Своечасовы рамонт праграмуе на паспяховы старт

Як звычайна, да зімы  аб’ёмы рамонтных работ у гаспадарках накопліваюцца ўнушальныя, і самы час узяцца за справу, каб вясной не было аўралу. Нягледзячы на тое, што праведзены традыцыйны конкурс на лепшы мехдвор, вызначаны пераможцы (СВК ”Ляхавіцкі”, “Шлях новы”), большасці гаспадарак указана на беспарадак, а то і на паўнейшы развал, але асаблівага ажыўлення на мехдварах не назіраецца. Гэта пацвярджае і той факт, што раённая конкурсная камісія не прысуджала нават трэцяга месца – не знайшлося кандыдата. Магчыма, нешта змянілася за апошні час?

Мехдвор СВК “Ліпнянка” ўяўляе сабой прасторную пляцоўку, дзе некалі з намерам упарадкаваць тэрыторыю механізатары пасадзілі сад. Аднак, на гэтым усё і закончылася. Тэхніка і механізмы раскіданы па двары – няспраўныя, новыя, тыя, што плануюцца ў рамонт. Не знайшлося другога месца, акрамя мехдвара, і для даільнай устаноўкі: яе кінулі тут жа гніць пад дажджом і снегам. Не закансервавана сушыльная ўстаноўка, якой “споўніўся” ўсяго адзін сезон.

Умовы работы для механізатараў і рамонтнікаў не палепшыліся: будынак мехмайстэрні па-ранейшаму паўразвалены, хоць размоў пра яго рамонт шмат. Некалькі гадоў таму ён быў прызнаны аварыйным: працякала страха, у сцяне з’явілася трэшчына, усё разбуралася ўнутры. Неяк дайшлі рукі, зрабілі новае пакрыццё, але не прымацавалі яго, і вецер знёс страху. Дарэчы, РАНС аператыўна даставіў новы шыфер, засталося якасна выканаць работу. І сёння ляжыць там той шыфер, да якога, здаецца, нікому няма справы. Адпаведны малюнак і ў будынку: душ не працуе, холадна, не прыбрана і ў бытавым пакоі для механізатараў. Ім паспрыяла сёлета надвор’е: каб маразы, то наўрад ці можна было б працаваць у такіх умовах. Дарэчы, да рамонту тэхнікі, прызначанай для веснавых палявых работ,  тут яшчэ не прыступалі. Як і ў СВК “Востраў-Агра”.

На момант нашага прыезду ў гэтую гаспадарку ў мехмайстэрні рамантаваўся трактар. Да прычапнога інвентару яшчэ чарга не дайшла, толькі некаторыя механізмы выцягнулі з агульнай масы жалеза і паставілі навідавоку. Рабочы дзень быў у разгары, а працаўнікоў – 2-3 чалавекі, не здолелі мы знайсці і галоўнага інжынера.   Праўда, у гэтай гаспадарцы ёсць бытоўка, а побач – дом механізатара.

Па дарозе зазірнулі на мехдвор у Малым Гарадзішчы. Ён дагледжаны, усе машыны і механізмы знаходзяцца ў спецыяльных боксах і пад навесамі. Памяшканне мехмайстэрні ў добрым стане, ацяпляецца. Там ва ўсю кіпіць работа: рамантуюцца культыватары. ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” арганізаваў рамонт тэхнікі ва ўсіх сваіх падраздзяленнях, выконваецца графік работ. Сельгаспрадпрыемства гатова аказваць паслугі іншым гаспадаркам па рамонце вузлоў і агрэгатаў. Закуплены расходныя матэрыялы (масла, фільтры) для правядзення тэхабслугоўвання трактароў і іншых сельгасмашын. Аднак, ні адна з гаспадарак пакуль не выказала жадання скарыстацца гэтымі паслугамі. Лічаць, што яшчэ рана? Вясной, калі работ прыбавіцца, можа быць  позна…

Некаторыя гаспадаркі раёна  рыхтуюць тэхніку да веснавых палявых работ, не чакаючы, пакуль паступяць мэтавыя сродкі з рэспубліканскага ці абласнога бюджэтаў, банкаўскія крэдыты. Напрыклад, СВК “Жарабковічы”, “Дарава”, “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, “Ляхавіцкі”, “Тальмінавічы” робяць значныя грашовыя ўкладанні ў рамонт і набыццё запчастак. У цэлым гаспадаркі раёна ўжо затрацілі на закупку запчастак і правядзенне рамонтных работ каля 1600 мільёнаў рублёў. Аднак, зусім нязначныя сумы адпускаюцца на гэтыя мэты ў ДП “Нача”, СВК “Канюхі”, “Востраў-Агра”, “Ліпнянка”.

Грашовыя сродкі, прадугледжаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па падрыхтоўцы сельскагаспадарчых арганізацый да палявых работ, стварэнні трывалай кармавой базы і ўборкі ўраджаю ў 2012 годзе”, несумненна, паступяць у сельгаспрадпрыемствы раёна. Аднак, спадзявацца толькі на дзяржаўныя ўкладанні, не выдзяляць сваіх сродкаў – памылкова. Найперш таму, што будзе ўпушчаны час: завяршыць рамонт тэхнікі, прызначанай для веснавых палявых работ, патрэбна да 1 красавіка. А ўжо да 1 мая на лінейцы гатоўнасці павінны знаходзіцца корманарыхтоўчыя машыны і механізмы.

Анатолій КАСЦЮКОЎ, галоўны інжынер райсельгасхарчу;
Аліна ЛАПІЧ,  “ЛВ”

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *