На ўсе дзесяць балаў!

Навучэнка 31-й групы аддзялення ветэрынарнай медыцыны  Ганна  Кунцэвіч у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы на асобым рахунку. Выдатніца, актывістка, эрудытка,  скарбніца талентаў, прыгажуня — усё гэта гарманічна спалучаецца ў ёй. З першага курса ў залікоўцы лепшай навучэнкі  — выключна дзясяткі. І самыя высокія адзнакі яна атрымлівае не за прыгожыя вочы ці ўзорныя паводзіны, а за глыбокія і змястоўныя веды. Яе імкненнем да самаадукацыі і самаразвіцця захапляюцца і выкладчыкі, і аднакурснікі. Перш чым той ці іншы прадмет    з’явіцца ў раскладзе заняткаў,  Ганна паспявае разабрацца ў яго асновах самастойна, з інтарэсам перачытаўшы гару спецыяльнай літаратуры.

— Я з дзяцінства марыла: калі вырасту — буду лячыць звяроў і птушак. Таму рада, што дзіцячая мара паступова становіцца рэальнасцю. А пасля заканчэння каледжа абавязкова прадоўжу вучобу ў профільнай ВНУ, —  дзеліцца планамі Ганна.

Тое, што мэтанакіраваная дзяўчына з пастаўленай перад сабой задачай справіцца паспяхова,  не выклікае сумненняў. Калі выпускніца баранавіцкай гімназіі аб’явіла бацькам, што збіраецца паступаць у ЛДАК, яны  дачцэ не пярэчылі, а пад-трымалі  ў выбары будучай прафесіі.

— Вельмі падабаецца ў каледжы. Тут вопытныя выкладчыкі і выдатная практычная база, створаны добрыя ўмовы для адпачынку і заняткаў спортам, кожны прадмет прыносіць нешта новае, таму дні праходзяць непрыкметна, — расказвае Ганна.

Толькі цягай да ведаў дзяўчына не абмяжоўваецца. Яна ахвотна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці каледжа, з’яўляецца актывісткай маладзёжнай ініцыятыўнай групы, выступае перад равеснікамі на разнастайных семінарах і практыкумах, дзе абмяркоўваюцца  праблемы сучаснай моладзі. А яшчэ паспявае «патусавацца» з  сябрамі, не забывае пра дыскатэку і актыўны адпачынак.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ

Усё пачыналася са школы. Сельскагаспадарчай

Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж свае першыя крокі на прасторы прафесійнай адукацыі  зрабіў у далёкім 1951 годзе. Менавіта тады ў райцэнтры была створана аднагадовая сельскагаспадарчая школа тэхнікаў-жывёлаводаў і малодшых фельчараў, якая, па сутнасці, стала першапачаткам сённяшняга ЛДАКа, у прыватнасці, аддзялення ветэрынарнай медыцыны.

Цяпер каледж — планамерна і дынамічна развіваецца, як установа адукацыі, якая рыхтуе спецыялістаў сярэдняга і  вышэйшага звяна для аграпрамысловага комплексу краіны.

Мы па праву ганарымся нашымі выпускнікамі. Сёння сярод іх — выкладчыкі  ўніверсітэтаў і каледжаў, навуковыя супрацоўнікі і акадэмікі, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, аўтары падручнікаў і метадычных распрацовак, спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў і грамадскія дзеячы.

У каледжы створаны належныя ўмовы для падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў. Якасная адукацыя, якая адпавядае сучасным патрабаванням, аптымальныя ўмовы для навучання, фізічнага развіцця  і адпачынку, пастаянна ўмацоўваецца і пашыраецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, стымулюецца навукова-даследчая дзейнасць — усё для паўнацэннага развіцця асобы.

З 2011/2012 навучальнага года  на базе кале-джа можна атрымаць і  вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях «агранамія» і «заатэхнія». І спыняцца на дасягнутым калектыў навучальнай установы не збіраецца, бо спыняючыся на імгненне можна адстаць на вечнасць.

Радуе і тое, што за больш чым 50-гадовую гісторыю існавання  каледж аказаў і працягвае аказваць пазітыўны ўплыў на развіццё горада Верхнедвинск і раёна. Мы запрашаем  маладых людзей, якія жадаюць атрымаць глыбокія і трывалыя веды, высокую прафесійную падрыхтоўку і стаць кваліфікаванымі спецыяліс-тамі-аграрыямі, паспрабаваць свае сілы і стаць навучэнцамі ЛДАКа. Гэта дастойны выбар.

Вячаслаў СЕЛЬМАНОВІЧ,
дырэктар ЛДАКа, кандыдат сельскагаспадарчых навук

Добры доктар Айбаліт

Упэўнены почырк у падрыхтоўцы высакакласных спецыялістаў выпрацавала аддзяленне ветэрынарнай медыцыны ЛДАКа. Красамоўны факт: на мінулагоднім размеркаванні  на аднаго выпускніка аддзялення прыпадала 4,5 заявы ад «купцоў» (будучых работадаўцаў). Маладым спецыялістам было з чаго выбіраць.

Вызначаецца  аддзяленне і падчас уступнай кампаніі, бо менавіта тут найбольш высокі сярэдні прахадны бал.

— Не першы год на дзяржаўных экзаменах разам з выкладчыкамі каледжа практычныя і тэарэтычныя веды выпускнікоў-ветэрынараў правярае і  доктар медыцынскіх навук, кандыдат сель-скагаспадарчых навук, загадчык кафедры фармакалогіі і фізіялогіі Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Магдалена Вялічка. І кожны раз яна адзначае высокі ўзровень тэарэтычных ведаў каляджан, а таксама ўменне дакладна прымяняць іх  на практыцы, — расказвае загадчык аддзялення ветэрынарнай медыцыны (дарэчы, выпускнік ЛДАКа) Алег  Ахрэмцаў.

Яшчэ адна адметнасць аддзялення — тое, што тут ярка прасочваецца пераемнасць пакаленняў. Пераважная большасць педагогаў, якія  зараз выкладаюць  дысцыпліны будучым ветэрынарам,  калісьці і самі былі навучэнцамі гэтай установы: Іван Татарыновіч, Марыя Дзядзюра, Таццяна Парэйка, Мікалай Дабрыянец,  Таццяна Гуліцкая,  Юрый Палонскі, Юлія і Максім Гульковічы, майстар вытворчага навучання Людміла Лойка.

— Калі я вучыўся ў каледжы, куратарам нашай групы быў Уладзімір Павядайла. Нават і ўявіць не мог, што пазней мы станем калегамі і будзем працаваць на адной кафедры.  Цяпер Уладзімір Анатольевіч узначальвае  лабараторыю акушэрства, гінекалогіі і біятэхналогіі размнажэння сельскагаспадарчых жывёл. Маладыя калегі заўсёды могуць звярнуцца да яго, як і да іншых вопытных выкладчыкаў, за  кансультацыяй, дапамогай. Але пры гэтым яны ніколі не навязваюць сваё меркаванне. Здараецца, што і спрачаемся, але, як вядома, у спрэчцы нараджаецца ісціна, — гаворыць загадчык аддзялення.

Спецыяльныя дысцыпліны  пад кіраўніцтвам  выкладчыкаў студэнты вывучаюць у 10 спецыяльных лабараторыях: анатоміі і фізіялогіі сельскагаспадарчых жывёл; хірургіі; фармакалогіі; жывёлагадоўлі, заагігіены і ветэрынарнай санітарыі; акушэрства, гінекалогіі і біятэхналогіі размнажэння сельскагаспадарчых жывёл; эпізааталогіі, інфекцыйных хвароб з асновамі мікрабіялогіі; унутраных незаразных хвароб; паразіталогіі і інвазійных хвароб; паталагічнай анатоміі і паталагічнай фізіялогіі; ветэрынарна-санітарнай экспертызы з асновамі тэхналогіі пера-працоўкі прадукцыі жывёлагадоўлі.

Замацаванне практычных навыкаў і ўменняў  адбываецца ў ветэрынарнай клініцы з аперацыйнай, на вучэбнай ферме,  у калекцыйным  гадавальніку лекавых раслін і падчас праходжання вучэбных, тэхналагічнай і пераддыпломнай практык у гаспадарках  Брэстчыны.

У каледжы рабяты развіваюць і свае творчыя здольнасці, займаюцца спортам,  з пос-пехам удзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах, конкурсах, алімпіядах. 41-я група аддзялення ветэрынарнай медыцыны (куратар Тамара Адаменка) трэці навучальны год запар прызнаецца лепшай акадэмічнай групай каледжа.

Ветэрынарыя — адна са старажытных спецыяльнасцей, што запатрабавана ва ўсе часы. А на вёсцы ветэрынар і ўвогуле  асоба вельмі паважаная. Інтарэс да гэтай спецыяльнасці не знікае. Цяпер  на аддзяленні ветэрынарнай медыцыны займаецца 199 чалавек, з якіх нямала гараджан — з Ляхавіч, Баранавіч, Слуцка, Клецка і іншых райцэнтраў. Ветэрынар з дыпломам ЛДАКа — гэта эрудыраваны спецыяліст шырокага профілю, які сумяшчае кваліфікацыі тэрапеўта, інфекцыяніста, паразітолага, хірурга, акушэра, біёлага, гематолага, паталагаанатама, санітарнага эксперта. Ветэрынарны фельчар праводзіць  дыягностыку, лячэнне хворых жывёл, ветэрынарна-санітарную экспертызу, займаецца папярэджаннем  распаўсюджвання хвароб, небяспечных і для жывёлы, і для чалавека. Пасля правядзення лабараторных даследаванняў дае дазвол на выкарыстанне ў ежу мяса, малака, мёду, грыбоў, ягад, займаецца пытаннямі аховы навакольнага асяроддзя ад біялагічна-таксічных забруджванняў і г.д.

Прызначэнне ветэрынарнай службы не абмяжоўваецца толькі ўдзелам у развіцці жывёлагадоўлі. Спецыялістаў гэтага профілю чакаюць таксама ў мясапера-працоўчай, кансервавай, халадзільнай прамысловасці, на малакаперапрацоўчых  і гарбарных прадпрыемствах. Акрамя прафесійных ведаў і ўмелага іх прымянення на практыцы ветэрынары атрымліваюць навык арганізатарскай работы. Усяму гэтаму паспяхова вучаць у каледжы.

Тамара АДАМЕНКА,
выкладчык грамадскіх дысцыплін:

— Тут заўсёды пануе атмасфера добразычлівых адносін паміж выкладчыкамі і навучэнцамі. Дапамога, пад-трымка, уменне выслухаць і зразумець — вызначальныя і ў вучэбным, і ў выхаваўчым працэсе.  Да навучэнцаў выкладчыкі адносяцца, як да ўласных дзяцей. А самі студэнты ганарацца тым, што вучацца ў такіх педагогаў.  І не дзіўна, што менавіта на аддзяленне ветэрынарнай медыцыны паступаюць добра падрыхтаваныя і актыўныя рабяты, працаваць з якімі адно задавальненне.  Пацвярджэнне таму — 41-я група, якую я курырую. Студэнцкая энергія б’е крыніцай, рабяты бяруцца за любую справу, з цікавасцю і натхненнем удзельнічаюць ва ўсіх  мерапрыемствах. Група вельмі дружная,  шмат агульных інтарэсаў, і самае галоўнае, што яны  ставяць перад сабой канкрэтную мэту і ідуць да яе.

Таццяна ГУЛІЦКАЯ,
загадчык лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы з асновамі тэхналогіі перапрацоўкі прадукцыі жывёлагадоўлі:

— Для мяне аддзяленне сапраўды родны дом. Я таксама тутэйшая выпускніца, потым працавала  лабаранткай і завочна вучылася ў Віцебскай  акадэміі  ветэрынарнай медыцыны.  Цяпер — выкладчык.

Працую ў каледжы больш за 10 гадоў, але па-ранейшаму адчуваю сябе студэнткай, можа таму, што заўсёды магу разлічваць на слушную параду больш вопытных калег.

Іван ТАТАРЫНОВІЧ,
загадчык лабараторыі паталагічнай анатоміі і паталагічнай фізіялогіі:

— Наша лабараторыя  дзейнічае з 1960 года. Тут  каляджане вывучаюць паталагічныя працэсы, якія працякаюць у арганізме хворых жывёл, фізіялагічныя і марфалагічныя змяненні ў органах і сістэмах жывёл і птушак. Сёлета ў мяне своеасаблівы юбілей — 35 гадоў працоўнай дзейнасці ў каледжы.  (Іван Іванавіч, дарэчы, таксама былы выпускнік гэтай навучальнай установы), 13 з іх загадваю лабараторыяй. За гэты час змянілася многае. Прыемна, калі падчас праверкі практыкі навучэнцаў даводзіцца выязджаць у базавыя гаспадаркі Брэстчыны і чуць станоўчыя водгукі ў адрас нашых студэнтаў.

Марыя ДЗЯДЗЮРА,
загадчык лабараторыі фармакалогіі:

— Для нас, выкладчыкаў, галоўнае — даць трывалыя веды па прадмеце. І для гэтага  іншы раз даводзіцца некаторых навабранцаў-каляджан прымушаць вучыцца. Затое, як здорава, калі рабяты па-сапраўднаму адчуюць інтарэс да вучобы!

За больш чым 30-гадовую працу ў каледжы давялося сустрэцца з многімі таленавітымі навучэнцамі, і кожны новы набор адкрывае чарговыя  таленты. Вось і цяпер нельга не захапляцца трэццякурсніцай-выдатніцай Ганнай Кунцэвіч. Прыемна, што ў мінулым годзе прадстаўнікі  нашага аддзялення занялі ІІІ месца ў рэспубліканскай алімпіядзе прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў  аддзяленняў ветэрынарнай медыцыны сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *