На спеўкі да Пішчоў

Калі да быцця падыход творчы, намнога прасцей праходзіць праз усе жыццёвыя перыпетыі. І праблемы не палохаюць, яны становяцца сігналам, своеасаблівым штуршком штосьці змяніць. Такое жыццёвае крэда ў Таццяны і Івана Пішчоў з Навасёлак.

Па іх аграгарадскім адрасе даўно прапісалася творчасць і заўсёды крочыць побач, дзе б ні былі, якія б пытанні не вырашалі. Таму, калі паступіла прапанова прыняць удзел у новым музычна-забаўляльным праекце «Хата на хату» тэлеканала «Беларусь 3»,    не раздумваючы пачалі рыхтавацца… рыхтавацца здзіўляць.
Па задумцы арганізатараў, першы этап конкурсу прайшоў у фармаце застольнага караоке-шоу, дзе 20 сем’яў з розных куткоў краіны творча прымалі гасцей – вядучых музычнага конкурсу-спаборніцтва Ларысу Мятлеўскую і Івана Крука.
Для нашых землякоў такое запрашэнне стала чарговай магчымасцю паказаць, наколькі багатая на таленты ляхавіцкая зямля, прэзентаваць аграгарадок Навасёлкі, расказаць пра сваю сям’ю праз песні, звычаі, традыцыі, якія яны берагуць і прымнажаюць.
Таццяна ­­– мастацкі кіраўнік Навасёлкаўскага СДК. Яе непаўторную манеру выканання, звонкі голас, што гучыць у шматгалоссі народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» (які яна стварыла і кіруе), аднойчы пачуеш – і, упэўнена, ніколі не зблытаеш з іншым. Муж Іван таксама натура творчая – працуе акампаніятарам, а яшчэ піша песні на вершы мясцовых паэтаў. І запаўшыя ў яго душу радкі прыгожа кладуцца на ноты.
Разам з сынам Аляксандрам, які, дарэчы, сёлета стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, яны стварылі сямейны ансамбль «Забава». Дачка Дар’я хоць і звязала жыццё з эканомікай, ад мастацкай самадзейнасці ўсё ж не засталася ў баку – можа і станцаваць, і заспяваць.
– Сын яшчэ з пяці гадоў цвёрда вырашыў, што абавязкова стане артыстам. Залазіў на табурэтку і аб’яўляў: «Хачу і буду спяваць!». Так і атрымалася, – жартуе Іван Пішч. – У трынаццаць ужо гастраляваў з намі, сядзеў за апаратурай. А пасля ўвогуле далучыўся да «Вечарніцы». Такі спявак нам патрэбны.
Уступныя іспыты Саша прайшоў паспяхова, калі дакладней, то – выдатна. Такую адзнаку паставіла камісія пасля не зусім традыцыйнага для абітурыентаў выступлення: байкі, жарты, раманс пад гітару і, канешне, «вечарніцаўскі» вобраз і настрой – разнапланавасць пайшла толькі на карысць.
Ды ці магло быць інакш, калі пройдзена салідная «загартоўка» «Вечарніцай» і, канешне, спяваючымі мамай-татам.
Пішчы прызнаюцца, што часта іх дом ператвараецца ў імправізаваную студыю, дзе поўным ходам ідзе рэпетыцыя.
– Здаецца, на мове песняў і размаўляем, – з жартам гаворыць Таццяна.– Вось так у бытавых момантах, у спрэчках, штодзённых клопатах і нараджаюцца нашы сюжэты для канцэртаў.
Кожнае выступленне «Вечарніцы» – гэта шоу, свята гумару, дзе арыгінальнасць зашкальвае, як і ўзровень эмацыянальнасці тых, хто ў зале. Сапраўдная імправізацыя: сцэнарый мяняецца па ходзе дзеянняў, новыя сцэнкі нараджаюцца за кулісамі, іншы раз за пару хвілін да выхаду або увогуле на сцэне. Магчыма, у гэтым і сакрэт іх заўсёды шчырых, яркіх, завадных выступленняў. Пагадзіцеся, умець ствараць настрой – таксама талент.
Быць стыльнымі, сучаснымі, не падобнымі на іншых. Такое патрабаванне ў Пішчоў не толькі да мастацкай самадзейнасці – падзівіцеся на іх надворак: тут гаспадарыць парадак і крэатыўнасць у выкананні гаспадароў.
– Наша багацце – нашы традыцыі. Беражом, што засталося ў спадчыну. І талент, перакананы, адтуль, ад нашых бабуляў і дзядуляў. Гэта тое, што сёння дае сілы ствараць. А яшчэ творчае сілкаванне, натхненне, канешне, – у маёй сям’і, што заўсёды чакае дома, і ў сям’і, што пяшчотна завецца «Вечарніцай». Калі чарговы раз зала не шкадуе апладысментаў, я ведаю дзеля чаго жыву, – усміхаецца Таццяна.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *