя функцыі энергаінспекцыі. Праверкі, рэйды па прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях, сустрэчы ў працоўных калектывах, узаемадзеянне з грамадскімі інспектарамі па ахове працы – толькі частка нашай работы.
Штогод абследуем электра- і цеплаўстаноўкі для вызначэння іх тэхнічнага стану. Сёлета за 11 месяцаў выдадзена 318 прадпісанняў па ўхіленні выяўленых парушэнняў. Акрамя таго, афармляем допуск на эксплуатацыю новых і рэканструяваных электраўстановак, а пры неадпаведнасці іх патрабаванням бяспекі выдаецца прадпісанне на іх ухіленне. З 124 пададзеных у гэтым годзе заяў такое атрымалі 15.
У работнікаў энерганагляду ёсць права састаўляць пратаколы аб парушэннях, па якіх судом выносяцца пастановы ў адносінах дапусціўшых іх. Гэта прымушае канкрэтнага спажыўца, які адказвае за эксплуатацыю абсталявання, сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязкаў. Хачу адзначыць: апошнім часам у працоўных калектывах узмацнілася дысцыпліна і, адпаведна, зменшылася колькасць парушэнняў.
Зона асаблівай увагі энергаінспекцыі –  прафілактыка электра- і цеплатраўматызму. Перад пачаткам навучальнага года ў абавязковым парадку інспектары энерганагляду правяраюць кожную школу, дзіцячы садок, пазашкольныя ўстановы па пытанні захавання правілаў электрабяспекі.
Традыцыйна, каб пачаць ацяпляльны сезон, спажыўцы электра- і цеплаэнергіі павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці аб’ектаў. Не ва ўсіх гэта атрымліваецца з першай спробы, і не ўсе захоўваюць графік рэгістрацыі пашпартоў. Цяпер інспекцыя карэкціруе планы на наступны сезон.
З’явіліся і новыя акцэнты. Сёння асаблівая ўвага – на ўстаноўку аўтаматычных выключальнікаў рэзерва і рэзервовае сілкаванне кацельняў цэнтральных цеплавых пунктаў. Што гэта робіцца якасна, сведчыць адсутнасць значных і працяглых адключэнняў падачы энергіі.
Зіма – асабліва напружаны час для энергаінспектараў: у раёне павялічваецца энергаспажыванне. Дарэчы, вельмі важна забяспечыць, каб навагоднія святы прайшлі спакойна. І датычыцца гэта не толькі прадпрыемстваў і арганізацый, але і насельніцтва. Правілы бяспекі для ўсіх аднолькавыя, як і адказнасць за іх невыкананне.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *