Такое кіно

17 снежня. Дзень беларускага кіно. Узгадваецца Юрый Тарыч і «Лясная быль», Уладзімір Корш-Саблін і яго шматлікія стужкі. Шмат акцёраў, рэжысёраў, гукааператараў, іншых людзей, хто ствараў, умацоўваў, сілкаваў айчынны кінематограф і працягвае гэта рабіць.
Не Галівуд? Так. Затое – «Беларусьфільм». А гэта Тураў, гэта Дашук, гэта Дзмітрый Арлоў… Кіно выхоўвае адносіны да людзей, нават да сябе, вызначае ўзровень вашай эмпатыі (усвядомленае суперажыванне эмацыйнаму стану іншага чалавека). Калі чуеш «не Галівуд», хочацца прапанаваць: «А паглядзіце «Вазьму твой боль», «У жніўні 44-га …», «Чорны замак Альшанскі». Іх здымаў наш зямляк Міхаіл Пташук. Той, што кранае, што прымушае думаць, а дакладней дадумваць, уяўляць, што дае штуршок, які пасля перарастае ў змястоўны вынік. Калі вы робіце выснову, а не вам прапануюць на экране гатовы варыянт… значыць, гэта можна па праве назваць – КІНО.

Прыемна, што Ляхавіччына мае непасрэднае дачыненне да падзеі, якая называецца Дзень кіно. Тут, у Федзюках, нарадзіўся беларускі сусветна вядомы кінарэжысёр, народны артыст БССР Міхаіл Пташук, тутэйшымі мясцінамі натхняўся, любіў іх бязмежна, вяртаўся сюды зноў і зноў. І ствараў кіно…. Кіно, што завецца сапраўдным. Яно не можа не кранаць.
А ў нашым райцэнтры адна з маладых вуліц названа ў гонар Пташука.
…Дарэчы, вы ведаеце, што сёння ідзе ў кінатэатры «Кастрычнік»? І, наогул, калі апошні раз куплялі білет, каб стаць гледачом – не на канапе перад тэлевізарам, а ў кіназале?
Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *